21 февраля “прямую телефонную линию” и личный прием граждан провел депутат Палаты представителей Сергей Земченок

Важное Местная власть

21 лютага ў будынку райвыканкама “прамую тэлефонную лінію” і асабісты прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Зямчонак.

Да парламентарыя звярнуліся 10 чалавек. Адны шукалі справядлівасці, другія прасілі патлумачыць нормы заканадаўства, трэція дзяліліся набалелым. У прыватнасці, адзін з заяўнікоў прасіў пасадзейнічаць у вырашэнні пытання аб налічэнні яму працоўнай пенсіі па ўзросце. Загваздка ў тым, што калісьці ён працаваў у Латвіі, дзе і знаходзяцца адпаведныя дакументы. Сумесна з аддзелам прызначэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама мужчына накіраваў запыт у краіну-суседку на пацвярджэнне працоўнага стажу. Аднак адказ за 7 месяцаў так і не прыйшоў.

— Будзем спрабаваць дапамагчы, але абнадзейваць вас не хачу, — казаў Сяргей Рычардавіч. — З аналагічнай прозьбай да мяне часта звяртаюцца жыхары Браслаўшчыны. Некаторым адказы прыходзяць толькі тады, калі яны дасягаюць пенсійнага ўзросту па мерках Латвійскай Рэспублікі.

Пытанне налічэння пенсіі цікавіла і яшчэ аднаго пастаўчаніна. А дакладней, чаму ваенным пенсіянерам пасля дасягнення 75- і 80-гадовага ўзросту не прадугледжана грашовая надбаўка, якую атрымліваюць астатнія старыя.

А вось жыхарка Камай не задаволена тым, што вымушана здаваць малако дзяржаве па заніжанай, на яе думку, цане — 40 капеек за літр. Таму і прасіла патлумачыць, зыходзячы з якіх паказчыкаў устанаўліваюцца закупачныя цэны на гэту прадукцыю. Скардзілася яна і на дрэнную якасць вады ў аграгарадку. Пацвердзіў гэта і старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць. Па яго словах, справа тут не ў свідравіне, з якой вада падаецца, а ў старых водаправодных трубах, па якіх яна паступае ў дамы. Таксама жанчына занепакоена адсутнасцю ў населеным пункце банкамата. Зрэшты, як і многія іншыя, бо з такой праблемай да дэпутата звяртаюцца не ўпершыню. Адказ банкаў не змяняецца: не рэнтабельна. Палепшыць сітуацыю можа новаўвядзенне, ініцыяванае Асацыяцыяй беларускіх банкаў. Яно  прадугледжвае зняцце наяўных грошай з карткі ў магазінах. Праўда, пры ўмове, што гэта прапанова будзе ўвасоблена ў жыццё.

Апроч пералічаных, жыхарамі Пастаўшчыны ўздымаліся тэмы грэйдзіравання вуліц райцэнтра, будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне 6 гарадка, нарыхтоўка дроў, зваротаў грамадзян, іншыя. Па ўсіх зваротах заяўнікі атрымаюць адказы.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.