Учебное заведение, как и профессию, выбрал на всю жизнь. Владислав Шаколо с детства мечтал быть кадровым офицером

Правовое поле

Малодшы сяржант Уладзіслаў Шакола. Фота прадастаўлена Інстытутам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь

Што такое ахова Дзяржаўнай граніцы, малодшы сяржант Уладзіслаў Шакола — курсант 2 курса Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь — ведае не толькі з лекцый і падручнікаў, але і з асабістага вопыту. У адрозненне ад большасці сваіх аднакурснікаў яму ўжо давялося «панюхаць пораху» падчас тэрміновай службы на заставе. Таму, і не без падстаў, сцвярджае: навучальную ўстанову, як і прафесію, выбраў на ўсё жыццё.

Быць кадравым афіцэрам Уладзіслаў марыў з дзяцінства. У школьную пару па ўласным жаданні наведваў заняткі па фізпадрыхтоўцы, якія ладзіліся ў РАНС. «Распаліла» інтарэс да арміі і родная сястра, якая на той час служыла ў верталётнай эскадрыллі органаў пагранічнай службы ў Паставах, а пасля яе расфарміравання разам з мужам перавялася ў Мінскі гарнізон. Не апошнюю ролю адыграў і той факт, што ў нашым раёне многа ваеннаслужачых, ёсць на каго трымаць раўненне. Дэталёвае ж знаёмства Уладзіслава з ваеннай службай адбылося ў Смаргонскім кіналагічным цэнтры органаў пагранслужбы, куды яго накіравалі пасля прызыву на тэрміновую службу.

— Калі даведаўся, што буду кінолагам, узрадаваўся, бо ў мяне і дома быў сабака. Вельмі люблю гэтых жывёл, — расказваў курсант. — Заняткі захоплівалі, нават прасіў, каб праводзілі са мной дадатковыя. За ўласныя грошы набываў спецыяльныя цацкі і корм для аўчарак — усё для таго, каб яны ахвотней ішлі па следзе парушальніка, слухаліся мяне.

У якасці інструктара службы сабак на пагранзаставу «Лынтупы» Уладзіслаў прыбыў з верным сябрам — бельгійскай аўчаркай па мянушцы Сіена. Тут да іх «прыкамандзіравалі» яшчэ 4 службовыя сабакі. Увесь службовы і вольны час хлопец прысвячаў спрадвечным чатырохногім сябрам пагранічнікаў: трэніраваў, прыбіраў вальеры і нават гатаваў ім ежу (тут самае галоўнае, каб каша, мяса, гарод­ніна, вітаміны і прыправы паступалі ў рацыён гадаванцаў у правільных прапорцыях). 

Слухаючы, з якім захапленнем суразмоўца расказвае пра сабак, не магу ўтрымацца ад пытання:

— А чаму выбраў спецыяльнасць «Ідэалагічная работа», а не, скажам, «Аператыўная дзейнасць»?

— Ідэолагам захацеў стаць таму, што мару дапамагаць знайсці кожнаму сваё месца ў пагранічным ведамстве. Мяркую, што гэта атрымаецца не толькі ў мяне, але і ў большасці маіх аднагрупнікаў: яшчэ падчас курса маладога байца мы сумеснымі намаганнямі здолелі адгаварыць ад адлічэння па ўласным жаданні двух чалавек. Яны і зараз з намі. Спадзя­юся, што не расчаруюцца ў выбары прафесіі і тыя юнакі, якія папоўняць сёлета шэрагі нашай навучальнай установы. Дарэчы, пазнаёміцца з правіламі прыёму, пражывання і іншай карыснай інфармацыяй можна на сайце Інстытута па адрасе http://ips.gpk.gov.by.

 А між тым прафесійным выбарам Уладзіслава крыху здзіўленыя і настаўнікі Пастаўскай гімназіі, якую ён скончыў. Не чакалі, што ён аддасць перавагу гуманітарнай спецыяльнасці, бо мае выяўленую здольнасць да дакладных навук. Але нікуды яна не дзелася і зараз. Любімыя прадметы Уладзіслава: тактыка пагранслужбы, тапаграфія, агнявая падрыхтоўка. Вабіць нашага земляка і практычнае выкарыстанне сучасных тэхнічных прылад, якое курсантам дэманструюць непасрэдна на граніцы падчас праходжання практыкі. Таксама захапляюць тактычныя прыёмы па пошуку і затрыманні парушальнікаў Дзяржграніцы, валоданне разнастайнымі відамі зброі, магчымасць свабодна валодаць замежнымі мовамі. І гэта толькі частка тых ведаў, якія можна атрымаць у Інстытуце, а потым прымяніць падчас службы Айчыне і яе народу.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.