«27 лет отдала ферме». Станислава Антоновна Савич — бывшая передовая доярка колхоза «Слава»

Общество Сельское хозяйство

Мы – даўнейшага выпуску

Станіслава Антонаўна вярнулася з Пастаў дадому засмучанай. Ездзіла ў бальніцу наведаць дзвюх аднавясковак. Адна ідзе на папраўку, а вось другую прыкаваў да ложка інсульт…

– Нас засталіся ўсяго чатыры карэнныя жыхаркі Салаўёў, — гаварыла са шкадаваннем. — А калісьці такая вёска была! Колькі хлапцоў і дзяўчат! Якія цярэшкі, маёўкі ладзілі! Як шмат працавалі!

Пра тое, як вяскоўцы працавалі ва ўжо далёкія гады, я і мела намер пагаварыць з ёй, былой перадавой даяркай калгаса «Слава».

—      27 гадоў аддала ферме, — узгадвала Станіслава Антонаўна Савіч. — Спачатку на месяц замяніла даярку, якая вучылася завочна і паехала на экзаменацыйную сесію, а потым прызначылі на пастаянную групу, прытым першацёлак. Як жа цяжка было іх раздойваць! Але я вельмі старалася.

 У той час групы фарміраваліся невялікія — у сярэднім па 15 кароў. Але ўсю работу даводзілася выконваць уручную, паколькі механізмаў на фермах не было. «Даілі тры разы ў дзень, працягвала расказ Станіслава Антонаўна. — Мяхамі цягалі сечку і раздавалі каровам. Буракі і бручку вазілі тачкамі і стараліся нагрузіць іх як мага паўней, каб лепш накарміць кароў, а значыць і надаіць больш малака. Але не заўсёды кармоў нарыхтоўвалі ў калгасе дастаткова. Бывала, што толькі салому, перамяшаную са снегам, падвозілі да фермы. Плакаць хацелася, гледзячы на такі корм. Шмат клопатаў мелі з ахаладжэннем малака. Зімой мужчыны наразалі тоўсты лёд і змяшчалі яго ў хлявы на захоўванне.

А летам даяркі на насілках пераносілі ў чаны і ставілі на яго бітоны з малаком, а то пагружалі іх у сажалку з халоднай вадой. Калі з’явіліся механічныя даілкі, палягчэла. «Але ж мы, тагачасныя даяркі — даўнейшага выпуску, — вобразна зазначае Антонаўна. — Да сваіх абавязкаў адносіліся вельмі адказна. — Кожную карову дадойвалі ўручную».

Першы год яе працы на ферме была ўраўнілаўка — даяркам плацілі штомесяц па 25 рублёў. Потым сталі налічваць зарплату ў залежнасці ад атрыманай прадукцыі. Па надоях малака Станіслава Савіч звычайна займала першыя месцы не толькі па сваёй ферме, але і па калгасе. Пра яе працоўныя заслугі сведчаць узнагароды — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, цэлая каробка знакаў «Ударнік пяцігодкі» і «Пераможца спаборніцтва», шмат грамат. І ў прэзідыумах сядзела, і дэпутатам сельскага Савета некалькіх скліканняў выбіралася…

Усё гэта ў далёкім мінулым. Ужо шмат гадоў Станіслава Антонаўна на пенсіі, і ўклад яе жыцця іншы. Даўно страціла мужа, які да выхаду на пенсію працаваў у калгасе трактарыстам і таксама быў на добрым рахунку. «У свой час у вёсцы жартавалі, што я выйшла замуж за француза, — жанчына вяртаецца ва ўспамінах у сваю маладосць. — Бацькі Люцыяна з тутэйшых мясцін, але выязджалі ў Францыю на заработкі, і там нарадзілася ажно шасцёра дзяцей. Усяго ж іх мелі дзявяцера. У 1947-м сям’я вярнулася на радзіму, дзе ўсім спаўна хапіла беднасці і гора».

Калі мужаў век быў кароткім (ён памёр у 65), то маці Станіславы дажыла да 95-ці. «Мамы не стала два гады таму, і хата апусцела, — прызнаецца дачка. — Яна ўвесь час жыла разам са мной, і толькі на 10 дзён зусім злягла. Праўда, да гэтага ўзнікалі праблемы з памяццю, але ж гэта родны чалавек. Дзякаваць Богу, у мяне добрыя дзеці і ўнукі, заўсёды падтрымлі­ваюць, тэлефануюць, прыяз­джаюць, дапамагаюць упраўляцца з работай».

Дачка Станіславы Антонаўны жыве з сям’ёй у Армавіры. А вось сын Славік уладкаваўся ў Паставах. «Не перастаю дзякаваць Богу за нявестку Таню і яе бацькоў, — кажа Антонаўна. — Людзі надзвычай добрыя. Калі дачка можа прыехаць да мяне толькі ў водпуск, то сын з нявесткай і два пастаўскія ўнукі наведваюцца пастаянна. Ну а звоняць усе. І калі, бывае, куды адлучуся і не адкажу па хатнім або мабільным тэлефоне, пачынаюць біць трывогу».

 Безумоўна, Станіславай Антонаўнай даражаць і дзеці, і ўнукі. Як і тое, што яна ва ўсім з’яўляецца для іх прыкладам.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.