Что привлекает лосей на дорогу? Как себя вести при встрече с ними? Комментарий специалиста

Важное Общество

З надыходам зімы пачасціліся выхады на праезную частку ласёў. Зрэшты, як і аварый з іх удзелам, у тым ліку са смяротным зыходам. Гінуць і людзі, і жывёлы. Што так вабіць ласёў на дарогу, а таксама як сябе паводзіць пры сустрэчы з імі, тлумачыць дырэктар Пастаўскай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Дзімітрый Крук:

— Выхад ласёў на дарогу звязаны з перыядам сезоннай міграцыі: як толькі выпадае снег, жывёлы пачынаюць пакідаць летнія месцы пражывання. Напрыклад, калі ў цёплую пару года яны аддаюць перавагу балотам, то ў халодную — хвойным лясам. Звязана гэта з тым, што на «летніх кватэрах» становіцца немагчыма знайсці сабе ежу. Апроч таго, лёд на балоцістых участках рэжа ім ногі. На шляху міграцыі ласёў, калі яны пераходзяць з аднаго ўчастка лесу ў іншы, пралягаюць у тым ліку і аўтамабільныя дарогі.

Яшчэ адна прычына, па якой дзікую жывёлу можна сустрэць на дарозе, — соль. Дакладней, яе сумесь з рэагентамі, якімі дарожнікі апрацоўваюць праезную частку. Часцінкі сумесі асядаюць на прыдарожных кустах і з’яўляюцца для ласёў сапраўдным ласункам. Каб адцягнуць увагу жывёл ад дарог, лесапаляўнічыя гаспадаркі — у нашым раёне іх чатыры — робяць у лесе падкормавыя пляцоўкі з саланцамі. А паколькі ласі з задавальненнем «сталуюцца» карой асіны, то спілоўваецца дрэва менавіта гэтай пароды, у ствале робіцца выемка, у якую і закладваецца соль. Канструкцыя нечым нагадвае мініяцюрную начоўку. Бываюць саланцы і ў выглядзе слупка. У гэтым выпадку соль насыпаецца ў выемку зверху.



Найбольшае «паломніцтва» ласёў у Пастаўскім раёне назіраецца на ўчастку дарогі Камаі—Субачы і на трасе Полацк—Вільнюс (ад вёскі Груздава да вёскі Салаўіха).



Рапс таксама з’яўляецца прысмакам для ласёў. Аднойчы зімой на полі, засеяным рапсам, я бачыў адразу 16 асобін. Для халоднай пары года гэта нармальна, бо зімой ласі збіваюцца ў статкі. А вось летам гэта адзіночныя жывёлы.

Толькі з пачатку года ў нашым раёне зафіксавана 4 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам казуль, дзікоў і ласёў. Пры сутыкненні нават з маленькай казуляй, якая важыць 25-30 кілаграмаў, машына атрымлівае значныя пашкоджанні, што ўжо казаць пра дарослага лася, які ў сярэднім важыць у дзесяць разоў больш.

І хоць ласі — жывёлы дзікія і непрадказальныя, засцерагчы сябе пры сустрэчы з імі чалавек усё ж такі можа. Калі бачыце знак «Дзікія жывёлы», вядзіце сябе на дарозе ўважліва, захоў­вайце скорасны рэжым. Убачылі жывёлу — прытармазіце і дайце ёй магчымасць перайсці дарогу. Па маіх назіраннях, калі лось жадае гэта зрабіць, то спыніць яго не здольная нават калона танкаў. Трэба перачакаць і ў тым выпадку, калі лясны жыхар проста стаіць на ўскраіне дарогі (ён не адчувае пагрозы). Гэта можа заняць некаторы час, але яно таго варта. Ні ў якім разе не ра­біце гукавых сігналаў, бо яны могуць напужаць жывёлу і зрабіць яе агрэсіўнай, асабліва калі гэта ласіха з ласяняткам. Каб абараніць дзіця, яна можа кінуцца і на аўтамабіль. Асабліва ўважлівымі трэба быць пры змярканні, бо ласі вядуць у асноўным начны лад жыцця. Аднак у маразы іх можна ўбачыць і днём. Рагатыя часта выходзяць на дарогу і падчас гону (жнівень-верасень). У дарослых асобін пачынаюць іграць гармоны, пачуццё страху прытупляецца. Жаданнем «вандраваць» па новых тэрыторыях кіруе неабходнасць знайсці сабе пару.

Запісала Вераніка Філановіч
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.