Без права на асечку

Спорт

“Атлант” (Паставы) — РДВАР-2003 (Мінск) — 3:0, 3:2
1 дзень. 3:0 (25:22; 25:20; 25:19).
2 дзень. 3:2 (21:25; 25:20; 25:20; 20:25; 20:18).

Сапернік прыехаў у Паставы ў прыўзнятым настроі, бо напярэдадні група яго лідараў у Гродне ў складзе зборнай Мінска выдатна згуляла на папярэднім этапе турніру Алімпійскіх дзён моладзі Беларусі, дзе “ўсухую” выйграла ўсе сустрэчы з аднагодкамі з іншых абласцей краіны. Маладыя мінчане з’яўляюцца базавым клубам юнацкай зборнай Беларусі (U-16) і вядуць падрыхтоўку да рашаючага адборачнага раўнда за выхад у фінал чэмпіянату Еўропы ў групе Е, дзе ім будуць супрацьстаяць каманды Чарнагорыі, Грэцыі і Аўстрыі.

Да нас  госці прыехалі без траіх сваіх асноўных ігракоў, але і пастаўчане страцілі мінімум на паўгода свайго капітана і распасоўшчыка Арцёма Караля. На шчасце, камандаванне вайсковай часці, дзе зараз служыць дублёр Арцёма Дзмітрый Аксёненка, зноў пайшло насустрач і адпусціла яго на важныя гульні. Першая сустрэча праходзіла ва ўпартай барацьбе. Больш вопытныя гаспадары ў канцоўках не памыляліся. У рашаючы момант трапна атакаваў першым тэмпам Віталь Варанец, шмат клопатаў мінчанам даставілі Андрэй Казлоўскі, вопытны Андрэй Русак і дэбютант Максім Іваноў. Пайшлі моцныя сілавыя падачы і розыгрышы камбінацый у Д. Аксёненкі, што і прынесла “Атланту” заслужаную перамогу ў першым матчы.

У паўторным паядынку пастаўчане зрабілі некалькі перастановак, з задняй лініі на пазіцыю дыяганальнага лібера перавялі Пятра Марцінкевіча і Яна Сакалоўскага. Аднак мінчане прыкметна ўзмацнілі гульню на блоку і ў абароне, завалодалі ініцыятывай і ўпэўнена выйгралі стартавы сэт. У наступных дзвюх партыях дамінавалі пастаўчане і былі блізкія да перамогі, бо ў 4-м сэце мелі камфортную перавагу — 10:4. У гэты момант галоўны трэнер гасцей Сяргей Лютынскі ўзяў тайм-аўт і прымусіў падапечных выканаць шэраг інтэнсіўных фізічных практыкаванняў.

Наша каманда дарэмна палічыла, што гульня ўжо зроблена, страціла канцэнтрацыю, за што ледзь не паплацілася. У выніку барацьба дайшла да пятай, скарочанай і вельмі нервовай, партыі. Гульня зацягнулася, а гаспадары засталіся без свайго звязуючага Д. Аксёненкі. Яго замяніў 15-гадовы Даніла Балгоў і не падвёў сваю каманду. Пастаўчане дагналі мінчан, выйшлі наперад і вырвалі перамогу, што вывела “Атлант” на 3-е месца ў турнірнай табліцы.

За два туры да заканчэння папярэдняга раўнда першынства камандам засталося згуляць па чатыры матчы. У бліжэйшыя выхадныя, 23—24 лютага, “Атлант” дома павінен двойчы перамагчы полацкі “Стралец-ПДУ”. А калі аршанцы прайграюць дома гомельскай “Энергіі-2“, то пастаўчане могуць датэрмі­нова выйграць мінімум бронзавыя медалі.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.