Почти всегда виноваты родители… Почему подростки все чаще преступают закон?

Общество Правовое поле

Летась на Пастаўшчыне зарэгістравана 8 злачынстваў (4 крадзяжы, 3 угоны аўтатранспарту і 1 грабеж), здзейсненых непаўналетнімі. Гэта на 3 больш, чым было ў 2017 годзе. Удзельная вага падлеткавай злачыннасці ў агульнай структуры на тэрыторыі раёна склала 4,4%, што на 1,9% вышэй за сярэднеабласны паказчык. З чым звязаны такі рост і чаму падлеткі пераступаюць закон? Пра гэта і іншае гутарым з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Віталіем Кішко.

— Віталій Казіміравіч, у чым прычына высокіх лічбаў?
— На самай справе яны невысокія. Па факце летась непаўналетнімі было здзейснена 6 злачынстваў. У статыстыку за мінулы год увайшлі 2 злачынствы, здзейсненыя ў 2017 і 2014 гадах. За кошт таго, што іх расследаванне было закончана летась, і адбыўся рост. Асноўнымі прычынамі проціпраўных паводзін непаўналетніх з’яўляюцца недастатковы кантроль за імі з боку бацькоў, неарганізаваны вольны час падлеткаў, адсутнасць уплыву дарослых членаў сям’і на фарміраванне ў дзяцей станоўчых асобасных якасцей і маральных каштоўнасцей, законапаслухмянага ладу жыцця.

— Якое пакаранне звычайна нясуць непаўналетнія злачынцы?
— Як правіла, усё залежыць ад таго, як яны характарызуюцца па месцы жыхарства і вучобы, а таксама ад ступені цяжкасці злачынства. Калі падлетак дапускае неаднаразовыя парушэнні дысцыпліны, разглядаўся на саветах прафілактыкі ва ўстанове адукацыі і ўжо прыцягваўся да адказнасці, мы звяртаемся з хадайніцтвам у пракуратуру аб прымяненні да яго такой меры пакарання, як накіраванне ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу. У 2018 годзе гэту меру прыйшлося прымяніць у адносінах да двух непаўналетніх. У выпадку ж калі злачынства здзейснена ўпершыню, не адносіцца да катэгорыі цяжкіх, падлетак станоўча характарызуецца педагогамі і суседзямі, суд, як правіла, дае яму абмежаванне волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору.

— Ці можна сказаць, што ўсе непаўналетнія, якія здзяйсняюць злачын­ствы, з нядобранадзейных ­сем’яў?
— Гэтага сцвярджаць нельга. У большасці выпадкаў закон пераступаюць падлеткі, якія выхоў­ваюцца ў няпоўных сям’ях. Часта маці, якая адна гадуе сына або дачку, па розных прычынах не можа належным чынам кантраляваць іх паводзіны, што дае апошнім большую свабоду дзеянняў у параўнанні з дзецьмі з поўных сем’яў. Немалую ролю адыгрывае і складанае матэрыяльнае становішча сям’і, жаданне непаўналетняга мець такі ж мабільны тэлефон ці веласіпед, як у равеснікаў, якія яму не могуць купіць з-за недахопу грошай. Разам з тым ёсць прыклады, калі крадзеж здзяйсняюць дзеці з забяспечаных, прыстойных сем’яў, дзе бацькі працуюць, не п’юць, удзяляюць дастаткова ўвагі сваім нашчадкам. Але штосьці яны ўпусцілі ў іх выхаванні, не данеслі, што чужое браць нельга.

— Якую работу вы праводзіце па прафілактыцы злачынстваў сярод непаўналетніх?
— У мінулым годзе як інспектарамі інспекцыі па справах непаўналетніх, так і іншымі супрацоўнікамі РАУС праводзілася работа, накіраваная на выяўленне бацькоў, якія дапусцілі, каб іх дзеці знаходзіліся адны на вуліцы ў начны час. Вялікую ўвагу ўдзялялі прафілактыцы п’янства ў падлеткавым асяроддзі. З гэтай мэтай у перадвыхадныя і выхадныя дні нашы інспектары неслі службу ў другую змену ў месцах канцэнтрацыі моладзі: адпрацоўвалі гандлёвыя аб’екты, забаўляльныя ўстановы, інтэрнат Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. У выпадку выяўлення непаўналетніх у стане алкагольнага ап’янення або ў момант распіцця спіртнога ўстанаўлівалі ўсе абставіны дадзенага правапарушэння: з кім пілі, хто і дзе набыў спіртное, каб папярэдзіць іншыя правапарушэнні і злачынствы. Дзякуючы гэтаму летась на тэрыторыі раёна не дапушчана здзяйснення злачынстваў непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення.

Акрамя таго, на працягу года мы выступалі ва ўстановах адукацыі Пастаўшчыны, па мясцовым тэлебачанні, ладзілі для падлеткаў спартыўныя мерапрыемствы і круглыя сталы. Сумесна з судом і пракуратурай правялі два выязныя судовыя пасяджэнні, запрасіўшы на іх непаўналетніх, схільных да здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў. Таксама запрашалі бацькоў, выступалі на бацькоўскіх сходах у школах, даводзілі да татаў і мам інфармацыю па дзіцячай злачыннасці за 2017 год, прыводзячы канкрэтныя прыклады. У чэрвені для вучняў школ была арганізавана экскурсія ў ізалятар часовага ўтрымання РАУС, разам з райкамам БРСМ у перыяд летніх канікулаў наладжана работа валанцёрскіх атрадаў. У іх увайшлі ў тым ліку непаўналетнія, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа.

Ва ўсіх установах адукацыі раёна — а іх 17 — маюцца куткі прававых ведаў, дзе мы размяшчаем прафілактычную інфармацыю для школьнікаў. Таксама летась у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» створана група ўчастковых інспектараў РАУС. Там запрашаем у сябры ўсіх непаўналетніх, у першую чаргу тых, у дачыненні да якіх праводзім індывідуальную прафілактычную работу. Зайшоўшы на нашу старонку, падлеткі могуць задаць пытанні, якія іх хвалююць. Змяшчаем відэаролікі прафілактычнага характару — з судовых пасяджэнняў, інтэрв’ю з непаўналетнімі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, і інш.

— А як часта бываеце ў ­сем’ях?
— Сваіх падапечных мы наведваем не радзей чым раз у месяц. Гэта робяць не толькі інспектары інспекцыі па справах непаўналетніх, але і іншыя супрацоўнікі міліцыі — падчас нясення службы або пры правя­дзенні спецыяльнага комплексу мерапрыемстваў «Падлетак». Прыехаўшы ў сям’ю, праводзім растлумачальную работу з бацькамі, высвятляем лад жыцця непаўналетняга. Добра, калі бацькі ідуць насустрач, бачаць праблему і стараюцца з нашай дапамогай яе вырашыць. Там, дзе яны праяўляюць зацікаўленасць, ёсць вынік.

— Што збіраецеся рабіць, каб палепшыць статыстыку падлеткавай злачыннасці?
— Адразу заўважу: міліцыя — не адзіны суб’ект прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Ёсць і іншыя: камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, аддзел па адукацыі, у прыватнасці орган апекі і папячыцельства. Пытанне парушэння закону падлеткамі разглядалася нядаўна на пася­джэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе намечаны мерапрыемствы, якія будуць праводзіцца ўсімі зацікаўленымі. Што датычыць нас, то мы збіраемся ўдзяліць асаблівую ўвагу непаўналетнім, якія не дасягнулі ўзросту наступлення крымінальнай адказнасці, паколькі летась у раёне здзейснена 9 злачынстваў дзецьмі да 14 гадоў. Разам з аддзелам па адукацыі і райкамам БРСМ яшчэ актыўней зоймемся арганізацыяй вольнага часу школьнікаў і навучэнцаў каледжа ў перыяд канікулаў. Бу­дзем ажыццяўляць і іншыя прафілактычныя мерапрыемствы, якія называў вышэй.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.