Молодежь — за правопорядок. 4 отряда МООП объединяют более 50 учащихся школ района и колледжа

Образование Общество

Арцём Жолуд, Валерый Курто, Арцём Петух, Ілья Шырневіч

МААП — гэта маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Іх задача — прафілактыка супраць­праўных праяўленняў у маладзёжным асяроддзі, захаванне бяспекі на масавых маладзёжных мерапрыемствах, на вуліцах гарадоў і пасёлкаў, рэалізацыя патрыятычных праектаў.

Пры раённым камітэце ГА “БРСМ” працуюць 4 такія адрады. Яны аб’ядноўваюць больш за 50 навучэнцаў школ раёна і дзяржаўнага кале­джа. Два атрады ўзаема­дзейнічаюць з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, два — з раённым аддзелам унутраных спраў. Удзельнічаць у рэалізацыі праектаў і праграм па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, правядзенні ваенна-спартыўных і ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў могуць члены БРСМ, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. А з 16 гадоў тыя, хто мае найбольш актыўную жыццёвую пазіцыю і характарызуецца са станоўчага боку па месцы вучобы, без выпрабавальнага тэрміну за­лічваюцца ў склад атрадаў.

— Байцы нашых МААП зарэкамендавалі сябе як надзейныя партнёры і незаменныя памочнікі праваахоўнікаў, — расказвала першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. — Тыя, каму спаўняецца 18 гадоў, становяцца дружыннікамі, іх задзейні­чаюць у патруляванні вуліц, нясенні дзяжурства ў месцах масавага адпачынку моладзі. Члены маладзёжных атрадаў вялікую ўвагу ўдзяляюць фізічнай, псіхалагічнай і прававой падрыхтоўцы, падчас якой авалодваюць неабходнымі ведамі, атрымліваюць магчымасць практычнай адпрацоўкі навыкаў нясення патрульна-паставой службы, прыёмаў самаабароны. Маладыя людзі, як правіла, вызначаюцца вытрымкай, цярпеннем, уменнем карэктна зра­біць заўвагу тым, хто сябе дрэнна паводзіць, спы­ніць супрацьпраўныя дзеянні парушальніка і з’яўляюцца ўзорам для сваіх равеснікаў. МААП — гэта добрая школа практычнага захавання правілаў бяспекі. Члены атрадаў паказваюць ін­шым, як трэба сябе паводзіць у грамадскіх месцах. 

Тыя члены МААП, якія вызначаюцца ўзорным выкананнем ускладзеных абавязкаў, маюць магчымасць атрымаць ад цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” рэкамендацыі для праходжання далейшай службы ва Узброеных Сілах і ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і паступлення на ваенныя факультэты ВНУ.

Сёння ў членаў мала­дзёжных атрадаў прафе­сійнае свята і 15 гадоў з дня заснавання руху. Колькі маладых пастаўчан у свой час ганарова неслі вахту па ахове правапарадку ў нашым горадзе! На змену ім прыйшло новае пакаленне. Сярод тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, распрацаваных райкамам БРСМ сумесна з РАНС і РАУС, Вераніка Казлоўская адзначыла Валерыя Курто, Арцёма Жолуда, Арцёма Петуха, Ілью Шырневіча з дзяржаўнага каледжа, Данііла Куцуху і Артура Мышко з СШ №№3, 2. Хлопцы выхоўваюць у сабе сапраўдныя мужчынскія якасці, маюць добрую фізічную загартоўку. І нават калі не звяжуць свой далейшы лёс з праваахоўнымі структурамі, яны заўсёды змогуць вырашыць узніклы канфлікт, прыйдуць на дапамогу таму, хто акажацца ў небяспецы.

Анна Анiшкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.