Не притупляется боль, не стираются воспоминания — утверждают ветераны Афганской войны

Важное Местная власть Общество

Ля магілы Радзівона Мішуты

Назаўсёды засталіся маладымі

Напярэдадні кожнай гадавіны з дня вываду кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана ў нашым раёне прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці наведваюць магілы Радзівона Мішуты, Аляксандра Урбеля, Сяргея Галяка і Міхаіла Лапко, якія загінулі ў лакальных войнах. Капітан Радзівон Мішута пахаваны ў Волахах. Тут ваеннага камісара раёна Мікалая Куліка, былога воіна-інтэрнацыяналіста Анатоля Калмыка на могілках чакаюць сястра загінулага Раіса Чашун і дэпутат Ярэўскага сельскага Савета, старэйшына вёскі Хацілы Аляксей Рабухін.

— Дзякуй за памяць, — змахвае слёзы Раіса Сяргееўна. — 35 гадкоў мінула, а гора не забываецца. Бацька наш не дажыў да трагедыі, а мама, пакуль не лягла побач, ногі збіла, бегаючы 15 гадоў па некалькі разоў на дзень на магілку сына. Цяпер я даглядаю гэта святое месца.

Пра прафесію ваеннага Радзі­вон марыў з дзяцінства. Паступіў у Адэскае ваеннае вучылішча. Потым служыў на Далёкім Усходзе, Курыльскіх астравах, Прыбалтыцы. У 1983 годзе ка­пітан Мішута быў накіраваны ў Афганістан. У Рызе яго так і не дачакаліся жонка, сын і дачка. Яму было крыху больш за 30.

Жыццё Аляксандра Урбеля з вёскі Турлы спынілася на афганскай зямлі ў 20-гадовым узросце. Разам з намі да месца пахавання накіроўваецца дзядзька Сашы — Браніслаў Урбель. «Які быў добры хлопец!  — апавядаў нам. —  Тэхніку любіў, колькі планаў меў, ажыццявіць якія не дала душманская куля. Маці забрала да сябе, у Краславу, дачка, якая там жыве. Прыязджаюць рэдка. А я, пакуль крыху ногі хо­дзяць, наведваюся на могілкі. Памалюся, паўспамінаю. Дзякуй вам, мае дарагія, што не забываеце нашага хлопца».

Мікалай Гапуцін

У падарунак – каляска

Мікалай Гапуцін зранку сустракаў гасцей. Да яго завіталі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Лушчык. Яны прывезлі Мікалаю Іванавічу электрычную інвалідную каляску. Чалавеку некалькі гадоў таму ампутавалі левую нагу. На здароўі, вядома ж, адбіліся выпрабаванні, перанесеныя ў Афганістане. Але ён аптыміст. З часам навучыўся хадзіць на пратэзе. Раней карыстаўся механічнай каляскай. Цяпер яе заменіць электрычная. Каб атрымаць гэты транспартны сродак, Валерый Лушчык звяртаўся з просьбай у Камітэт па справах воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце кіраўнікоў урадаў дзяржаў — удзель­ніц СНД. Мікалай Іванавіч па­дзякаваў за клопат і ўзяўся вывучаць інструкцыю.

 

 

 

Абавязак выканалі з гонарам

Бліжэй да абеду ля райвыканкама сталі збірацца былыя воіны-інтэрнацыяналісты. Рукапа-ціскані, абдымкі, успаміны. Пасля рэгістрацыі ўсе накіраваліся ў сквер па вуліцы Гагарына. Сярод прысутных — старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, загадчыкі многіх аддзелаў райвыканкама, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі, ваеннаслужачыя часцей, якія размешчаны на тэрыторыі раёна.

Вацлава Каравацкага прывезла дачка, і ён у калоне ўсё выглядаў сына. «Колькі здароўя мы з жонкай страцілі, пакуль ваяваў наш Юра! — гаварыў Вацлаў Блажэевіч. — Можа, таму мая Аляксандраўна і пайшла дачасна з жыцця. Чатыры гады, як аўдавеў. А дзень вываду савецкіх войск з Афганістана для мяне адно з найважнейшых свят. Дзякую Богу, што сын вярнуўся жывым, цяпер жыве ў Паставах».

Мінула 30 гадоў, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю, але перажытае не забываецца. На той вайне пабывалі больш за 200 пастаўчан. Яны прайшлі цяжкія выпрабаванні і з гонарам выканалі інтэрнацыянальны абавязак. Цяпер у раёне пражываюць 125 ветэранаў-«афганцаў». Яны цешацца ўнукамі, многія прадаўжаюць працаваць. Але не ўсе знайшлі сілы, каб прысутні­чаць на мітынгу. Ад імя ветэранаў афганскай вайны выступіў пенсіянер Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Уладзімір Варашкевіч. Затым да помніка ўсклалі вянкі і кветкі, прагучалі збройныя залпы.

Падзяку старшыні райвыканкама Пётр Курто ўручае Аляксандру Рамановічу

Свята прадоўжылася ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў да прысутных звярнуўся Пётр Курто. Ён падзякаваў былым воінам-інтэрнацыяналістам за вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі і ўручыў Аляксандру Пешчаранкову Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта, а Уладзіміру Варашкевічу, Тажы­дзіну Міралаву і Аляксандру Рамановічу — Па­дзякі старшыні райвыканкама, усім ветэранам — юбілейныя медалі «30 гадоў вываду савецкіх войск з Афганістана». Граматы раённага ваеннага камісарыята за актыўную грамадскую дзейнасць, вялікі асабісты ўклад у арганізатарскую і ваенна-патрыятычную работу з рук ваеннага камісара раёна Мікалая Куліка атрымалі Васілій Зарэцкі, Іван Хамылеўскі, Мікалай Скраблевіч, Анатолій Калмык.

— Мне прыемна, што члены нашай ветэранскай арганізацыі актыўныя ў грамадскім жыцці, — гаварыў Валерый Лушчык. — Гэта даказаў мінулагодні турыстычны злёт з удзелам прадстаўнікоў Літвы, Эстоніі, Расіі. У сацыяльных сетках можна ўбачыць цудоўныя здымкі з яго. І цяпер многія тэлефануюць, прысылаюць на «электронку» віншаванні з 30-годдзем з дня вываду савецкіх войск з Афганістана.

А на сцэне Валерый Лушчык прымаў іх ад старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, атамана Пастаўскага казацкага аддзела рэспуб­ліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Аляксандра Зазуліна. Сваімі выступленнямі парадавалі ўдзельнікі маладзёжнага ваенна-спартыўнага клуба «Азімут», цыркавой студыі «Каскад», салісты Таццяна Карпава, Мікалай Пашкевіч, Ганна Антух, Аляксандра Власюк, Яўгеній Герасімаў, Валерыя Кірэй, Юлія Галяш, Пётр Кароль.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.