7 февраля подведены итоги конкурса детских рисунков и поделок на тему «Армия глазами детей»

Важное Образование Правовое поле

Прадстаўнікі журы абмяркоўваюць конкурсныя работы

7 лютага зала пасяджэнняў на 3-м паверсе райвыканкама нагадвала мастацкую галерэю: на сталах і крэслах кабінета ледзьве ўмяшчаліся дзіцячыя малюнкі і вырабы, прадстаўленыя на конкурс «Армія вачыма дзяцей».

У адпаведнасці з яго ўмовамі, адлюстраваць сваё бачанне сучаснай беларускай арміі і ваеннай тэматыкі ўвогуле маглі дзеткі ва ўзросце да 10 гадоў. На лістах розных фарматаў — Вечны агонь, абеліскі, георгіеўская стужка, мужныя салдаты ў бронекамізэльках, парашутысты, Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. У фаварытах такая ваенная тэхніка, як танкі, самалёты, верталёты. У многіх хлопчыкаў і дзяўчынак армейскія будні асацыіруюцца з аховай Дзяржаўнай граніцы. Пагранічнікі намаляваныя, так бы мовіць, у зоне сваёй адказнасці: пагранічны слуп, назіральная вышка, кантрольна-следавая паласа, побач з чалавекам верны сябар — службовы сабака. Малюнкі выкананы простым і каляровымі алоўкамі, фламастарамі, фарбамі. Пры іх разглядзе адзначаю, што большасць ваеннаслужачых выглядаюць не строгімі і ваяўнічымі, а, наадварот, вясёлымі і добразычлівымі.

Уражвала і выстава вырабаў. Як і на малюнках, тут «правяць балем» танкі і самалёты. Пануюць аплікацыі і вырабы з традыцыйных матэрыялаў. Ёсць і арыгінальны падыход: танкі з губак для мыцця посуду, самалёт з пафарбаваным у зялёны колер корпусам, у якасці якога выступае ПЭТ-бутэлька… Прысутнічаюць і цэласныя кампазіцыі. Адна з іх выглядае так: у кардоннай каробцы размясціўся цэлы ваенны гарадок. У ім папяровы варыянт будынкаў КПП, штаба, казармы, танкі, зялёныя насаджэнні з сасновых галінак і жалудовых шапачак, супрацьтанкавыя і іншыя загароды. Адным словам, палёт фантазіі!

Што і казаць, журы давялося шмат параіцца, выбіраючы пераможцаў. Работы ацэньвалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў, начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ірына Лойка, першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Леакадзія Пушкар, старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Лушчык і выкладчык дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера Іосіф Атрахімовіч.

У выніку доўгіх абмеркаванняў прызавыя месцы размеркавалі­ся наступным чынам. У намінацыі «Малюнак» перамаглі работы Насці Дулінец (Навасёлкаўская школа) і Мацвея Голада (СШ №4). Другое месца занялі Яраслаў Смаленскі (СШ №4) і Рома Максімаў (СШ №2), на трэцім — малюнкі Валерыі Цыян (СШ №1) і Мішы Янушонка (СШ №2). У намінацыі «Выраб» найлепшым прызнаны выраб «Служу Рэспубліцы Беларусь!». Яго аўтар — Лера Грузд (СШ №4). «Танк» Пашы Кракуця (БШ №5) заваяваў другую пазіцыю, «Ракетна-зенітны комплекс» Аксаны Руновіч (СШ №4) — трэцюю.

Убачыць конкурсныя работы школьнікаў можна было ў раённым Доме культуры падчас выставы, прымеркаванай да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тут жа ва ўрачыстай абстаноўцы прызёры творчага конкурсу атрымалі граматы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі і прызы ад раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.