Все радовались, что война закончилась. Воспоминания участника Великой отечественной войны Чеслава Масинкевича

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Фота з адкрытых крыніц

Баі былі жорсткімі

Пра ветэрана вайны Часлава Дамінікавіча Масінкевіча ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён» звестак няма. Яго ўспаміны захоўваюцца ў нашым школьным музеі. Імі і хачу падзяліцца з чытачамі газеты.

Нарадзіўся Ч. Д. Масінкевіч ў вёсцы Манькавічы ў 1914 годзе. Як і большасць яго землякоў, быў мабілізаваны толькі пасля вызвалення акупіраванай тэрыторыі. Баявую падрыхтоўку на працягу двух месяцаў праходзіў у Бабруйску, затым у складзе маршавай роты іх накіравалі ў Мінск, дзе фарміраваўся артылерыйскі корпус. На гэты час баявыя дзеянні ўжо ішлі на тэрыторыі Польшчы, куды іх і адправілі. У месцы прызначэння выкапалі зямлянкі, устанавілі гарматы, замаскіраваліся. Да наступлення рыхтаваліся 12 дзён. 14 лістапада Часлаў Да­мінікавіч упершыню прыняў удзел у баявых дзеяннях на фронце недалёка ад Варшавы. Артпадрыхтоўка вялася дзве гадзіны. Затым у наступленне пайшлі танкі, матацыклы, пяхота. Мясцовасць была гарыстая, лясістая. Гітлераўцы ўмацава­ліся на вышынях і ўпарта абараняліся. Бой быў жорсткі, але моцную абарону ўдалося прарваць, і вораг адступіў.

Дывізіён, у якім змагаўся Часлаў Масінкевіч, уваходзіў у склад 2-га Беларускага фронту. Падраздзяленнем камандаваў вядомы па Сталінградскай бітве генерал В. І. Чуйкоў. Перад кожным наступленнем да байцоў прыязджаў камандуючы фронтам маршал К. К. Ракасоўскі.

Асабліва памятным стаў штурм цытадэлі ў Познані. У дамах, што стаялі побач з умацаваннямі, таксама былі немцы. Пад іх агнём загінула шмат пехацінцаў, таму фарсіраваць раку Варта яны не змаглі. Артылерысты атрымалі загад адкрыць агонь у адказ. Часлаў Масінкевіч з баявымі сябрамі (баявы разлік складаў 15 чалавек) нацэлілі гармату на дом, які стаяў побач з цытадэллю. Пасля чатырох стрэлаў ад яго засталіся руіны, на якіх і замацаваліся пехацінцы. Але абаронцы цытадэлі, якая была абнесена бетонным валам-сцяной таўшчынёй у чатыры метры, прадаўжалі супраціўленне. Артылерыстам удалося разбіць вароты гэтага вала, але гітлераўцы не здаваліся. Нашым байцам паступіў загад перабрацца на процілеглы бок вала. З месца пачалі здымацца ноччу. Байцы па-пластунску падбіраліся да амбразур і кідалі ў іх дымавыя шашкі, гранаты. Затым вывелі са строю водаправод. І на наступны дзень групамі па 8 чалавек з паднятымі рукамі з цытадэлі пачалі выходзіць немцы. Яны здаліся. У палон было ўзята 24 тысячы гітлераўцаў. За той час, які дывізіён быў заняты ліквідацыяй Познаньскай цытадэлі, іх баявыя сябры ўжо выйшлі на раку Одэр.

Артылерыйскі корпус, у якім ваяваў Часлаў Масінкевіч, знішчальным агнём прыкрываў фарсіраванне чырвонаармейцамі ракі Шпрэе. Затым 20 хвілін білі па Берліне. А потым на пантонах пераправіліся праз раку. У гэты час жорсткія баі ішлі ў Мюнхене. Перамогу сустрэлі ў Берліне. У яго прадмесці і размяшчаўся корпус яшчэ некаторы час. Усе радаваліся, што вайна скончылася.

Пасля вайны Часлаў Дамінікавіч працаваў у калгасе “Запаветы Ільіча” брыгадзірам паляводчай брыгады. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За перамогу над Германіяй”, многімі іншымі.

Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.