Поставский рыбак Всеволод Артахимович подружился с жителем озера Задевское — лебедем Гулей

Важное Экология

Пасябравалі Гуля з Севам

«Да рыбака на возеры Задзеўскае прыбіўся лебедзь. Прылятае ўжо некалькі дзён запар. Я ўжо і фотасесію ім арганізаваў. Калі цікавішся, вышлю здымкі, дам тэлефонны нумар рыбака», — падзяліўся са мной тэмай наш пазаштатны фотакарэспандэнт Сяргей Вшыўкаў. Яшчэ б! Зразумела, цікаўлюся. Але распытаць чалавека па тэлефоне пра белакрылага сябра — пазбавіць сябе магчымасці паназіраць за абаімі, не атрымаць зарад пазітыву.

— Усевалад Віктаравіч! Хачу палюбавацца на ваша сяброўства з дзікай птушкай. Калі да вас пад’ехаць? — пытаюся ў аматара зімовай рыбалкі.

— Хоць зараз. Мы з Гулем на месцы. Я вас сустрэну, — адказвае мужчына.

На ўсялякі выпадак бяру фотаапарат і адпраўляюся на Задзеўскае. Мне насустрач па лёдзе крочыць Усевалад Атрахімовіч. Ад энергічнай хады і ветру развіваюцца полы яго зялёнага непрамакальнага плашча. У мяне так хутка шпацыраваць па слізкай паверхні возера не атрымліваецца, але цікаўнасць і прадчуванне радасці прытупляюць пачуццё страху, прымушаюць рухацца шпарчэй. Інтарэс падагравае і той факт, што з берага лебедзя зусім не відаць — прыстанак рыбака і птушкі знаходзіцца на сярэдзіне возера.

— Тыдні два таму сяджу рыбачу і раптам чую: шух, шух, шух. Паварочваюся — ля мяне прызямляецца лебедзь. Стаў і глядзіць у вочы, — расказвае мой суразмоўца пра неспадзяванае знаёмства. — Заўсёды нашу з сабой хлеб, каб падкормліваць рыбу. Пачаставаў і лебедзя. Ведаю, што дзікіх птушак не рэкамендуецца карміць, але як утрымацца, калі такі прыгажун стаіць і глядзіць на цябе ў чаканні ласунку?

Лебедзь ацаніў добразычлівасць чалавека і стаў з’яўляцца на возеры штодня. Прылятае аднекуль з боку Хаціл і накіроўваецца да Усевалада Віктаравіча. Калі таго яшчэ няма на месцы, угледзеўшы мужчыну здалёк, ідзе яму насустрач. Распарадак дня птушкі наступны: паесць прысмакаў, якія прыносіць Сева (так мужчыну называюць знаёмыя), пап’е вады з лункі і кладзецца спаць, хаваючы галаву пад крыло. Прачнецца — і ўсё паўтараецца. Ад таварыша, якога сам і выбраў, Гуля не адыходзіць ні на крок. Усевалад Віктаравіч так і кажа: «Мой кампаньён». І сцвярджае, што з таго часу, як птушка яго ўпадабала, улоў стаў лепшым. Нават злавіў паўтаракілаграмовага шчупака на донку. Так і бавяць разам час.

І хоць мой суразмоўца ўсёй душой паспеў прыкіпець да лебедзя і даць яму мянушку, усё ж такі Гуля —птушка дзікая. Хлебныя крошкі з рук не бярэ, не дазваляе сябе гладзіць. І ў той жа час «выхаваная»: на людзей не сыкае, улоў не адбірае. Адзінае, што дазваляе сабе, дык гэта ўзняць крылы пры набліжэнні чужога чалавека, даючы зразумець, што гэта яго тэрыторыя. Да рыбакоў адносіцца прыязна.

Не прыняў баявую стойку і пры маім з’яўленні. Можа, таму, што наблізілася з яго сябрам? Не ведаю. Ніяк лебедзь не рэагаваў і на шчаўчкі фотаапарата, толькі выгінаючы доўгую шыю, з задавальненнем еў хлеб, якім яго частаваў Усевалад Віктаравіч. Назіраць за імі было сапраўднай асалодай.

Ужо праводзячы мяне да берага, Усевалад Атрахімовіч прызнаўся, што за ўвесь яго рыбацкі «стаж», а гэта 50 гадоў, з ім такая прыгода здарылася ўпершыню.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.