Стройплощадкам — безопасность и эстетику. На строительных объектах Поставщины существенных нарушений нет

Важное Общество

Зараз у краіне надаецца піль­ная ўвага тэхналагічнай і выканаўчай дысцыпліне на будаўнічых пляцоўках. Парадак павінен быць абсалютна ва ўсім. Ці адпавядаюць аб’екты, якія ўзво­дзіць ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі», існуючым патрабаванням, карэспандэнт «ПК» Вераніка Філановіч разам з галоўным інжынерам і інжынерам па ахове працы прадпрыемства Славамірам Кухальскім і Уладзімірам Фаміным, а таксама інжынерам тэхнагляду ДП «УКБ Пастаўскага раёна» Пятром Чарванцом адправілася ў рэйд.

Крыху перадгісторыі. Па выніках мінулагодніх праверак больш за палову будаўнічых пляцовак у Беларусі не адпавядаюць нормам. І такая тэндэнцыя захоўваецца з года ў год. Надышоў час яе мяняць. Пра тое, што за справу ўзяліся не на жарт і адны інспектары на аб’ектах будоўлі змяняюць другіх, кажуць і мае спадарожнікі:

— Вы нашы сёмыя правяральшчыкі, — гаворыць Славамір Здзіслававіч, удакладняючы маршрут. — Днямі чакаем яшчэ двух з вобласці.

Пад’язджаем да першай будаўнічай пляцоўкі. Яна абгаро­джана 2-метровай фасаднай сеткай зялёнага колеру. На ёй, а таксама на металічных варотах — разнастайныя папера­джальныя, дазваляльныя і забараняльныя знакі, якія рэгламентуюць правілы паводзін на аб’екце. Побач — яго пашпарт. Як тлумачаць мне спецыялісты, выкананы ён у адпаведнасці з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі і ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю: адрас і найменне аб’екта, дазвол органа Дзяржбуднагляду, звес­ткі пра заказчыка, праектную і падрадную арганізацыі, адказнага за вытворчасць работ, кіраўніка аўтарскага нагляду, адказную асобу тэхнічнага нагляду, тэрмін пачатку і заканчэння будаўніцтва.

Непасрэдна на аб’екце, куды ўваход староннім забаронены, размясціліся бытавыя вагончыкі для работнікаў, падведзена электрычнасць, ёсць альтанка для курэння. На драўляных пракладках у два ярусы ляжаць фундаментныя блокі для сцен падвала, недалёка ад іх — стог саломы, накрыты ад дажджу і снегу цэлафанавай плёнкай. Ідзе мантаж вежавага крана і рэйкавых пуцей, па якіх ён бу­дзе перамяшчацца. Побач — вялікі катлаван. У ім, нібы мурашы, шчыруюць будаўнікі — заліваюць у апалубку маналітны жалезабетонны растверк, а каб лепш схопліваўся, «ухутваюць» кастрыцай і саломай.

Праз паўгода на месцы катлавана будзе красавацца 60-кватэрны жылы дом, адрас якога: вуліца Зялёная, 25.

— Так, усе ў касках, — адзначаю для сябе, але ўслых.

— Сямёнавіч, падыдзі бліжэй, — адразу рэагуюць інжынеры. — Пакажы свой галаўны ўбор.

Да нас набліжаецца мужчына ў чорнай шапцы. Яна нечым нагадвае вушанку, але мае больш сучасны выгляд і закругленая ўверсе.

— Гэта не шапка, а каска, — кажа яе ўладальнік. — Падарунак кітайскіх калег, якія ўзводзілі падстанцыю ў Бірвіце.

Наступны прыпынак — будучы 12-кватэрны жылы дом у вёсцы Хацілы. Пакуль жа выконваецца цагляны мур другога паверха.  Роўнымі радамі на пракладках захоўваюцца газасілікатныя блокі, перамычкі, пліты перакрыцця. На адным «стосе» пліт ляжыць траверс. Пры яго дапамозе яны і будуць манціравацца. Цэгла і дровы (імі ацяпляюць вагончыкі) пад плёнкай. Каля іх стаяць некалькі мяхоў керамзіту ў заводскай упакоўцы. Ёсць схема перамяшчэння па аб’екце. Агульную станоўчую карціну псуе агароджа: у ёй не назіраецца аднастайнасці матэрыялаў, з якіх яна зроблена.

Няма яе, аднастайнасці ў агароджы, і ў Азёрках, дзе распачаты капітальны рамонт з мадэрнізацыяй спальнага корпуса. ­З-за­ адсутнасці фінансавання зараз работы на будаўнічай пляцоўцы прыпыненыя. Магчыма, па гэтай жа прычыне ў пашпарце аб’екта адсутнічае тэрмін заканчэння будаўніцтва.

Яшчэ адна будоўля — малочнатаварны комплекс у вёсцы Волахі. Тут вядуцца падрыхтоўчыя работы, але ўжо зараз адчуваецца яе размах і па тэрыторыі, і па колькасці пліт перакрыцця і паўрам на аб’екце. Гады праз два замест чыстага поля тут будуць тры кароўнікі на 320 галоў кожны, будынак для сухастойных кароў на такую ж колькасць, прафілакторый для цялятак. Таксама прадугледжаны дзве свідравіны, станцыя абезжалезвання, тры ачышчальныя збудаванні, гнаясховішча на 9 тысяч тон, 7 сянажных траншэй на 1500 тон кармоў кожная, падстанцыя. Новы комплекс будзе цалкам аўтаномны. Яго каштарысны кошт на 1 мая 2018 года складаў 17 мільёнаў 656 тысяч 801 рубель.

Пакуль што на аб’екце пракапаны абводны канал, зманціраваны каркас прафілакторыя. На момант прыезду падсыпаўся грунт пад чыставую падлогу аднаго з кароўнікаў.

На ўсіх чатырох аб’ектах прыбрана, адсутнічае будаўнічае смецце. Як на мой погляд, істотных парушэнняў няма.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.