11 лет назад Николай Долгович из деревни Париж перенес инсульт и остался инвалидом ІІ группы. Но это не мешает ему трудится по-прежнему

Личности Общество

Мікалай Далговіч са сваімі вырабамі

Хоць левая рука – «гультайка»

11 гадоў назад Мікалай Іосіфавіч Далговіч з вёскі Парыж перанёс інсульт і застаўся інвалідам другой групы. Але гэта не перакрэсліла яго цягу да працы.

А ў бальніцы апаноўваў адчай. Немагчыма было змірыцца, што ў адначассе з фізічна моцнага чалавека, які і да ўрачоў ніколі не звяртаўся, ён ператварыўся ў бездапаможную істоту: паралізавала левую палову цела, адняло мову. Зыход увогуле мог стаць трагічным, калі б таварышы па працы не ўбачылі яго, нерухомага, у полі пад трактарам і не выклікалі хуткую дапамогу.

Пацягнуліся доўгія тыдні лячэння ў Паставах, Віцебску, Мінску. Медыкі вынеслі канчатковы вердыкт: аднавіць паралізаваную частку цела немагчыма, важна захаваць тыя функцыі арганізма, якія засталіся. І стаў былы механізатар Навадруцкай ПМК-49 з 35-гадовым стажам работы на тэхніцы вучыцца жыць па-новаму. Пераадольваючы боль і адганяючы цяжкія думкі. З усіх сіл падтрымлівала і падтрымлівае жонка Раіса Генрыхаўна.

— А яшчэ мяне ратуе праца, — гаварыў Мікалай Іосіфавіч. — Калі я ў руху, займаюся нейкай справай, то і боль менш адчуваю, і непатрэбныя думкі не лезуць у галаву.

Спытаеце, што можна зра­біць, валодаючы толькі адной рукой? («Левая ў мяне гультайка, бяздзейнічае, ад яе ніякай дапамогі», — гаварыў чалавек.) Вельмі многае! У гэтым я пераканалася, наведаўшыся да Далговічаў. У кватэры застала толькі гаспадыню. «Паглядзіце, якія столікі і крэселцы зрабіў Коля адной рукой для нашых малых унучкі і праўнучкі», — не без гордасці паказвала мужавы вырабы Раіса Генрыхаўна.  Выглядаюць нават прыгажэйшымі, чым фабрычныя.

— А дзе ж сам майстар? — пытаюся. — Хачу пазнаёміцца.

— Ды хіба Колю ўтрымаеш дома? Ён жа ў свой гараж кожны дзень, як на працу, ходзіць. Паснедаў — і туды. Добра, што гараж зусім блізка ад дома. З лясачкай і даходзіць.

А дайшоўшы,  трапляе ў сваё тэхнічнае царства-валадарства. Мне, жанчыне, цяжка было разабрацца ў мностве станочкаў, розных прыстасаванняў і прылад, інструментаў, усемагчымых гаек, цвікоў, шурупаў і г.д. Ну а што трактарок, які займае значнае месца, самаробны, здагадалася. У другім хлеўчыку — цэлая «вітрына» матычак, не менш за паўтара дзясятка. «Адну з вілаў зрабіў, другую — з  пілы-двухручкі, трэцюю…» — знаёміць майстар са сваёй тэхналогіяй і прапануе падарыць любую. Адмаўляюся, спасылаючыся на тое, што маю некалькі заводскай вытворчасці. «Ну а калі і кошык не возьмеце — пакрыў­джуся»,— заяўляе на поў­ным сур’ёзе.

Кошыкі ён вырабляе з… поліэтыленавых бутэлек. На спецыяльным станочку наразае з іх стужкі і пераплятае імі каркас, змайстраваны з дроту.

— Хто толькі ні прыходзіць да Колі ў гараж! — дзялілася яго жонка. — Пагаварыць, параіцца, вытачыць якую дэталь, нешта адрамантаваць, папрасіць зрабіць табурэтку, сплесці кошык…

— Гэта і трымае ў жыцці, — прызнаўся чалавек. —  Я не ся­джу без справы, а стараюся рабіць нешта карыснае і для сям’і, і для суседзяў, знаёмых.

Вяртаючыся з камандзіроўкі, а пазней, працуючы над гэтым матэрыялам, зноў і зноў думала над тым, якія ўсё-такі розныя людзі. Адны толькі і скардзяцца на цяжкасці, другія пераадольваюць, здавалася б,  непераадольнае. А падарунак ад Мікалая Іосіфа­віча я ўсё-такі прыняла. Буду хадзіць восенню ў грыбы з парыжскім кошыкам.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

1 комментарий по теме “11 лет назад Николай Долгович из деревни Париж перенес инсульт и остался инвалидом ІІ группы. Но это не мешает ему трудится по-прежнему

  1. Душэуны матэрыял, дзякуй! Такiя мужныя людзi — узор на кожны дзень.

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.