15 февраля в Поставском ЗАГСе зарегистрирован золотой брак поставчан Леонида и Дины Богушевич

Важное Общество

Залатыя юбіляры Дзіна Іванаўна і Леанід Станіслававіч Багушэвіч

Да залатога вяселля дайсці – не поле перайсці

15 лютага ў аддзеле ЗАГС Пастаўскага райвыканкама зарэгістраваны залаты шлюб пастаўчан Леаніда Станіслававіча і Дзіны Іванаўны Багушэвіч.

Загадчыца ўстановы Аніта Несцяровіч праводзіла цырымонію настолькі ўрачыста і кранальна, што слёзы праступалі на вачах не толькі «маладажонаў», але і іх дзяцей і ўнукаў.

Шлях да юбілейнай падзеі пройдзены даўжынёй у паўстагоддзя. У далёкія шасці­дзясятыя самым папулярным месцам знаёмстваў і сустрэч маладых людзей была танцавальная пляцоўка ў гарадскім парку. Там і прыглянулася 25-гадоваму вадзіцелю райсельгастэхнікі Леаніду прыгажуня Дзіна. Запрасіў на танец, а яна… адмовіла. Ды не ў характары настойлівага хлопца было пакрыўдзіцца і адступіцца. Зачасціў у магазін, дзе працавала Дзіна. Браў свежую сайку і заяўляў, што заплаціць толькі тады, калі яна згадзіцца патанцаваць з ім. Настойлівасць узяла сваё. Правёўшы пасля танцаў дзяўчыну дадому, Леанід аб’явіў ёй, каб заўтра чакала сватоў. Слова стрымаў. А праз месяц яны зарэгістравалі шлюб і згулялі ў рэстаране пышнае вяселле.

Праз год у маладой сям’і нарадзіўся першынец Сяргей. Пазней бацькі яшчэ два разы зведалі найвялікшую радасць з’яўлення на свет свайго працягу — дачушак Таццяны і Наталлі. Сям’я разраслася, а жылі разам з бацькамі, і, канешне ж, было цеснавата. Таму прынялі рашэнне будаваць дом. Было шмат працы і матэрыяльных выдаткаў. Будаваліся і абуладкоўвалі сваё жыллё, выхоўвалі дзяцей, жылі ў пастаянных клопатах. Цяжкасцей хапала, але пераадольвалі іх разам. Для Леаніда і Дзіны характэрныя такія рысы, як працавітасць і настойлівасць, узаемапавага, уменне саступіць адно аднаму, клопат пра дзяцей і ўнукаў. Сёння па мосце сям’і Багушэвіч, перакінутым у будучае, ідуць трое іх дзяцей, адзінаццаць унукаў і чацвёра праўнукаў. Сын Сяргей — вадзіцель. Дачка Таццяна — дамашні выхавальнік, разам з мужам Юрыем выхоўваюць пяць сваіх дзяцей і шэсць прыёмных. Наталля — вядучы таваразнаўца райспажыўтаварыства. «Толькі бацькоўская заслуга ў тым, што ў нас вельмі моцныя роднасныя сувязі, — адзначалі яны. — Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Якія б падзеі, радасныя або трывожныя, ні адбываліся ў жыцці, мы — сям’я».

На ўрачыстай цырымоніі начальнік аддзела ЗАГС зачытала, а потым уручыла залатым юбілярам віншаванне ад старшынь райвыканкама і райсавета дэпутатаў. Затым іх цёпла віншавалі дзеці і ўнукі, кветкі і падарунак уручыла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства Людміла Касцюкова (Багушэ­вічы — ветэраны арганізацыі: яна не адзін дзясятак гадоў адпрацавала прадаўцом, ён — вадзіцелем хлебавозкі). На цырымоніі ўсё было так, як і 50 гадоў назад: кветкі, падарункі, шампанскае, сямейны вальс. А перад тым як запрасіць сужонкаў падняцца на сцэну і паставіць подпісы ў самай шчаслівай кнізе нашага горада — кнізе рэгістрацыі сярэбраных і залатых юбіляраў, Аніта Францысаўна звярнулася да іх з пытаннямі: «Леанід Станіслававіч, ці ўдзячныя вы лёсу, што звязаў вас з Дзінай Іванаўнай?», «Дзіна Іванаўна, вы шчаслівыя ісці адной дарогай з Леанідам Станіслававічам?». Абое прамовілі цвёрдае «так!».

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.