Касцёл на гарадзішчы

2018-2020 год — Год малой радзімы

Даўным-даўно гэта было. Тады яшчэ лясы былі гусцейшымі, рэчкі цяклі хутчэй, у азёрах рыбы ставала, ды і сонца неяк свяціла часцей. А як прыгожа было наўкол! Узбярэшся на гару, што каля Яцавіч, дык здаецца, што палову Зямлі нашай бачна: і бары нечапаныя, што цёмнай хмарай цягнуцца далёка-далёка на поўнач, і палі-агароды, што грэюцца на сонечных пагорках, і азёры чыстыя і светлыя, што, як душы людзей добрых, гля­дзяць здзіўлена на свет.

А на вялікай гары, што каля возера Світа, узвышаўся, як магутны вартаўнік, касцёл. Добра папрацавалі дойліды, каб зрабіць гэткую прыгажосць. Ды і месца выдатнае выбралі: і з Пастаў, і з Манькавіч добра быў бачны.

Гэта месца лічылася святым. Казалі, што там знахо­дзіўся абраз Божай Маці, які меў цудадзейную сілу: хворых лячыў, сляпым зрок вяртаў, калекам раны гаіў, розныя ўнутраныя хваробы выганяў.

Ды прыйшла аднойчы на нашу святую зямлю бяда. Гэта былі шведы. І пачаў вораг забі­ваць і рабаваць людзей, паганіць святыні. Дабраліся яны і да касцёла. Уварваліся і пачалі рабаваць і разбіваць усё. А колькі багацця там было! І арган быў. А самы галоўны швед, убачыўшы цудадзейны абраз, быццам звар’яцеў. Падбег да яго, выхапіў меч ды як крыкне: “Хай загінуць святыні гэтага народа!” І паласнуў абраз зверху ўніз,  рассекшы яго.

Не паспелі шведы выйсці з касцёла, як той, галоўны, як стаяў, ды так і праваліўся скрозь зямлю. І зараз на тым месцы дзе-нідзе можна знайсці кавалак гнілога дрэва або іржавага жалеза. А ў ціхія месяцовыя ночы, калі паверхня азёр ледзь серабрыцца, а дрэвы на гарадзішчы стаяць сумныя і задуменныя, можна пачуць як з-пад зямлі ледзь чутна даносяцца самотныя гукі аргана. Кажуць, з гадамі музыка робіцца ўсё больш жалобнай, а гукі чуваць усё радзей і цішэй…

Ігар Пракаповіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.