Учитель физической культуры и здоровья Новоселковской школы Геннадий Ластовский готовит снежных снайперов

Важное Образование Спорт

На сёлетняй раённай лыжні выдатна выступілі каманды з Навасёлак. І ўсе ўдзельнікі, у каго ні пыталася, як адзін, сцвярджалі: гэта ў многім заслуга настаўніка фізічнай культуры і здароўя мясцовай школы Генадзія Ластоўскага.
Зацікавілася. «Ён — заўзяты лыжнік. Ведае пра гэты від спорту ўсё: як пераадольваць трасу, даглядаць інвентар, заахвочваць вучняў, — пачула ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. — Абавязкова напішыце пра яго».

Фізруком Генадзій Рышардавіч працуе ўжо 28-ы год. Асноўная частка яго працоўнай біяграфіі звязаная са Старадворскай школай, апошнія два гады прывівае любоў да спорту навучэнцам Навасёлкаўскай.

— Адкуль растуць ногі? — маю на ўвазе інтарэс да спорту.

— Спорт падабаўся з дзя­цінства. Ды і ўвогуле, у той час зімовы адпачынак быў немагчымы без катання на лыжах і гульні ў хакей, — адказваў суразмоўца. — Паўплываў на захапленне спортам і настаўнік Канстанцін Аляксеевіч Пашкевіч, які выкладаў фізкультуру ў Варапаеўскай школе. Першыя перамогі ў школьных, раённых, абласных спаборніцтвах акрылілі, падштурхнулі дабівацца новых рэкордаў.

У школьныя гады выканаў ІІ разрад па лыжах. Хадзіць на іх так падабалася, што вырашыў паступаць у Мінскі інстытут фізічнай культуры на спецыялізацыю «Лыжныя гонкі». Мара спраўдзілася. Сваё захапленне спортам усё жыццё імкнуўся перадаць не толькі вучням, але і сваім сыну і дачцэ. Атрымалася.

— Заўсёды пераадольваю трасу разам з вучнямі. Усяму вучу іх. Паказваю, як правільна спускацца з горак, рабіць павароты і прыпынкі, працаваць рукамі і нагамі, як дыхаць.  Адным словам, усю тэхніку ходу на лыжах, — працягваў Генадзій Рышардавіч. — У школе для заняткаў лыжным спортам ёсць неабходны інвентар. Летась яго папоўнілі яшчэ 8 поўных камплектаў (лыжы, палкі, спецыяльны абутак), якія падарыў навучальнай установе дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. Гэтыя лыжы лепш слізгаюць, таму ў асноўным выкарыстоўваем іх падчас спаборніцтваў.

У некаторых энтузіястаў ёсць уласныя лыжы. А пасля сёлетняй зімы, якая прынесла дастаткова перамог, многія таксама загарэліся набыць іх. А ўвогуле, чым раней пачаць вучыць дзетак хадзіць на лыжах, тым лепшага выніку можна чакаць, упэўнены настаўнік. Бо ў іх паступова фарміруецца ўпэўненасць ва ўласных сілах, а гэта, у сваю чаргу, падштурхоўвае не толькі замацаваць вынік, але і палепшыць яго. З гэтай мэтай катаюцца па ўсім наваколлі.

У апошні час на спаборніцтвах паміж навучэнцамі ўстаноў адукацыі набывае папулярнасць каньковы ход. Яго яшчэ называюць вольным лыжным стылем. Ён прымяняецца ў  біятлоне (на лыжных гонках прытрымліваюцца класічнага лыжнага стылю) і патрабуе адпаведнай трасы. У натуральных умовах яе могуць зрабіць снег і маразы, потым — адлі­га, а пасля яе зноў павінны ўсталявацца маразы. Такое надвор’е спрыяе ўшчыльненню снежнага покрыва.

Вучні Генадзія Ластоўскага ўдзельнічаюць у спабор­ніцтве «Снежны снайпер» з моманту яго заснавання. З кожным годам умовы стартаў ускладняюцца. Напрыклад, калі раней яны праводзіліся ў дзвюх узроставых катэгорыях і прадугледжвалі ход класічным стылем і стральбу з вінтоўкі ў ціры, то зараз яны нічым не адрозні­ваюцца ад тых, што мы бачым па тэлебачанні падчас трансляцыі прафесійнага біятлона: лыжная гонка, стральба па мішэні з пазіцыі лежачы, штрафныя кругі… Дадалася і трэцяя ўзроставая група. Зараз паміж сабой сапернічаюць вучні 5—6, 7—8, 9—10 класаў.

Амаль кожны год палову складу раённай каманды па дзіцячым біятлоне складаюць вучні Генадзія Рышардавіча. Зараз асноўная «абойма» Навасёлкаўскай школы — Павел Сініца, Вольга Бушманава, Юля Татарына, Яраслаў Архіпаў, Ульяна Дзехцяронак, Аляксандр Дубіновіч, Ягор Бугай, Анжаліка Булышка, Меліке Кулёнак і Антон Зямчонак.

Сёлета на абласным этапе «Снежнага спайпера» каманда нашага раёна паказала добры вынік па стральбе: два школьнікі нават выбілі 10 мішэняў з 10. Але падвёў каньковы ход. Як выправіць сітуацыю, Генадзій Ластоўскі шмат разважаў і ўжо мае некаторыя напрацоўкі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.