Руководитель народного клуба “Юнчанка” Ольга Николаева представила коллекцию белорусских кукол «От бабушки — к маме, от мамы — ко мне»

Культура

Прыгожа і са зместам

З Вольгай Нікалаевай мы пазнаёміліся, калі разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Гжаславаўнай Іжмайловіч прыехалі ў Юнькаўскі СДК, каб паглядзець на калекцыю беларускіх лялек. Малады майстар, кіраўнік народнага клуба “Юнчанка” Вольга Нікалаева дала ёй назву “Ад бабулі — да матулі, ад матулі — да мяне”. Нашаму здзіўленню не было межаў. Мы з захапленнем разглядалі незвычайныя экспанаты. Ярка і душэўна выглядалі гэтыя самаробныя лялькі. А потым пачалася размова.

— Вольга Анатольеўна, што падштурхнула вас да стварэння калекцыі?
— Напэўна, так сталі зоркі, — засмяялася субяседніца. — Дакладна не магу сказаць, з чаго ўсё пачалося, але настаў дзень, і я вырашыла, што буду займацца лялькамі. Спачатку вывучала матэрыял у інтэрнэце. Збірала практычна па крупінках, бо гісторыя беларускіх лялек мала даследавана.

— Якія асноўныя патрабаванні да вырабу народных лялек?
— Па-першае, нічога нельга праколваць іголкай — усё прымотваецца і прывязваецца. Тканіну пры вырабе лялек трэба не рэзаць, а рваць. Па-другое, лялька павінна быць крыжападобнай і ні ў якім разе не нагадваць сабой рэальнага чалавека. Твар, як правіла, не прамалёўваўся, заставаўся белым. Лялька без твару лічылася неадушаўлёным прадметам, недаступным для ўсялення ў яго злых сіл, а значыць, і бясшкоднай для чалавека. Ну і галоўнае: лялька абавязкова робіцца з добрымі думкамі, бо іх задача — абараніць чалавека ад злога, прыняць на сябе хваробы і няшчасці, павысіць дабрабыт.

— На сённяшні дзень у вашай калекцыі некалькі відаў лялек. Раскажыце пра іх.
— Па сваім прызначэнні лялькі дзеляцца на тры вялікія групы: лялькі-абярэгі, гульнёвыя і абрадавыя лялькі. У маёй калекцыі ёсць Берагіня (ахоўніца дамашняга ачага), Мамка і Куватка (заступніцы дзяцей, асабліва нованароджаных), Жаданніца, Аднаручка, Дзесяціручка. Яны аберагаюць сям’ю, дапамагаюць гаспадыні. Лічылася, што абярэгі Зернавушка, Траўніца, Падарожніца, Вяснянка дапамагаюць чалавеку на розных этапах жыцця. Ёсць дзве абрадавыя лялькі — Вербніца і Масленіца. А калекцыя гульнёвых лялек пастаянна папаўняецца. Ёсць там і Зайчык-на-пальчык, і Адарунак-у-падарунак, лялька Дзень-ноч і іншыя.

— Якія самыя любімыя?
— У маёй калекцыі ёсць некалькі аўтарскіх лялек. Гэта плён маёй фантазіі і майго бачання свету. Таму, напэўна, я іх і люблю больш. Хаця, безумоўна, пры іх стварэнні адштурхоўваюся ад асноўных правілаў вырабу лялек.

Сустрэча была змястоўнай і цёплай. Пытанні сыпаліся як з мяшка. Шкада толькі, што Вольга Анатольеўна не змагла распавесці нам пра тое, якія лялькі былі распаўсюджаны на Пастаўшчыне. Развіталіся, дамовіўшыся, што абавязкова даведаемся пра гэта і падзелімся інфармацыяй з ёй.

Звяртаемся па дапамогу і да чытачоў “Пастаўскага краю”. Калі хто мае такія звесткі, то па тэлефоне +375 (29) 215-94-00 імі можна падзяліцца з Галінай Гжаславаўнай Іжмайловіч. Вельмі хацелася б, каб гістарычная спадчына нашых продкаў не згубілася ў вяках.

Вікторыя Зелянкевіч, Аляксандра Казлова, вучаніцы 5 “В” класа СШ №1



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.