Быць прыгранічным раёнам – вялікая адказнасць

Важное Местная власть Правовое поле

Максім Бутранец уручае юбілейны медаль Сяргею Чэпіку

Такое меркаванне выказаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік падчас нарады па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Пастаўшчыны, якая адбылася на гэтым тыдні ў райвыканкаме.

Пацвердзіў гэту думку намеснік кіраўніка раёна па сацыяльных пытаннях Юрый Кісялёў. Ён падрабязна праінфармаваў прысутных пра вынікі работы ў гэтым напрамку за мінулы год. Адзначыў сістэмнасць і комплекснасць мер, якія прымаюцца ў нашым рэгіёне для рэалізацыі пагранічнай палітыкі. У прыватнасці, каб дзейнасць усіх суб’ектаў была скаардынаванай, рэгулярна адбываюцца службовыя нарады з удзелам камандавання Смаргонскай пагрангрупы, прадстаўнікоў райвыканкама, дарожных арганізацый, старшынь сельскіх Саветаў, камандзіраў добраахвотных дружын. Дарэчы, у нашым раёне ў склад дружын па аказанні дапамогі ў ахове Дзяржаўнай граніцы органам пагранічнай службы ўваходзяць больш за 30 чалавек з ліку мясцовых жыхароў прыгранічных сельсаветаў: Ярэўскага, Лынтупскага, Камайскага, Курапольскага. У калектыўных дагаворах арганізацый, у якіх яны працуюць, прапісаны меры заахвочвання. Штогод раёнам вы­дзяляюцца фінансавыя сродкі на ўдасканаленне аб’ектаў прыгранічнай інфраструктуры і падтрыманне іх у належным стане.  Вялікая ўвага надаецца ідэала­гічнаму забеспячэнню рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі. Сюды адносіцца работа ваенна-патрыятычных класаў, створаных на базе СШ №4, трох атрадаў сяброў пагранічнікаў, у якіх займаюцца 53 пастаўскія школь­нікі, а таксама дзейнасць Лынтупскай яслі-сад—сярэдняй школы, якой разам з пагранзаставай імя Пустэльнікава распрацаваны праект шостага школьнага дня. У рамках яго праводзіцца вялікая работа ў тым ліку і па навядзенні парадку на воінскіх пахаваннях. Цудоўны прыклад работы па рэалізацыі пагранічнай палітыкі ў раёне дэманструюць БРСМаўцы. Пастаўскі райкам гэтага грамадскага аб’яднання па выніках работы за 2018 год адзначаны Падзякай Смаргонскай пагрангрупы, а пярвічка пагранкамендатуры «Паставы» другі год запар прызнаецца лепшай сярод іншых у Смаргонскай пагрангрупе.

Свой аналіз работы за мінулы год па ўзаемадзеянні з органамі мясцовага кіравання і самакіравання прадставіў начальнік Смаргонскай пагранічнай групы Максім Бутранец. Ён канстатаваў, што асноўныя мерапрыемствы, запланаваныя ў Пастаўскім раёне па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на 2018 год, выкананы. Па­дзякаваў усім, хто быў у гэтым задзейнічаны, і ўручыў медалі «100 год органам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, старшыні Лынтупскага сельскага Савета Аляксандру Макаранку і дырэктару ААТ «Ярэва-агра» Раману Вырвічу. Таксама за аказаную дапамогу ў абсталяванні Дзяржаўнай граніцы і развіцці інфраструктуры пунктаў пропуску асобна адзначыў намесніка дырэктара УП ЖКГ Фёдара Танану.

Максім Бутранец спыніўся і на некаторых перспектыўных пытаннях узаемадзеяння з органамі мясцовай улады на бягучы год. Сярод іх мерапрыемствы па ўмацаванні колькаснага і якаснага патэнцыялу воінскіх часцей, якія дыслацыруюцца на Пастаўшчыне. Гэта прадугледжана адпаведным рашэннем Прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка 4 студзеня пры зацвярджэнні рашэння аб ахове Дзяржграніцы органамі пагранічнай службы ў 2019 го­дзе адзначыў, што з-за шэрага фактараў, якія негатыўна ўплываюць на нацыянальную бяспеку краіны, неабходна павялічыць штатную колькасць Дзярж­пагранкамітэта.

Начальнік Смаргонскай пагранічнай групы таксама расказаў пра аператыўную абстаноўку на ўчастку адказнасці дадзенай вайсковай часці, у цэлым ахарактарызаваўшы яе як стабільную і кантралюемую. Разам з тым за мінулы год смаргонскімі пагра­нічнікамі былі затрыманы 778 парушальнікаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб Дзяржаўнай граніцы. Кожны  дзясяты — на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Адным з дэстабілізуючых фактараў Максім Бутранец назваў актывізацыю нелегальнай міграцыі. Сярод затрыманых былі грамадзяне такіх краін, як Гана, Сенегал, Гвінея, Тога, Куба, Турцыя, Шры-Ланка, Пакістан, Нігерыя, В’етнам, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Узбекістан, Літва. Мелі месца спробы незаконнага перамяшчэння праз граніцу зброі (28 адзінак) і боепрыпасаў (157), таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, перш за ўсё тытунёвых вырабаў (спынена 187 спроб на суму больш за 800 тысяч рублёў). Асобнае месца займае незаконнае перамяшчэнне наркатычных сродкаў. І калі ўчастак граніцы Смаргонскай пагрангрупы заставаўся адносна спакойным у гэтым плане, то ў цэлым пагранічнае ведамства Рэспублікі Беларусь на працягу 2018 года затрымала рэкордную ў сучаснай гісторыі колькасць наркотыкаў — звыш 450 кілаграмаў.

На сумеснай нарадзе з улікам узаемных прапаноў быў зацверджаны пратакол даручэнняў, рэалізацыя якіх накіравана на далейшае ўдасканаленне работы па правядзенні дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Пастаўскага раёна.

Людміла Зелянкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.