Галерея талантов. Творческий вечер к 25-летию основания народного клуба мастеров народных художественных ремесел и самодеятельных художников «Майстры»

Культура Общество

Цяперашнія і былыя ўдзельнікі клуба «Майстры»

У мінулую пятніцу ў Доме рамёстваў «Стары млын» адбыўся творчы вечар, прымеркаваны да 25-годдзя з дня заснавання народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і самадзейных мастакоў «Майстры».

З віншавальным словам да людзей, пацалаваных Богам — так у народзе называюць тых, хто адораны творчым талентам, — звярнулася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Лойка.

— За час свайго існавання клуб «Майстры» аб’яднаў мноства таленавітых лю­дзей, якія працуюць у самых розных тэх­ніках. Удзел у шматлікіх выставах і справаздачах яшчэ больш згуртаваў гэты дружны калектыў, — гаварыла яна. — Вашы творчыя работы не перастаюць натхняць і захапляць гледачоў яркімі фарбамі, маляўнічымі вобразамі, пластычнымі формамі, якія ўвасобіліся ў маляванках, ткацкіх вырабах, разьбе па дрэве, кераміцы, пляценні з лазы, абрэзкавым шыцці і іншых шматгранных формах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Жадаю клубу доўгіх гадоў існавання, а яго ўдзельнікам — творчага ўздыму і натхнення. Прыміце падарунак — сертыфікат на набыццё камп’ютара. 

Таксама Ірына Францаўна ўручыла Па­дзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, вялікі асабісты ўклад у захаванне і развіццё народных промыслаў і рамёстваў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці старшыні савета клуба Леанардзе Івановай. Гэта таленавітая жанчына працуе ў тэхніках вышыўкі і бісерапляцення. Работы майстра заўсёды экспануюцца ў «Горадзе майстроў» падчас Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Іосіф Атрахімовіч, Жанна Глабенка, Мар’ян Аўгусціновіч, Галіна Калдышкіна, Алена Апухціна, Марыя Верацельнікава, Анжаліка Рагута, Ала Жук і Галіна Дзевятоўская адзначаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Да віншаванняў Ірыны Лойка далучылася кіраўнік клуба «Майстры» Алена Крывенькая. Яна адзначыла, што сёння клуб аб’ядноўвае сапраўдных прафесіяналаў, шчыра ўлюбёных у сваю справу.

— Знаходзячыся ў пастаянным творчым пошуку, вы беражліва захоўваеце і прымнажаеце лепшыя традыцыі народных промыслаў. Дзякуй за працу, энергію, творчасць. Жадаю шчасця, здароўя, натхнення і радасных сустрэч, — не шкадавала цёплых слоў Алена Васільеўна. — 7 лютага ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё выставы «Майстры Паазер’я». Годным яе ўпрыгажэннем сталі і работы пастаўчан. У час прэзентацыі нашага клуба Алена Апухціна правяла майстар-клас па дэкарыраванні кашпо ў аўтарскай тэхніцы, а сям’я Пачкоўскіх з Гуты забяспечыла яркае музычнае суправаджэнне.

На свяце шмат узгадвалася пра ўзнікненне і развіццё клуба. А пачалася яго гісторыя са стварэння ў 1991 годзе суполкі народных майстроў. Паклапаціўся пра гэта выкладчык Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Іосіф Атрахімовіч.

— Сустрэцца, падзяліцца меркаваннямі і задумамі — гэта ўжо развіццё для творчых асоб. Агульнапрызнаныя зараз мэтры Юрый Фурс і Віктар Шашура ў той час толькі шукалі сябе. Юрый меў уласную справу — працаваў кавалём. Як мастак «падрос» пасля выканання заказу на выраб трохпавярховай лесвіцы. На працягу трох месяцаў разам з сябрам кавалі кожную яе дэталь, кожны завіток. Віктар па прафесіі токар, але яго прызваннем стала разьба па дрэве. Я і сам заказваў у яго драўляныя міжпакаёвыя дзверы, камп’ютарны стол па маім эскізе. Значную старонку ў стварэнні аб’яднання «напісала» Жанна Глабенка. Скажу больш: калі б не было гэтага чалавека, яго варта было б выдумаць. І не толькі з-за яе высокаэстэтычных габеленаў, але і з-за мудрых парад, — узгадваў Іосіф Канстанцінавіч.

Паступова да добраахвотнікаў далучыліся работнікі сферы культуры, клуб афіцыйна ўзначаліў Сяргей Бардзееў. Сталі праводзіцца сустрэчы з майстрамі і паэтамі, выязныя этнаграфічныя экспедыцыі, прыступілі да стварэння картатэкі рамёстваў Пастаўшчыны. І ўжо ў 1994 го­дзе клуб атрымаў званне «народны».

Клуб «Майстры» непарыўна супрацоўнічае з Домам рамёстваў, які апякуецца над калектывам з 2003 года. А дырэктар установы Таццяна Петух і сама з’яўляецца актыўным членам творчага аб’яднання.

У кожнага ўдзельніка клуба свая гісторыя творчага шляху. Асабістымі падзяліліся Леанарда Іванова, Мар’ян Аўгусціновіч, Алена Апухціна і Ала Жук, а таксама пажадалі аднаклубнікам поспехаў, каб арыгінальныя работы радавалі і аўтараў, і гледачоў, творчага ўздыму, новых адкрыццяў. Дарылі клубу ўласныя вырабы.  

Палюбавацца на работы, прасякнутыя глыбінёй пачуццяў, цеплынёй сэрцаў і творчым бачаннем аўтараў, можна было ў гэтай жа зале, дзе дзейнічае выстава майстроў і рамеснікаў народнага клуба «Майстры». Не меншую эстэтычную асалоду падарылі прысутным і выступленні ансамбля баяністаў «Вясёлка» дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза (кіраўнік — Святлана Пусько) і гурта «Дзяўчаты» вакальнай эстраднай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна (кіраўнік — Аксана Нікалаева). Іх музычныя падарункі сарвалі шквал апладысментаў.  

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі напісалі пажаданні будучаму пакаленню народных майстроў і змясцілі іх у дэкаратыўна аформленую бутэльку. Распячатаць яе завешчана падчас святкавання 50-гадовага юбілею народнага клуба «Майстры».

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.