22 февраля в Поставах состоялись торжества по случаю Дня защитников Отечества и Вооруженных Сил Беларуси

Главное Общество

Свята мужнасці і гераізму

22 лютага ў райцэнтры адбыліся ўрачыстасці з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі

Даніна памяці

Пачаліся яны з ускладання вянкоў і кветак да помніка загінулым воінам у скверы на плошчы імя Леніна і да брацкай магілы па вуліцы Чырвонаармейскай. Прадоўжыліся мерапрыемствы ў раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Звяртаючыся да прысутных падчас урачыстага сходу, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў адзначыў, што гэта свята — знак найглыбейшай павагі да абаронцаў Айчыны, сімвал непарыўнай сувязі і пераймальнасці найлепшых воінскіх традыцый, даніна памяці і ўдзячнасці ўсім пакаленням ваеннаслужачых. Свята тых, хто свае сілы, талент, веды і ўменні аддае служэнню Радзіме і яе абароне. У пастаўчан асаблівае стаўленне да гэтага свята, паколькі наш горад добра вядомы як месца, дзе заўсёды дыслацыраваліся воінскія фарміраванні. Прафесія ваеннага ў нас была і застаецца ў вялікай пашане.

Падчас ускладання вянкоў да помніка па вуліцы Чырвонаармейскай

— У 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівыя словы падзякі выказваем ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, на долю якіх выпалі суровыя выпрабаванні. Яны захавалі вернасць франтавому братэрству, высокі патрыятызм, годнасць, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Шмат нягод выпала і на долю воінаў-інтэрнацыяна­лістаў. Для іх Афганістан стаў сапраўднай школай мужнасці і гераізму, выпрабаваннем сіл. Карыстаючыся выпадкам, віншую старшыню раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерыя Лушчыка, які Указам Прэзідэнта Беларусі за значныя дасягненні ў грамадскай дзейнасці, асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху і патрыятычнае выхаванне моладзі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Жадаю міру, дабра, шчасця, здароўя і даўгалецця ветэранам, дабрабыту, паспяховай службы салдатам, прапаршчыкам і афіцэрам. Няхай гэта свята адважных і мужных людзей заўсёды будзе мірным і радасным.

Стаяць на варце міру

Нястомна шліфуюць воінскае майстэрства, выхоўваюць маладых салдат у духу высокага патрыятызму на слаўных традыцыях бацькоў і дзядоў, пільна стаяць на варце мірнай стваральнай працы вайскоўцы воінскіх часцей, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі нашага раёна. Людзі ў пагонах — надзейны шчыт суверэнітэту і незалежнасці нашай Радзімы.

З верасня мінулага года на базе 1-й асобнай эскадрыллі пагранслужбы разгорнута воінская часць 74384.  Перад ёй стаіць складаная і адказная задача, з якой ваеннаслужачыя паспяхова спраўляюцца.

Аператыўная абстаноўка на ўчастку пагранічнай камендатуры «Паставы» носіць стабільны і прагназуемы характар. Супрацьпраўная дзейнасць спыняецца прафесійнымі дзеяннямі пагранічнікаў.

На ўчастку камендатуры затрымана каля 100 парушальнікаў Дзяржаўнай граніцы, спынена 5 спроб незаконнага перамяшчэння праз граніцу таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, канфіскаваны з незаконнага абароту 2 адзінкі агнястрэльнай зброі і 96 боепрыпасаў.

Ганаровую грамату райвыканкама начальніку пагранзаставы «Ярэва» Расціславу Каламацкаму ўручае Юрый Кісялёў

Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за мінулы год шпіталь прызнаны найлепшай воінскай часцю органаў пагранслужбы. Выкананы план службовай дзейнасці. У стацыянары пралечана больш за 3 тысячы пацыентаў, на амбулаторна-паліклінічны прыём прынята больш за 31 тысячу пацыентаў. За гэтымі лічбамі стаіць карпатлівая праца прафесіяналаў.

Асабовы склад 1-га радыётэхнічнага цэнтра ахоўвае Дзярж­граніцу ў паветранай прасторы, у мірны час выконвае баявую задачу. За ўвесь перыяд дыслакацыі ў зоне адказнасці цэнтра не было дапушчана парушэнняў паветранай граніцы. Па выніках нясення баявога дзяжурства РТЦ заняў 1-е месца сярод падраздзяленняў 49-й радыётэхнічнай брыгады.

На прадстаўнікоў сістэмы МУС і Камітэта дзяржаўнай бяспекі ўскладваюцца задачы па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі. І з гэтай задачай нашы сілавікі спраўляюцца выдатна.

У найлепшых традыцыях

Энергія і аптымізм, мужнасць і трываласць, беззапаветная любоў да роднага краю сталі той маральнай асновай, на якой выхоўваецца сучасная моладзь. На працягу многіх гадоў у райцэнтры працуе ваенна-спартыўны клуб «Азімут» пад кіраўніцтвам Сяргея Сядых. Яго выхаванцы — фізічна моцныя і маральна ўстойлівыя маладыя людзі, якія, безумоўна, з’яўляюцца годнай зменай.

Чацвёрты год у СШ №4 функцыянуе ваенна-патрыятычны клас. Яго вучні маюць выдатную фізпадрыхтоўку, удзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі і яскравым прыкладам для сваіх равеснікаў. У бягучым навучальным годзе на базе 9 класа гэтай навучальнай установы сфарміраваны яшчэ адзін ваенна-патрыятычны клас. Таксама школа пры падтрымцы ветэранаў ракетных войск і іншых неабыякавых людзей праводзіць актыўную работу па стварэнні музея. Цудоўны музей працоўнай і баявой славы дзейнічае ў СШ №2.

Значную сістэмную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўцы дапрызыўнікоў і папулярызацыі службы ў арміі ажыццяўляе раённы ваенны камісарыят. Штогод наш раён выконвае план паступлення ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы, і гэтым мы заўсёды выгадна адрозніваліся ад іншых рэгіёнаў Віцебскай вобласці. Больш за 30 гадоў прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раённы савет ветэранаў. Вялікую работу па патрыятычным выхаванні насельніцтва праводзяць народны хор ветэранаў і клуб «Памяць», які дзейнічае пры ім. Кіруе хорам шмат гадоў выдатны арганізатар, музыкант, ваенны чалавек Павел Рагіня.

Брава!

Акцёрскім талентам і крэатывам «узарвалі» залу ўдзельнікі шоу-праграмы «Цудоўная пяцёрка». Падчас трох конкурсных заданняў прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў (каманда — «Сірэна закону»), Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС («Начныя совы»), цэнтральнай раённай бальніцы («Выбухны зарад») і абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь» («Дзяўчаты на ўзво­дзе») спрачаліся за сімпатыю гледачоў, якія і выбіралі пераможцу. Скажу адно: гэта трэба было бачыць! Настолькі творча падышлі каманды да самапрэзентацыі падчас візітнай карткі і хатняга задання, у якім у жартоўнай форме адлюстравалі свае службовыя абавязкі. Сапраўдным парадам талентаў стаў музычны конкурс, прымеркаваны да Года малой радзімы і юбі­лея Пастаў. Асабіста я засталася ў захапленні ад выступлення міліцыянераў. Што да іх інтэрпрэтацыі «Мухі-Цакатухі» (аматаркі выпіць, прысвоіць сабе чужыя грошы, гульнуць на іх з бесшабашнымі сябрамі), то, без перабольшання, гэта быў міні-шэдэўр.

Глядзельная ж зала аддала перавагу «Дзяўчатам на ўзводзе». Другое месца заняла каманда «Сірэна закону», трэцяе — «Выбухны зарад». Пераможцы ўзнагароджаны граматай райкама БРСМ і падарункам ад РАС ДТСААФ. Каманды «Сірэна закону» і «Выбухны зарад» — падзякамі і падарункамі. «Начныя совы» заахвочаны падзякай і сертыфікатам на наведванне басейна, рускай і турэцкай лазні. Усе каманды атрымалі білеты ад РДК на канцэрт ансамбля «Сябры».

Таксама гледачоў радавалі выступленні ансамбля барабаншчыц, цыркавой студыі «Каскад», танцавальнага калектыву «Карамелькі» і саліста групы «25 плюс-мінус» Пятра Караля.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.