Гостем Школы Активного Гражданина в Поставской гимназии стал бывший руководитель района Эдуард Казуро

Личности Образование

Традыцыі працягваць маладым

На мінулым тыдні ў Пастаўскай гімназіі прайшла чарговая інфармацыйная гадзіна для старшакласнікаў у рамках Школы Актыўнага Грамадзяніна. Яе госцем стаў былы кіраўнік раёна, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь 4-га склікання Эдуард Казура.

Тэмай мерапрыемства была вызначана «Беларусь сёння: захоўваючы і прымнажаючы добрыя традыцыі». Гаворка вялася вакол такіх важных падзей, як Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці, XV Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі і ХХІІІ Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба».

— Кіраўніцтва нашай краіны і асабіста Прэзідэнт надаюць вялікую ўвагу станаўленню і развіццю моладзі, — гаварыла, звяртаючыся да навучэнцаў, вядучая інфармгадзіны, намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Святлана Жукоўская. — Асабліва падтрымліваецца таленавітая моладзь, якая імкнецца быць актыўнай у жыцці, праяўляе свае лідарскія якасці. І баль, што адбыўся 28 снежня ў Мінску, яскравае таму пацвярджэнне. На яго былі запрошаны амаль 300 студэнтаў і старшакласнікаў з усёй рэспублікі, якія маюць вялікія поспехі ў вучобе, творчасці, спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці, а праводзіўся ён з захаваннем найлепшых традыцый велікасвецкіх баляў мінулых стагоддзяў.

Святлана Генадзьеўна працытавала зварот Прэзідэнта краіны да ўдзельнікаў мерапрыемства і прапанавала прысутным паразважаць на тэму традыцый. Гімназісты задалі некалькі пытанняў Э. П. Казуру. Адно з іх датычыла сямейных працоўных дынастый.

— Вельмі добра, калі дзеці, выбіраючы прафесію, ідуць па слядах сваіх бацькоў, — зазначыў Эдуард Пятровіч. — Такім чынам яны пераймаюць ад іх майстэрства і вопыт. Акрамя таго, гэта садзейнічае замацаванню кадраў, што станоўча ўплывае на вынікі работы эканомікі раёна.

Па просьбе педагога і навучэнцаў госць мерапрыемства расказаў пра сваю працоўную дзейнасць, якая вельмі цікавая і паказальная. Дзякуючы асобасным якасцям, хлопчык з простай сялянскай сям’і змог многага дабіцца ў жыцці — прайсці шлях ад галоўнага інжынера калгаса да старшыні раённага выканаўчага камітэта і дэпутата парламента. Яркай вяхой на ім з’яўляецца работа на пасадзе дырэктара Пастаўскага малочнага завода, які, па сутнасці, прыйшлося аднаўляць з руін.

— Было вельмі складана, — успамінаў ветэран. — 1992 год, развал Саюза, ніякага фінансавання, часткова разбураны корпус прадпрыемства, усё абсталяванне вывезена на Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, якому раней перадалі завод. Разам з тагачасным старшынёй райвыканкама Васіліем Васільевічам Чэпікам прыйшлося шукаць новае абсталяванне. Яго мы прывозілі па частках з Расіі.

Праз 12 гадоў Э. П. Казуру назначылі першым намеснікам старшыні райвыканкама, крыху пазней узначаліў раён. У 2008 годзе быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны.

— Я шчаслівы, што мой лёс склаўся так, а не інакш, — прызнаўся ён. — У жыцці мне сустракаліся вельмі добрыя настаўнікі, з якіх можна было браць прыклад, многаму навучыцца. Рады, што, працуючы на пасадзе старшыні райвыканкама, за кароткі час пры падтрымцы кіраўнікоў прадпрыемстваў і жыхароў раёна нямала змог зрабіць па добра­ўпарадкаванні горада.

Эдуард Пятровіч выказаў занепакоенасць тым, што зараз закрываюцца асобныя прадпрыемствы, некаторыя становяцца філіяламі аналагічных у іншых гарадах. Абмяркоў­ваючы калядны турнір па хакеі і спаборніцтвы «Залатая шайба», ён расказаў пра свае адносіны да спорту і яго развіццё ў перыяд работы ў парламенце. А ў канцы сустрэчы пажадаў старшакласнікам з усёй адказнасцю падысці да выбару прафесіі, каб не зрабіць памылкі, і нагадаў: каб дасягнуць мэты, трэба мець вялікае жаданне і настойлівасць.

Завяршылася інфармацыйная гадзіна на патрыятычнай ноце песняй «Мы — молодые — надежда страны» ў выкананні навучэнцаў Мікалая Пашкевіча, Анастасіі Вернікоўскай і Кацярыны Музычэнка.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.