В 2018 году на территории Поставского района выявлено несколько фактов коррупции, возбуждено 4 уголовных дела

Важное Правовое поле

У чаканні прыгавораў

Злоўжыванне ўладай для атрымання выгады ў асабістых мэтах суправа­джае чалавецтва са старажытных часоў. Нягледзячы на тое, што гісторыя ведае нямала прыкладаў (часам вельмі жорсткіх) барацьбы з гэтым злом, яно не выкаранена па сённяшні дзень. У ХХІ стагоддзі карупцыя застаецца ў ліку актуальных праблем, уласцівых усім без выключэння краінам. У выніку яе дзяржавы недаатрымліваюць штогод 2,6 трыльёна долараў ЗША — суму, эквівалентную 5 працэнтам сусветнага валавога ўнутранага прадукту.

У Рэспубліцы Беларусь барацьба з карупцыяй з’яўляецца адной з важнейшых дзяржаўных задач. У краіне створана эфектыўная заканадаўчая база па барацьбе з ёй ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства, сфарміравана адзіная сістэма дзяржаўных органаў, якія займаюцца названай вышэй работай. У іх ліку органы ўнутраных спраў, якія выяўляюць сотні карупцыйных злачынстваў. Апошнія маюць месца і на Пастаўшчыне. Так, у 2018 годзе групай па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС на тэрыторыі раёна выяўлена некалькі фактаў карупцыі, па якіх узбуджаны 4 крымінальныя справы.

— У ходзе правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў выяўлены факт здзяйснення крадзяжу ў асабліва буйным памеры адным з работнікаў ДЛГУ “Пастаўскі лясгас”, — расказваў старшы оперупаўнаважаны ГБЭП райаддзела ўнутраных спраў маёр міліцыі Яўгеній Самсонаў. — На працягу 2017—2018 гадоў з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў ён украў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 145 тысяч рублёў, якія ў далейшым спісваліся на аб’ектах будаўніцтва лясгаса шляхам унясення несапраўдных звестак у акты выкананых работ. За гэта падазронаму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Таксама групай БЭП РАУС сумесна з супрацоўнікамі УБЭП упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама выяўлены шэраг карупцыйных злачынстваў у філіяле “Аўтатранспартнае прадпрыемства №17 г. Паставы”. Устаноўлена, што тут сістэматычна аказваліся паслугі па міжнародных перавозках прыватным кампаніям і індывідуальным прадпрымальнікам па цэнах, ніжэйшых за сабекошт, а таксама незаконна налічваліся і выплачваліся прэміі некаторым работнікам філіяла. У выніку прадпрыемству прычынены ўрон у памеры амаль 28 тысяч рублёў. За названае злачынства прадугледжана адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Да 6 гадоў турмы пагражае дзвюм адказным асобам Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, паколькі з 2016 года давалі незаконныя распараджэнні сваім падначаленым аб завышэнні аб’ёмаў тавараў, якія набываліся для пражываючых дома-інтэрната, з мэтай стварэння лішкаў грашовых сродкаў. Гэтыя грошы затым тра­ціліся на набыццё бытавой і аргтэхнікі, спіртных напіткаў, посуду і інш. Усяго такім чынам было набыта тавараў на суму каля 13 з паловай тысяч рублёў.

Яшчэ некалькі фактаў карупцыі датычаць атрымання хабараў службовай асобай Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету за непрыняцце мер па спыненні супраць­праўнай дзейнасці і за непрыцягненне вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці. Такія дзеянні цягнуць за сабой крымінальную адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Усе карупцыйныя злачынствы зараз знаходзяцца на расследаванні ў Пастаўскім і Глыбоцкім раённых аддзелах Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, а іх фігуранты чакаюць прыгавораў суда.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.