А мэта застаецца ранейшай

Важное Общество

1 лютага бягучага года ўступіла ў сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №22 «Аб прызнанні знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы». Пра тое, як у адпаведнасці з яе патрабаваннямі будзе весціся работа па абароне жыцця і здароўя дзяцей, карэспандэнт «Пастаўскага краю» Фаіна Касаткіна гутарыць з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Марынай Нагановіч.

— Марына Паўлаўна, вышэйназванай пастановай зменшаны спіс крытэрыяў, па якіх можна прызнаць, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (далей — СНС).

— Так, зараз асноўных крытэрыяў тры. Першы — бацькі не задавальняюць жыццёвыя патрэбы дзіцяці (пакідаюць без яды, перашкаджаюць атрыманню абавязковай агульнай базавай адукацыі, сістэматычна не выконваюць рэкамендацыі медработнікаў па дыягностыцы, лячэнні або медыцынскай рэабілі­тацыі дзіцяці, што пагражае яго жыццю і здароўю). Другі — не забяспечваюць кантроль за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, у выніку чаго дзіця здзяйсняе правапарушэнні (улічваецца прыцягненне дзіцяці да 14 гадоў да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года, а пасля 14-ці — да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці). Трэці — вядуць амаральны лад жыцця, жорстка абыходзяцца з дзіцем, ствараючы пагрозу для яго жыцця і здароўя, злоўжываюць алкаголем і наркотыкамі.

— Як ажыццяўляецца працэдура прызнання знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы?

— Пасля ўступлення ў дзеянне пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №22 тут таксама змяніўся падыход. Да гэтага такімі прызнавалі дзяцей саветы па прафілактыцы, якія дзейнічаюць пры кожнай установе адукацыі. Дзейнічаюць яны і зараз, але не выносяць канчатковага рашэння, а накіроўваюць сабраныя матэрыялы на разгляд каардынацыйнага савета, створанага пры райвыканкаме. Пасяджэнні савета будуць праводзіцца два разы ў месяц. Аб’ём яго работы павялічваецца ў разы. У сувязі з гэтым расшыраны склад савета. Зараз у яго ўваходзіць 21 чалавек. Узначальвае  намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Савет па вы­ніках аналізу выканання бацькамі і дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі планаў мерапрыемстваў па стабілізацыі сітуацыі ў сям’і можа прымаць адно з наступных рашэнняў: аб унясенні змен і дапаўненняў у рашэнне аб прызнанні знаходжання дзяцей у СНС, у тым ліку аб уключэнні дадатковых мерапрыемстваў, змяненні тэрмінаў іх выканання і адказных асоб; аб пастаноўцы на ўлік; аб накіраванні ў камісію па справах непаўналетніх хадайніцтва аб неабходнасці прызнання дзіцяці маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне; аб спыненні выканання рашэння аб прызнанні знаходжання дзіцяці ў СНС або аб зняцці з уліку, калі прычыны дрэннага сямейнага становішча ўхілены.

— Марына Паўлаўна, які тэрмін прадастаўляецца бацькам на выпраўленне сітуацыі?

— З дня прызнання знаходжання дзіцяці ў СНС бацькі на працягу шасці месяцаў працуюць над ліквідацыяй прычын і ўмоў, з-за якіх дзіця аказалася ў такім становішчы. Адзін раз у тры месяцы на пасяджэнні савета будзе разглядацца пытанне аб ходзе выканання бацькамі і адказнымі асобамі вызначаных мерапрыемстваў. Пасля чаго будзе прымацца адпаведнае рашэнне.

— З лёгкім сэрцам здымаеце сем’і з уліку?

— Не заўсёды, бо нярэдка даводзіцца сутыкацца з тым, што становішча ў сям’і выпраўляецца часова, а потым дзіця зноў аказваецца ў СНС, яшчэ горш —будзе мець патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і гэта вельмі засмучае. Але ёсць і такія прыклады, калі аднойчы трапіўшы на ўлік, бацькі робяць належныя высновы, і мы ў далейшым сустракаемся з імі падчас правя­дзення мерапрыемстваў, акцый, радуемся іх поспехам.

— Але ці заўсёды вінаваты толькі бацькі? Магчыма, неспрыяльна склад­­ваюцца жыццёвыя абставіны…

— Пра абставіны скажу так. Бывае, што бацькі — інваліды або цяжкахворыя і, зразумела, па гэтай прычыне не могуць у поўнай меры выконваць свае абавязкі. Калі ж чалавек здаровы, то што можа перашкодзіць яму працаваць, падтрымліваць парадак дома, клапаціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне і выхаванне дзяцей? Але ж знаходзяцца і такія, якія не толькі не працуюць, але нават дзяржаўную дапамогу на дзяцей трацяць не па прамым яе прызначэнні. Узгадаю нядаўні факт. Сям’я атрымала дапамогу на чацвёртае народжанае дзіця і купіла за гэтыя грошы… аўтамашыну. Прычым ні бацька, ні маці не маюць вадзіцельскіх правоў, ён не працуе, жывуць на здымнай кватэры. Што гэта, як не бяздумнасць і безадказнасць перад дзецьмі? Або вось такая сітуацыя. Маладую маці з дзіцем прытуліла ў сябе яе родная цётка — пасяліла ў другой палове дома. Патрабаванне прад’явіла толькі адно — весці прыстойны лад жыцця. Маладзіца жадала іншага і пайшла да сужыцеля, потым — да другога. Урэшце яе дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, і вялікая верагоднасць, што жанчына бу­дзе пазбаўлена мацярынскіх правоў. Дык якія тут цяжкія жыццёвыя абставіны? Людзі самі ствараюць іх сабе.

— Некаторае звужэнне крытэрыяў прызнання знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы не расслабіць безадказных бацькоў? Магчыма, яны палічуць, што прэтэнзій да іх не можа быць.

— Не расслабіць. Дзяржаўныя і грамадскія органы, якія стаяць на варце жыцця і здароўя дзяцей, ніколі не патуралі і не будуць патураць такім бацькам. Кантроль за нядобранадзейнымі сем’ямі па-ранейшаму застанецца жорсткім.


На 1 лютага бягучага года ў раёне 137 дзяцей з 71 сям’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 22 дзіцяці з 12 сем’яў маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.



 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.