К новым рекордам готова! 8 февраля Валентина Ивановна Рыбцова из Лынтуп отметила 100-летний юбилей

Личности Общество

Сто гадоў! Ці не гэта самае папулярнае пажаданне імянінніку? Для Валянціны Іванаўны Рыбцовай з Лынтуп яно больш не актуальнае — 8 лютага яна адзначыла векавы юбілей. І пацвердзіла, што, нават перасягнуўшы гэты недасягальны для многіх узрост, можна мець сілы рухацца наперад — да новых рэкордаў!    

Пра сустрэчу з доўгажыхаркай, якая, дарэчы, пражывае адна, параілі дамовіцца па тэлефоне. Набіраю нумар і разумею, што мяне адольвае звычайна не ўласцівае напружанне. Як жа яна мяне пачуе ў свае гады? Ці змагу сама што зразумець? Аднак калі на тым канцы проваду “зазвінеў” бадзёры голас Валянціны Іванаўны, зразумела, што перажыванні дарэмныя.

“У бальніцы за ўсё жыццё толькі тры разы ляжала: двойчы, калі дзяцей нараджала, і аднойчы на аперацыі”, — прызнаецца юбілярка ўжо падчас “жывой” размовы. Безумоўна, ідэальным здароўем яна не пахваліцца — то адно непакоіць, то іншае. Затое розум узросту не паддаўся: мая суразмоўца падрабязна, са шматлікімі лічбамі, прозвішчамі і назвамі гарадоў расказвае пра кожны перыяд свайго няпростага жыцця.

Нарадзілася ва ўкраінскім горадзе Славянску. Бацька, паранены падчас Першай сусветнай вайны, у 1922 годзе вырашыў вярнуцца на сваю малую радзіму — Лынтупшчыну. Так маленькая Валя апынулася ў засценку Васкаўшчызна, што каля Палхун.

У Гурніцы скончыла 7 класаў польскай школы. Марыла пра Вільню. Была гатовая да любой, нават самай фізічна цяжкай, работы — так хацелася ў вялікі горад! Але бацька не дазволіў. “Рабі пільна, і будзе табе Вільна!” — сказаў строга.

Так і пражыла ў засценку ўсё сваё юнацтва. Як самая старэйшая дапамагала гадаваць яшчэ траіх дзяцей. Пазней скончыла ў Свянцянах настаўніцкія курсы, працавала ў вясковых школах у Вайшкунах, Пешкаўцах і іншых, выкладала рускую і польскую мовы. Педагагічнай дзейнасцю займалася і падчас вайны, у тым ліку і ў суседніх раёнах. Навучаць часам даводзілася ў глушы, сярод непраходных балот. Неаднойчы і з партызанамі сутыкалася. З асаблівым хваляваннем Валянціна Іванаўна ўспамінала знаёмства з камандзірам партызанскага атрада, будучым Героем Савецкага Саюза Фёдарам Рыгоравічам Маркавым.

Якімі цяжкімі былі пасляваенныя гады, расказваць не трэба. На жыццё зноў зарабляла настаўніцтвам. Менавіта ў школе яна ўпершыню ўбачыла свайго будучага мужа, якога пасваталі знаёмыя.

— Памятаю, прывялі да мяне Івана на перапынку, — успамінае жанчына. — Паглядзела — дык ён яшчэ зусім хлопчык! На сем гадоў маладзейшы. Толкам і не пагаварылі — празвінеў званок на ўрок, і я пабегла. Распісаліся праз тры тыдні. Ні пра якія доўгія спатканні і гаворкі не ішло — трэба было думаць, як сумесна супрацьстаяць шматлікім цяжкасцям. Разам пражылі 64 гады.

Мужа не стала ў 2014-м. Вялікі каляровы калян-дар у пакоі Валянціны Іванаўны менавіта з таго цяжкага года. Адкрыты ён на старонцы з чырвонымі цюльпанамі і выявай мемарыяла “Прарыў” ва Ушацкім раёне. Май. Пераможны май 1945 года Іван Сямёнавіч Рыбцоў сустрэў у Германіі, мала не дайшоўшы да Берліна. Пазней узначальваў мясцовую ветэранскую арганізацыю,  быў частым і жаданым госцем у школе, на кожным лынтупскім мерапрыемстве.

Амаль 20 гадоў Рыбцовы пражылі ў Літве. Там прайшло дзя­цінства іх дваіх дзяцей. Сёння дачка жыве ў літоўскім Пабра­дзе, сын — ваенны пенсіянер — у Маскоўскай вобласці. Выраслі ўнукі (аднаму з іх хутка 50 гадоў споўніцца!), дарослыя і праўнукі. Нават прапраўнучка на падыходзе.

З роднай хаты пераязджаць Валянціна Іванаўна і думаць не думае — толькі тут адчувае сябе спакойна і ўтульна. Прызнаецца: зімой дзень асабліва доўгі. Пра любімыя заняткі і не пытаюся — паўстала закладзена апошнімі нумарамі “Пастаўскага краю”, прыціснутымі вялікай лупай.  

Спраўляцца з хатнімі справамі дапамагае мясцовая сацыяльная служба. Ужо больш за 2 гады доўгажыхарку абслугоўвае Аляксандра Макрыцкая, якую ў размове тая неаднойчы ўспамінае добрым словам.

— Да сваёй падапечнай прыходжу 4 разы ў тыдзень, — расказвала сацработніца. — Клопатаў хапае: дома прыбраць, печкі дапамагчы выцепліць, есці прыгатаваць. Стараюся быць Валянціне Іванаўне сябрам, падбадзёрваю словам і справай. Яна мне часта расказвае пра сваё жыццё, пра тое, “як было і як стала”. Часта на вачах блішчаць слёзы. Наогул, не перастаю захапляцца людзьмі таго пакалення. Прыйдзе вясна — і як магнітам цягне Іванаўну на вуліцу, сама яшчэ і пару калодак пашчапае. Лякарствы купляю вельмі рэдка, толькі прадукты. Мне часта трэба спіс пажаданняў маіх падапечных складаць, а яна ўсё памятае!

Восьмага лютага ў доме доў-гажыхаркі было шматлюд-на. Павіншаваць імянінніцу прыехалі не толькі блізкія. Шчырыя пажаданні і прыемныя падарункі яна атрымала ад старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, дырэктара Пастаўскага ТЦСАН Дзіяны Пякарскай, старшыні Лынтупскага сельскага Савета Аляксандра Макаранкі, работнікаў мясцовай сацыяльнай службы, якія, дарэчы, прыхапілі з сабой баян. Калі загучала песенька “Пусть бегут неуклюже пешеходы по лужам”, слёзы выцірала не толькі імянінніца.

Напярэдадні юбілею Валянці­на Рыбцова атрымала новы пашпарт. Дзейнічае ён да… 2044 года! Многа жартаў было наконт гэтага, але ўсе яны зво­дзіліся да аднаго — жыццёвы шлях працягваецца.

Іна Мікус

Фота Альфрэда Мікуса



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.