Да апошняга ўздыху

Главное Общество

Аляксандр Пешчаранкоў і Анатолій Калмык

Раніцай 7 лютага Анатолій Калмык глянуў на каляндар — і ў памяці ўсплылі падзеі 30-гадовай даўнасці. Ён, капітан, разам з камандзірам батальёна на МАЗе ў калоне з 20 машын накіроўваецца з Афганістана на радзіму. Дарога з Шынданта вядзе праз Герат, дзе ў любы момант можна натрапіць на бандыцкія групы. Камандаванне загадала ні ў якім разе, ні па якой прычыне не спыняцца. Хуткасць — 80 кіламетраў у гадзіну, але для кулі гэта не перашкода. На шчасце, абстрэлу пазбеглі. Але ў многіх месцах машыны закідвалі камянямі, разбівалі лабавое шкло, асколкі ранілі твар, рукі. Калона ж мэтанакіравана рухалася да граніцы з Савецкім Саюзам.

— Вярталіся мы праз Кушку, — расказваў Анатолій Канстанцінавіч. — У гэтай самай паўднёвай кропцы СССР і чакалі, пакуль падцягнуцца астатнія. Было нас каля 5 тысяч чалавек. Усім хацелася патэлефанаваць дамоў, паведаміць, што мы ўжо ў Савецкім Саюзе, а тэлефон адзін. Я дазваніўся, можа, толькі на пяты дзень.

Анатолій Канстанцінавіч на афганскую зямлю ступіў 20 кастрычніка 1986 года, пакінуўшы дома жонку з двума малымі дзецьмі. Забяспечваў спакой на мясцовым аэрадроме і ў ваенным гарадку, дзе пражываў асабовы склад, суправаджаў тылавыя харчовыя калоны і ваенныя групы. Калі адразу планавалася, што на чужыне правядзе два гады, то тэрмін расцягнуўся на два з паловай — да дня вываду савецкіх войск з Афганістана.

— Вечарам 7 лютага патэлефанаваў у Кіеў зампаліту, — працягваў Канстанцінавіч. — У чарговы раз разам прайшліся баявымі дарогамі. Летась ездзіў да яго ў госці, тады далі волю ўспамінам і слязам. Перажытае будзе помніцца да апошняга ўздыху.

— Сэрцы адкрываем нячаста, — уключаецца ў размову Аляксандр Пешчаранкоў. — Толькі калі збіраемся на сустрэчу воінаў-інтэрнацыяналістаў. Нас часта запрашаюць на ўрокі патрыятызму ў школы. Вучням пра афганскую вайну расказваем далікатна, без пікантных падрабязнасцей, каб не параніць дзіцячую псіхіку, але каб сучаснікі маглі зразумець, праз што прыйшлося прайсці нашаму пакаленню.

Пераважную большасць абмежаванага кантынгенту ў Афганістане складалі маладыя людзі, якія траплялі на вайну ледзь не са школы. Навука ваяваць у чужой краіне, у непрывычнай варожай абстаноўцы, у экстрэмальных умовах давалася вельмі цяжка.

Аляксандр Іванавіч у Афганістане прабыў 13 месяцаў. 1 верасня 1985 года дачка пайшла ў першы клас, а 8-га ён адправіўся на вайну. Абслугоўваў верталёты. Акрамя ваенных дзеянняў, сапраўдным выпрабаваннем былі перапады тэмпературы. За адну гадзіну пералёту верталётам з гор тэмпература вагалася ад мінус 30 да плюс 50 градусаў. Служыў Аляксандр Пешчаранкоў у горадзе Джалалабадзе.

Час ідзе, радзеюць рады воінаў-інтэрнацыяналістаў. Таму з гадамі ўсё больш цэніцца армейская дружба. Мае суразмоўцы з задавальненнем успаміналі міжнародны турыстычны злёт, які мінулым летам ладзіўся на базе спартыўна-турыстычнага комплексу «Азёркі». На яго сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты не толькі з Віцебскай вобласці, але і з Літвы, Эстоніі, Расіі.

У пятніцу тыя, чый лёс абпаліла афганская вайна, прыйдуць у сквер па вуліцы Гагарына ў райцэнтры — да помніка воінам, загінулым у лакальных войнах. Будуць абдымкі, слёзы, успаміны.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Мерапрыемствы, прымеркаваныя да 30-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана, у райцэнтры адбудуцца ў пятніцу, 15 лютага:

13.30—13.50 — збор воінаў-інтэрнацыяналістаў у фае райвыканкама (1-ы паверх);

14.00—14.20 — мітынг-рэквіем, ускладанне вянкоў і кветак да помніка воінам, загінулым у лакальных войнах (вул. Гагарына);

14.30 — тэматычная выстава, урачысты сход і канцэрт (раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча).





Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.