Надзея не памірае

2018-2020 год — Год малой радзімы

Кожны чалавек, які б ён ні быў зачарсцвелы ў сваіх пачуццях, у цяжкую ці апошнюю хвіліну ўспомніць бацькоў, родную хату, тое, без чаго немагчымае жыццё. На жаль, з кожным годам на карце раёна становіцца ўсё менш вёсак. Яны паміраюць. Цяжка бачыць, як памірае чалавек. Але ж яго спрабуюць ратаваць, лячыць, хоць не заўсёды гэта ўдаецца. А вёскі паміраюць, нібы дзікія жывёлы — ціха і непрыкметна. Пусцеюць хаты, зарастаюць крапівой ды лазой двары, робяць сваю чорную справу нелюдзі: ламаюць, выдзіраюць усё, што можна, — і стаяць такія дамы, нібы сляпыя жабракі, прыгнуўшыся ад часу, шэрыя, без акон і дзвярэй. Разам з вёскамі знікаюць і іх назвы, прыказкі, прымаўкі, зразумелыя толькі ў канкрэтнай мясціне. Каля маіх родных Міхніч мясціны зваліся так: Шырокая дарога, Каменны масток, Лаўкі, Гарэлае балота, Шумарнік… І ўсе мясцовыя жыхары ведалі, дзе гэта. Было і такое выказванне: крывы, як яцынаў плот. Ужо ніхто не памятаў, які Яцына каму і калі загарадзіў крыва плот, а выраз застаўся.

А якія прыгожыя назвы нашых вёсак: Весялуха, Салаўіха, Скварцова, Цёплыя, Сергі, Хрыстова, Роскаш. Нават Цуцкі з Плаксамі, Чарты і Ваўкі. Некаторыя за савецкім часам спрабавалі змяніць, але мясцовыя жыхары называлі іх па-ранейшаму. У многіх з вышэйназваных вёсак ужо няма ніводнага жыхара. Весялуха памерла, а да вайны жыло ў ёй больш за 150 чалавек.

Давялося перажыць нашым вёсачкам і іх жыхарам войны, пажары. Якія толькі ворагі ні нішчылі іх! Але паўставалі яны з папялішчаў. І людзі зноў спраўлялі вяселлі і хрэсьбіны, па вуліцах бегалі дзеці, чуліся песні і смех.

Чаму ж цяпер так сталася, што вёскі знікаюць беззваротна, а замест дзетак па вуліцах апусцелых паселішчаў бегаюць лісіцы, зайцы, дзікі? Як і сотні гадоў таму, мяняюцца поры года, узыходзіць і заходзіць сонца. Толькі замест дзіцячага смеху ў пустых паўразбураных хатах смяецца і плача вецер. А зімовымі начамі, як і раней, дрыжаць на небе зоркі ды месяц абыякава паглядае на нашу грэшную зямлю.

Год малой радзімы працягваецца. Можа, і паспеем яшчэ што зрабіць, адрадзіць, паправіць.

Стэфанія Якавіцкая



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.