Вся жизнь — в Сергеевичах… История заведующего фермы Сергея Чукина

Сельское хозяйство

Проста люблю сваю працу

«Будзеце ў Сяргеевічах, напішыце пра загадчыка фермы Сяргея Чукіна, — параіў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч. — Вельмі шчыры працаўнік».

— Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, — гаварыў пры нашай сустрэчы сам Сяргей. — Усё маё жыццё, за выключэннем вучобы ў тэхнікуме і службы ў арміі, праходзіць у Сяргеевічах. Жыву разам з бацькамі, люблю вёску і сваю працу.

У Лужаснянскім сельгастэхнікуме ён вучыўся па накіраванні тагачаснага калгаса «Радзіма». У 1996 годзе закончыў яго і стаў працаваць ветурачом на сяргеевіцкай ферме. А пасля прахо­джання тэрміновай воінскай службы маладога спецыяліста назначылі галоўным ветурачом гаспадаркі. Калі ж калгас далучылі да Пастаўскага мясакамбіната, гэта штатная адзінка была скарочана, і Сяргей вярнуўся на ферму ўжо ў якасці загадчыка і ветфельчара.

Дырэктар сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Андрэй Сарапененка, начальнік вытворчага аддзялення Алена Кісялёва, жывёлаводы не могуць ім нахваліцца. У тым, што на ферме няма падзяжу кароў і маленькіх цялятак, вялікая заслуга спецыяліста. Ён уважліва сочыць за станам жывёлы, вялікую ўвагу надае прафілактыцы захворванняў, а калі якая жывёліна ўсё ж такі захварэе, пра­вільна назначае і праводзіць лячэнне. Удзячныя ветфельчару і многія вяскоўцы не толькі сяргеевіцкай зоны, але і з суседніх вёсак Докшыцкага раёна. Яны звяртаюцца па дапамогу, калі захварэе жыўнасць, што ўтрымліваецца на падвор’і. Чукін не толькі прыедзе па выкліку, акажа дапамогу, але і пазвоніць назаўтра, пацікавіцца станам жывёліны, а ў самых складаных выпадках наведаецца зноў і зноў.

— Сярожа з дзяцінства любіў жывёлу, — узгадвае яго маці Ірына Рыгораўна. — Іншыя хлопчыкі гулялі ў машынкі ды пісталецікі, а Сярожу цікавей было паназіраць за цялятамі, парасятамі, іншай жыўнасцю, якой заўсёды трымалі шмат. Я ўвесь час працавала на ферме, і сынок ахвотна прыбягаў дапамагаць. Сваю прафесію выбраў зусім не выпадкова.

 З добрымі паказчыкамі завяршыў мінулы год калектыў сяргеевіцкай фермы. Сярэдні надой ад каровы на 615 кілаграмаў вышэйшы, чым быў атрыманы ў 2017-м, валавы вырас на 130 тон. Даярка Наталля Валюкевіч дабілася найвышэйшага ў гаспадарцы надою ад каровы — 3780 кілаграмаў. Атрымана 247 цялят, і ўсе яны захаваны. У важкіх дасягненнях заслуга ўсяго калектыву жывёлаводаў і іх кіраўніка.

 Тры гады назад Сяргей Чукін аказаўся на мяжы жыцця і смерці. У Пастаўскую цэнтральную раённую бальніцу ён трапіў з прабадной язвай страўніка. Стан пасля аперацыі быў настолькі цяжкім, што медыкі не давалі яго родным ніякай на­дзеі. Кіраўніцтва бальніцы прыняло рашэнне выклікаць спецыялістаў з вобласці. Агульнымі намаганнямі ўдалося выратаваць жыццё. А за месяц да таго, як ён трапіў у бальніцу, бяда напаткала бацьку — зламаў шыйку сцягна. Двума гадамі раней перанесла цяжкую аперацыю маці, а зараз яна амаль цалкам страціла зрок.

 Нягледзячы на тое, што ў хаце два інваліды, падвор’е Чукіных поўнае жыўнасці — трымаюць карову, цялушку, свіней, авечак, курэй, былі качкі, індыкі, трусы. Клопаты пра ўсіх ляжаць на плячах Сяргея, паколькі бацькі хворыя, а маладой гаспадыні ў хаце няма. «За працай не маю часу ажаніцца», — жартуе ён.

 А калі сур’ёзна, то вельмі шкада, што такі шчыры чалавек і нястомны працаўнік яшчэ не стварыў уласнай сям’і. Затое ён шчодра дорыць любоў роднай сястры і тром яе сынам і вельмі падтрымлівае іх матэрыяльна.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.