В отделе ЗАГС провели торжественную регистрацию брака на белорусском языке и под белорусские мелодии

Важное Общество

У ролі жаніха і нявесты Валерый Жукян і Наталля Арцімёнак

На ручнік стаць – век адно аднаго кахаць

22 снежня я трапіла на вяселле. Скажаце, якое вяселле, калі быў самы пост у католікаў і праваслаўных, а людзі зараз прытрымліваюцца рэлігійных традыцый. Тым не менш у той дзень у пастаўскім ЗАГСе адбылася ўрачыстая рэгістрацыя шлюбу.

Людміла Ціцянкова

Праўда, не сапраўдная, а паказальная. Па даручэнні загадчыцы ЗАГСа Аніты Несцяровіч падрыхтавала і правяла яе кіраўнік спраў Ярэўскага сельвыканкама Людміла Ціцянкова. Для таго каб паказаць сваім калегам з іншых сельскіх Саветаў раёна, запрошаных на ўрачыстасць, як хораша яна праходзіць на беларускай мове і пад беларускія мелодыі. Між іншым яны, калегі, таксама былі задзейнічаны ў цырымоніі ў розных ролях. Ну а галоўныя — жаніха і нявесты — выконвалі мастацкі кіраўнік Юнькаўскага СДК Валерый Жукян і кіраўнік спраў Дунілавіцкага сельвыканкама Наталля Арцімёнак.

  Людміла Ціцянкова, якая часова заняла месца загадчыцы ЗАГСа, са словамі беларускай прымаўкі «на ручнік стаць — век адно аднаго кахаць» запрашае іх ступіць на яго і пачынае цырымонію. У ёй усё, як і ў сапраўднай: прастаўленне подпісаў маладажонаў і ганаровых сведак, абмен пярсцёнкамі, хлеб-соль, шампанскае, першы сямейны вальс, віншаванні і падарункі. Як і належыць у такія хвіліны, маладыя прыкметна хвалююцца. Ды і як не хвалявацца, чуючы з вуснаў Людмілы Ціцянковай, напрыклад, такія словы: «Сёння вы радасна і ўрачыста берацеся за рукі, каб разам ісці па вялікай жыццёвай дарозе. Няхай жа вашымі пастаяннымі спадарожнікамі будуць праца, каханне, вернасць. Беражыце адно аднаго і сваё каханне. Няхай ваша шчасце будзе светлым і чыстым, як неба ў сонечны дзень».

А вось «мамы» «маладажонаў» адчувалі сябе больш упэўнена і абышліся без слёз, якія часта бываюць падчас сапраўднай рэгістрацыі шлюбу, і адарылі іх кранальнымі беларускімі вершаванымі віншаваннямі. Дзевяцігадоваму Мікіту Рабухіну пашчасціла паднесці жаніху і нявесце заручальныя пярсцёнкі, і ён паставіўся да ганаровай місіі з усёй сур’ёзнасцю.

Мікіта Рабухін

 Пасля завяршэння цырымоніі я пацікавілася ў «маладажонаў» іх уражаннямі. «Спадабалася! — адказаў Валерый. — Калі буду жаніцца, то абавязкова па-беларуску». «Ну а ваша адчуванне? — звяртаюся да Наталлі. — Не хацелася б у другі раз прыйсці ў ЗАГС?» «Навошта ж хадзіць сюды па некалькі разоў? — весела пажартавала тая ў адказ. — Дастаткова аднаго».

 Ну а калі сур’ёзна, паказальная рэгістрацыя шлюбу на беларускай мове спадабалася ўсім прысутным, у тым ліку і мне. А вы кажаце, якое вяселле ў пост…


Аніта Несцяровіч, загадчыца аддзела ЗАГС:

Самыя галоўныя каштоўнасці перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Мы — беларусы і павінны памятаць пра гэта, адраджаць і захоўваць абрады і традыцыі сваіх продкаў, шырэй выкарыстоўваць родную мову. Спадзяюся, што і цырымонія рэгістрацыі шлюбу па-беларуску будзе праводзіцца часцей як у ЗАГСе, так і ў сельскіх Саветах.


Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Tagged