В центре внимания — комфорт поставчан. Работники коммунальной службы готовятся к отопительному сезону заранее

Экология Экономика

Пётр Астроўскі шчапае дровы на гідраўлічным калуне

Пра тое, каб зімой у кватэрах пастаўчан было цёпла, а з кранаў лілася гарачая вада, работнікі камунальнай службы пачынаюць клапаціцца задоўга да ацяпляльнага сезона. Асаблівая ўвага надаецца якасці паслуг, рацыянальнаму выкарыстанню паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Для гэтага прадпрыемства ўкараняе энергазберагальныя мерапрыемствы. Асноўныя з іх — замена зношаных цепласетак і старога помпавага абсталявання на сучаснае.

— Летась было заменена больш за 3 кіламетры цеплавых сетак, на 4 кацельнях з’явілася новае помпавае абсталяванне. Праведзена аптымізацыя сістэмы цеплазабеспячэння ў Ляхаўшчыне з закрыццём кацельні. Гэтыя захады дазволілі знізіць спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў на 374,98 тоны ўмоўнага паліва, альбо на 173 тысячы рублёў, — расказвала начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела УП ЖКГ Вольга Шыцько. — За апошні час стан цеплавых сетак значна палепшыўся. Так, калі 5 гадоў таму неабходна было замяніць 40% зношаных сетак на сучасныя перадізаляваныя трубы, то зараз — 2%.

Замена сетак дазволіла прадухіліць аварыі на іх,  знізіць страты цеплавой энергіі пры яе транспарціроўцы на 7,5 працэнтнага пункта — з 21,7% да 14,2%. А гэта дазваляе скараціць вытворчасць цеплавой энергіі.



За мінулы год 24 кацельні УП ЖКГ спажылі 5,1 мільёна кубоў прыроднага газу, 20 тысяч кубоў дроў і 29 тысяч кубоў шчапы. Доля выкарыстання мясцовых відаў паліва складае 63,9%.



Пры павышэнні якасці цеплазабеспячэння камунальнікі не абмяжоўваюцца толькі заменай сетак. Так, у кастрычніку 2017 года на кацельні «Паставы-1», якая абслугоўвае мікрараён вуліцы Юбілейнай, запушчаны другі, дадатковы, кацёл. Ён працуе на шчапе. Дзякуючы выкарыстанню мясцовага віду паліва, удалося практычна цалкам адмовіцца ад прыроднага газу. У прыватнасці, летась на гэтай кацельні зрасходавана 62,5 тысячы кубічных метраў імпартуемага паліва, раней дадзеная лічба перавышала мільён кубічных метраў.

Імпартазамяшчэнне прыроднага газу за кошт павелічэння ў балансе паліўна-энергетычных рэсурсаў мясцовых відаў паліва — адна з прыярытэтных задач ЖКГ раёна. На балансе прадпрыемства знаходзяцца 24 кацельні. З іх толькі адна працуе на прыродным газе.  Адначасова выкарыстоўваюць і газ, і шчапу альбо дровы 6 кацельняў, астатнія 17 абыходзяцца выключна мясцовымі відамі паліва. У міжацяпляльны перыяд гарачая вада падаецца ў нашы дамы 5 разоў у ты­дзень, таксама дзякуючы дровам і шчапе. Два дні неабходныя для абслугоўвання катлоў.

Забяспечыць бесперабойную падачу ацяплення і гарачай вады немагчыма без своечасовай нарыхтоўкі неабходнай колькасці палі­ва. На пачатак бягучага ацяпляльнага сезона нарыхтавана 25 тысяч кубоў дроў, што складае 100% ад неабходнай гадавой патрэбы.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.