Работники жилищно-коммунального хозяйства приступили к устранению сезонной проблемы дорог — ямочному ремонту

Важное Общество

Дарожныя цыравальшчыкі — так называюць сябе рабочыя УП ЖКГ, якія займаюцца ямачным рамонтам гарадскіх вуліц

У мінулы аўторак рух аўтатранспарту па вуліцы 17 Верасня ў райцэнтры, на ўчастку каля дзяржаўнага каледжа, быў крыху замаруджаны. Але вадзіцеляў гэта не засмучала, наадварот. Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Пётр Каралёнак, Яўгеній Шчарбатых, Дзмітрый Галазубец і механізатар Дзмітрый Хардыкін (на здымку) у гэты дзень прыступілі да ліквідацыі сезоннай праблемы дарог — ямачнага рамонту.

— Разбурэнне дарожнага палатна ў вялікай ступені выклікаюць умовы надвор’я — перапады тэмпературы паветра, калі яна на працягу сутак вагаецца ад плюсавой да мінусавой, — тлумачылі рабочыя. — Вада трапляе ў шчыліны і замярзае, растае і зноў замярзае, тым самым разбураючы асфальт.

Найбольш ям на вуліцах з інтэнсіўным рухам. Некаторыя выбоіны дасягнулі гіганцкіх размераў і сталі небяспечнымі. Пасля таго як дарогі вызваліліся ад снегу, язда па іх стала сапраўдным выпрабаваннем для машын і вадзіцеляў. Тым не менш ямачны рамонт у некаторых выклікаў абурэнне, маўляў, гэтай работай трэба займацца вясной.

— Ужо другі год працуем з халодным асфальтам, — расказваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Пляшкун. —  Сучасная тэхналогія дазваляе «латаць» ямы нават пры 15-градусным марозе.

Тэхналогія простая: рабочыя здымаюць да 5 сантыметраў слою дарожнага пакрыцця, ачышчаюць яму і запаўняюць яе аргана-мінеральнай складзіруемай сумессю. У яе састаў уваходзяць шчэбень, бітум, спецыяльны мадыфікатар. Вырабляюць гэту сумесь на асфальтабетонным заводзе філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132». Халодны асфальт засыпаецца ў рэцыклер. Механізатар Дзмітрый Хардыкін адказны за яго разагрэў. Яма засыпаецца «паслухмянай» сумессю і  ўтрамбоўваецца.

— Работа для нас не новая, — гаварылі дарожныя цыравальшчыкі. — Летась таксама «латалі» гарадскія вуліцы. Хоць ямачны рамонт — мера часовая, але ўсё ж робіць дарогі больш бяспечнымі для руху.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.