В новом формате прошло очередное заседание Молодежной палаты при районном Совете депутатов

Важное Местная власть

Удзел у яго рабоце прынялі старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Алена Рудніцкая, галоўныя спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Субко і раённага Савета дэпутатаў Алена Мінкевіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Вераніка Казлоўская.

На парадак дня былі вынесены два пытанні — прыняцце плана работы Маладзёжнай палаты на 2019 год і падвядзенне вынікаў дзейнасці за май-снежань 2018-га. Справаздачу аб дзейнасці маладых парламентарыяў трымала старшыня палаты Вікторыя Смятанка. Яна лаканічна расказала пра тое, што зроблена па асноўных кірунках: грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, арганізацыі вольнага часу і правя­дзенні культурна-масавых мерапрыемстваў для моладзі, пытаннях экалогіі, адукацыі і прафесійнай арыентацыі школьнікаў, развіцці валанцёрскага руху, наладжванні сувязей з грамадскімі арганізацыямі і СМІ, папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, прапагандзе здаровага ладу жыцця. Нароўні з папулярнымі праектамі і акцыямі сёлета ўпершыню прайшлі спартакіяда «Бег з перашкодамі», турыстычны злёт для вучнёўскай моладзі, праекты «#ЗаДело!», «Пабудуем лабірынт разам!». Таксама моладзь аказвала пасільную дапамогу прадстаўнікам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Беларусі, якія вялі палявыя пошукавыя работы паблізу вёскі Манькавічы. Ад імя членаў Маладзёжнай палаты Вікторыя выказала словы па­дзякі П. Курто, Ю. Кісялёву, А. Мін­кевіч за падтрымку, настаў­ніцтва і разуменне. А ў якасці бонусу юнакі і дзяўчаты ўручылі ўдзельнікам пасяджэння сувеніры, зробленыя ўласнаручна.

Не засталася без падарункаў і моладзь. Усім прысутным Пётр Курто ўручыў маляўнічыя паштоўкі і каляндарыкі на 2019 год.

— Вы задзейнічаны ва ўсіх значных мерапрыемствах, якія ладзяцца ў раёне, з’яўляецеся прыкладам для равеснікаў, — гаварыў Пётр Леанідавіч. — Нядаўна ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт нашай краіны ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам разнастайных сфер дзейнасці. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў: «За кожным высокім званнем, ордэнам, медалём — гісторыя чалавека. Чалавека-стваральніка, таленавітага, працавітага, адданага сваёй справе і краіне». Ваша гісторыя таксама ўжо пачалася. Спадзяюся, што праз пэўны час вы таксама заявіце пра сябе на ўсю Беларусь, а вашы старанні будуць адзначаны дзяржавай. Дзякуй за работу. Так трымаць!

Да яго пажаданняў далучыўся і Юрый Мікалаевіч, павіншаваў усіх з навагоднімі святамі. «Вы маеце вялікі патэнцыял. Мы шчыра верым у вас, спадзяёмся на вас», — рэзюмаваў.

Выступленне старшыні Маладзёжнай палаты дапоўніла Надзея Вартазаран, якая паведаміла пра дзейнасць пярвічкі ГА «БРСМ» Навасёлкаўскай СШ. А яна, перш за ўсё, накіравана на развіццё ў школьнікаў грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, маральнай і экалагічнай культуры, працавітасці.

Другая частка сустрэчы мела фармат салодкага стала і праходзіла ў рэстаране «Світанак». За кубкам гарбаты ўдзельнікі пасяджэння размаўлялі пра надзённае, абмяркоўвалі будучую сумесную работу, выпускнікі дзяліліся планамі адносна выбару прафесіі і навучальнай установы, старэйшае пакаленне шчодра давала ім парады.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара



Tagged