17 января экономический суд Витебской области вынес постановление о возбуждении производства по делу о банкротстве ОАО «Воропаевский деревообрабатывающий комбинат»

Местная власть Экономика

Па заяве ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат» 17 студзеня бягучага года эканамічны суд Віцебскай вобласці вынес пастанову аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб яго банкруцтве.

Некалі журналісты любілі прыязджаць на гэта прадпрыемства і рыхтаваць адсюль рэпартажы. Зараз давялося гутарыць не пра поспехі, а пра тое, як у сувязі з маючым адбыцца банкруцтвам людзям бачыцца іх далейшае жыццё. Але найперш пра тое, чаму ДАК з 74-гадовай біяграфіяй бясслаўна яе завяршае. Даць адказ на гэтае пытанне не ў маёй кампетэнцыі. Не пачула я яго і ад больш дасведчаных людзей — пакуль ідзе дэталёвае разбіральніцтва. Адназначна толькі тое, што здарылася гэта не ў адначассе — праблемы назапашваліся гадамі.

Прадпрыемства заснавана яшчэ ў 1944-м і паступова прырастала. Урэшце набыло такі размах, што ў найлепшыя савецкія гады на ім працавала да 900 чалавек. Але той час даўно ў мінулым. Мяняліся формы ўласнасці, ускладнялася эканамічнае становішча. Зношваліся асноўныя фонды, не хапала сродкаў на мадэрнізацыю. Год за годам павя­лічвалася канкурэнцыя, усё цяжэй стала атрымліваць заказы, знізіліся аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.` Раслі даўгі. Запазычанасць пастаўшчыкам сыравіны ДАКа на 1 студзеня бягучага года склала 483 тысячы рублёў, з іх 450 — пратэр­мінаваная, за падаткі, зборы і сацстрахаванне — 1 мільён 67 тысяч рублёў. Каб пагасіць гэтыя сумы, наўрад ці хопіць і маёмасці прадпрыемства. Дырэктар Дзміт­рый Балай, які заступіў на кіраўнічую пасаду менш чым год назад, прызнаецца: «Прымаючы прадпрыемства, я, на жаль, не ў поўным аб’ёме ўяўляў усю складанасць становішча. Верыў, што ёсць перспектыва. Аказалася — не. Праблемы назапашваліся гадамі, і мы не змаглі іх пераадолець».

На цяперашні час на ДАКу налічваецца 86 чалавек, 6 з якіх — у дэкрэтным водпуску. Разам з карэспандэнтам «Витебских вестей» мы размаўлялі з бухгалтарскімі, інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, радавымі рабочымі. Ва ўсіх — сум і разгубленасць. Для абсалютнай большасці ДАК нібыта другі дом, бо ўся іх працоўная дзейнасць звязана толькі з ім, у працоўных кніжках — адзіны запіс аб прыёме на работу. Розныя перыяды перажывала прадпрыемства: стабільнасці, узлёту, падзення, але такога, як зараз, у яго гісторыі не было. «Многія тут працавалі сем’ямі. А што рабіць цяпер? Куды падацца? Дзе здабываць сродкі на існаванне? У Варапаеве ж няма куды ўладкавацца», — з болем гаварылі людзі.


Ніхто не застанецца сам-насам са сваёй праблемай,
усе будуць працаўладкаваны


Аднак не так усё безнадзейна. Як толькі стала вядома пра маючае адбыцца банкруцтва, у калектыў прыехалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і яго намеснік Ірына Несцяронак, начальнік упраўлення па працы і занятасці райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі і намеснік дырэктара па вытворчасці вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод Беліт» Дзмітрый Петух з канкрэтнымі прапановамі. Кіраўнік раёна аўтарытэтна заявіў, што ніхто не застанецца сам-насам са сваёй праблемай, усе будуць працаўладкаваны. Прадстаўнікі «Паставымэблі» і «Беліта» выказалі гатоўнасць прыняць ДАКаўцаў на свае прадпрыемствы. Была арганізавана паездка варапаеўцаў на «Беліт» з мэтай азнаямлення з умовамі працы.

25 чалавек выказалі жаданне трапіць на ААТ «Паставымэбля». «Хто шукае работу, без яе не застанецца, — упэўнены Сяргей Лацецкі. — Чатыры чалавекі з ДАКа перайшлі да нас ужо год таму, і мы імі задаволены. Будзем прымаць і іншых. Вядома, не агулам, а пасля гутаркі з кожным, з улікам здольнасцей чалавека. Магчыма, і пераводам. У нас растуць аб’ёмы вытворчасці, і папаўненне калектыву за лік лю­дзей, якія маюць вопыт працы ў дрэваапрацоўцы, пой­дзе толькі на карысць справе. Ведаю, што прадукцыю варапаеўцы выпускаюць якасную, значыць умеюць працаваць. Гатовы прыняць не менш за 20 чалавек і арганізаваць іх працу ў адну змену, каб не ўзнікала разнабою з дастаўкай. Заработкі ў нас неблагія, маюцца ўсе сацыяльныя гарантыі».

Гатовы расчыніць дзверы перад варапаеўцамі і «Беліт». Але пакуль не імкнецца ніводны. Чаму? «Там мы ніколі не выканаем норму выпрацоўкі», — спалохаліся, паназіраўшы за тэмпамі работы «белітаўцаў», занятых на рэзцы матэрыялаў для вырабу тэхнічнай сурвэткі (менавіта ў гэты цэх патрабуюцца рабочыя), ды наслухаўшыся «сарафаннага радыё». А намеснік дырэктара «Беліта» Дзмітрый Петух пераконваў нас, журналістаў, што і праца на прадпрыемстве не звышцяжкая, і перспектывы добрыя. «Вытворчы працэс патрабуе таго, каб рабочая змена доўжылася з 7.00 да 19.00, затое два наступныя дні — выхадныя. За змену на спецыяльнай машыне трэба нарэзаць 600 кілаграмаў сыравіны, папярэдне выдаліўшы з яе ўсю фурнітуру, і адсартаваць тканіну па структуры. Першыя тры месяцы, пакуль чалавек набывае патрэбныя навыкі, у дадатак да заробленага яму выплачваецца 80 рублёў вучнёўскіх. Некаторыя з першага месяца выконваюць норму. Заработкі — да 1 тысячы рублёў у месяц. Выдаюцца талоны на малако, пылаўлоўныя рэспіратары, ёсць душавыя кабіны. Прадастаўляецца поўны сацыяльны пакет».

Можа, Дзмітрый Петух прыхарошвае становішча, каб прывабіць рабочую сілу? Французскі філосаф Рэнэ Дэкарт сказаў: «Падвяргай усё сумненню». Падвергла і я і перад напісаннем матэрыялу патэлефанавала сваёй знаёмай Ганне Шыпко, якая год назад прыйшла на «Беліт», а да гэтага працавала вартаўніком і на паўстаўкі — дворнікам ва УП ЖКГ. І вось што пачула: «Няпраўда, што наша праца неймаверна цяжкая. Я асвоіла працэс менш чым за два месяцы. За змену наразаю па 650 кілаграмаў сыравіны і зарабляю да 600 рублёў, а на ранейшым месцы работы не атрымлівала і 300. Калі не лянуешся, усё атрымліваецца. Побач са мной працуюць як маладыя дзяўчаты, так і пенсіянеркі. Ёсць і такія апантаныя, хто застаецца звышурочна або прыходзіць на змену раней. Яны зарабляюць і па 1000 рублёў у месяц». Дык чаму б не паспрабаваць свае сілы і варапаеўцам? Тым больш што на ДАКу апошнім часам яны зараблялі мінімум.

Зразумела, што працаваць на прадпрыемстве, размешчаным па месцы жыхарства, было вельмі зручна для пасялкоўцаў. На змену дабіраліся пехатой або на веласіпедах, паспявалі з’ез­дзіць дадому паабедаць. Але становішча змянілася. І не толькі ў іх, але і на многіх ін­шых прадпрыемствах краіны. Калі раней работа шукала людзей, то зараз людзі — работу. Многія дабіраюцца і за паўсотню кіламетраў, а ад Варапаева да Пастаў — 25. Раённая ўлада абяцае паклапаціцца пра падвоз. Адназначна, што пасля банкруцтва ДАКа ўсім яго работнікам давядзецца кардынальна мяняць сваё жыццё. Несумненна, становішча складанае, але не бязвыхаднае. Некаторыя абачліва ўжо звольніліся і ўладкаваліся ў Варапаеве і Дунілавічах, іншых запрашае райцэнтр. Тое, што і ў Паставах, а таксама ў раёне няма ніякай работы, як раздуваецца асобнымі журналістамі ў інтэрнэце, — хлусня. Адкрыйце любы нумар «Пастаўскага краю» — і ўбачыце цэлыя калонкі аб’яў пад рубрыкай «Патрабуюцца». Патрабуюцца вадзіцелі, трактарысты, менеджары, дарожныя рабочыя, прадаўцы, электрыкі, будаўнікі, жывёлаводы і іншыя. Некаторыя такія аб’явы паўтараюцца па некалькі разоў. Дык хіба гэта не сведчыць пра тое, што рынак працы ў раёне ёсць?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.