«Роман» длиной в 13 лет. По итогам 2018 года Олег Дашкевич во второй раз признан лучшим страховым агентом Витебщины и награжден Почетной грамотой Белгосстраха

Личности Общество

Героем газетнага артыкула Алег Дашкевіч з вёскі Манькавічы становіцца не ўпершыню. Некалькі гадоў назад мы пісалі пра яго вялікую падсобную гаспадарку, не раз расказвалі пра працоўныя дасягненні. І вось нагода зноў звярнуцца да апошняй тэмы: напрыканцы 2018-га Алег Мікалаевіч у другі раз прызнаны лепшым страхавым агентам Віцебшчыны і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Белдзяржстраху.

Яго «раман» са страхаваннем пачаўся 13 гадоў назад. Да гэтага А. М. Дашкевіч доўгі час працаваў на рынку як індывідуальны прадпрымальнік і ўсё часцей задумваўся над тым, што трэба шукаць работу ў дзяржаўнай структуры. А тут на вочы пастаянна траплялася аб’ява ў раённай газеце: прадстаўніцтву Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне патрабуецца страхавы агент на лынтупскую зону.

— Там ніхто падоўгу не затрымліваўся: папрацуюць месяц-паўтара і ўцякаюць, за год па некалькі чалавек мянялася, — расказваў мужчына. — Вырашыў паспрабаваць. Спачатку далі ўчастак ад Палесся да граніцы з Літвой, а таксама вуліцу Чыгуначную ў Лынтупах. Праз некаторы час пайшла ў дэкрэтны водпуск агент, якая абслугоўвала камайскі бок, і я папрасіў дырэктара прадстаўніцтва аддаць мне яе ўчастак.

Зараз «уладанні» Алега Мікалаевіча — 51 вёска, цалкам Лынтупы і вуліца Ціхая ў Паставах. Усё насельніцтва на гэтай тэрыторыі ведае як свае пяць пальцаў: хто калі ажаніў­ся, развёўся, пераехаў.

— Усе дзеці, якіх пачынаў страхаваць, выраслі на маіх вачах. А колькі за гэты час знікла вёсак! — бядуе. — ­Едзеш — сэрца крывёй абліваецца! Адны жыхары памерлі, іншыя выехалі. Насельніцтва змяншаецца катастрафічна. Вельмі складана кожны год выконваць даведзены план і даваць прырост. Звычайна, студзень — самы напружаны месяц. Толькі прадоўжыць трэба больш за 300 дагавораў добраахвотнага страхавання, плюс сабраць прыблізна 1,5 тысячы абавязковай страхоўкі і застрахаваць з тры дзясяткі машын.

Трымаць узнятую ім жа самім планку Алегу Мікалаевічу ўдаецца за кошт унутранай харызмы і ўмення пераконваць свайго суразмоўцу. Прычым робіць гэта заўсёды з прывядзеннем канкрэтных прыкладаў на карысць страхавання, якіх ва ўласнай практыцы нямала. Адзін з апошніх — нядаўна ў Лынтупах пад цяжарам снегу зламаліся пяць полі­карбанатных цяпліц і хлеў, іх гаспадары страхавалі маёмасць і цяпер атрымаюць добрыя выплаты. У такіх выпадках немалую ролю адыгрывае і сарафаннае радыё. Але ў першую чаргу ўсё залежыць ад псіхалогіі страхавальніка. За столькі гадоў работы з першых слоў гутаркі з людзьмі агент адразу бачыць, ці будзе чалавек афармляць дагавор.

— Калі хоць крыху сумняваецца, страхавацца або не, я стараюся ўгаварыць, закладу суму ўзносу ўласнымі грашыма, але выпішу квітанцыю. Ну а доўг потым вяртаюць з зарплаты, — кажа ён.

Давяраюць свайму страхавому агенту і вяскоўцы. Некаторыя нават даюць яму банкаўскія карты са словамі: «Здымеш грошы, возьмеш, колькі трэба на страхоўку, а астатняе прывязеш». І гэта пры тым, што гадоў 10 назад многія і чуць не хацелі пра страхаванне, маглі не толькі адборным матам аблажыць, але і сабак спусціць або сустрэць на парозе хаты з сякерай ці малатком.

Зараз на ўчастку А. М. Дашкевіча дагаворы страхавання жылля і маёмасці, аўтатранспарту, хатняй жыўнасці, жыцця і здароўя і іншыя афармляюць ледзь не ўсе вяскоўцы і каля 70 працэнтаў жыхароў Лынтуп, а таксама многія дачнікі з Мінска, іншых гарадоў. Да кожнага кліента Алег Мікалаевіч гатовы прыехаць у любы зручны для яго час. Аднойчы ў першага страхавальніка быў у 6 гадзін раніцы, а з апошнім развітаўся ў 10 вечара. Дабіраецца на сваёй машыне, нярэдка праяз­джаючы за дзень пад 300 кіламетраў. Бывае, дзесьці забуксуе, бо дарогі да глухіх вёсак не чысцяць ад снегу і не рамантуюць. Тады прыходзіцца брацца за лапату або прасіць пагранічнікаў ці знаёмых трактарыстаў, каб выцягнулі. Хоць хлеб страхавога агента нялёгкі, мяняць работу мужчына не збіраецца. Кажа: «Я падняў участак, цяпер шкада кідаць. Без мяне там усё можа разваліцца, бо наўрад ці хто іншы падступіцца».

Некаторыя экспанаты калекцыі

Дзякуючы рабоце, Алег Мікалаевіч захапіўся калекцыянаваннем — пачаў збіраць усё, што датычыць страхавання. Зараз у яго больш за сотню экспанатаў: таблічкі на дом, якія паведамляюць пра тое, што маёмасць застрахавана, нагрудныя значкі, пачкі запалак, партсігар з рэкламай Дзяржстраху, старажытная пячатка, брашуры для страхавальніка, страхоўкі і квітанцыі ад дарэвалюцыйнага да савецкага часу на рускай, польскай, беларускай і літоўскай мовах, розныя пасведчанні. Самыя старыя экспанаты — канца ХІХ стагоддзя. Усё гэта купляе праз інтэрнэт-аўкцыён.

Частку ўнікальнай калекцыі Алега Дашкевіча, роўнай якой няма нідзе ў Беларусі, можна ўбачыць на фотаздымках у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне. Вялікі інтарэс да яе праявілі і ў галаўной установе ў Мінску, папрасіўшы адправіць фота­здымкі экспанатаў для іх музея.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.