Дети войны — дети Победы. Память Ядвиги Михайловны Гайкович хранит много эпизодов времен Великой Отечественной войны

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Важное Общество

Помніцца, як сёння

«Вось што яшчэ вам не сказала, — патэлефанавала на наступны дзень пасля нашай сустрэчы жыхарка райцэнтра Ядвіга Міхайлаўна Гайковіч. — Калі пасля Перамогі праз нашу мясцовасць ішлі савецкія воіны-вызваліцелі, мы, дзеці, зрывалі кветкі, складвалі іх у букеты і кідалі ім у машыны. Адзін салдацік падхапіў мяне на рукі, пацалаваў і падарыў маленькае круглае люстэрка і крыху цукру ў мяшэчку».

Эпізодаў часоў Вялікай Айчыннай у яе памяці засталося шмат. Імі жанчына і пажадала падзяліцца ў нашым рэдакцыйным праекце «Дзеці вайны — дзеці Перамогі».

1 красавіка 1941-га ёй, дзяўчынцы з валкалацкага хутара, што ў Докшыцкім раёне, споўнілася пяць гадкоў. 22 чэрвеня пачалася вайна, а праз пяць месяцаў дачасна памерла маці. Засталося пяцёра дзяцей, старэйшаму — дзевятнаццаць, малодшай — пяць з паловай. Сям’я вялікая, працы шмат, таму бацька мусіў прывесці ў дом іншую гаспадыню.

«На шчасце, цётка Марыя была вельмі добрая і спагадная, шкадавала нас, — успамінала Ядвіга Міхайлаўна. — Я да гэтага часу малюся за спачын душы нашай другой мамы».

У дзяцей абвостранае ўспрыняцце свету. Яны чулі расказы дарослых пра зверствы фашыстаў, як тыя палілі хаты, расстрэльвалі людзей або палілі іх жывымі, кідалі ў студні дзяцей, і страх пасяляўся ў іх сэрцайках. Пяцігадовая Ядзя ўпершыню ўбачыла немца, калі ён ехаў па дарозе на веласіпедзе. Насустрач бег сабака, і немец застрэліў яго. «Спалохалася, што і мяне заб’е, — успамінае праз дзесяцігоддзі. — Дадому прыбегла сама не свая, і ў той жа дзень паднялася высокая тэмпература, я пачала трызніць. Ты­дзень праляжала ў ложку, гарэла агнём. Невядома, чым бы гэта закончылася, калі б бацька не прывёз шаптуху, якая замовіла ад спужання, і мне палягчэла. А яшчэ вельмі баялася самалётаў. Калі яны з’яўляліся ў небе, заўсёды бегла хавацца ў кусты».

Іх хата прыцягвала ўвагу партызан, бо была не драўляная, а глінабітная. Сцены таўшчынёй паўметра кулі не прабілі б, а значыць было бяспечна схавацца за імі. Наступаючы, фашысты ўзялі яе на прыцэл (напэўна, мелі звесткі, што тут размясціліся партызаны, і намерваліся знішчыць іх). Напярэдадні бацька на кані павёз дачушак да іх цёткі ў Паставы — далей ад бяды. Старэйшы сын быў вывезены ў няволю ў Нямеччыну, два другія недзе схаваліся. Калі пачаўся абстрэл, у хаце заставалася адна мачаха. Першы мінамётны снарад не даляцеў да хаты — разарваўся непадалёк, утварыўшы вялікую яму. Другі вырваў пражыліну страхі. З акон павысыпалася шкло, у шафе разбіўся посуд. Гаспадыня хавалася за печчу, дзе немцы яе і знайшлі і ўчынілі з дапамогай перакладчыка допыт. Адказала, што партызаны сапраўды спыняліся ў хаце і двары, але куды пайшлі далей, яна не ведае. Як за выратавальную саломінку, схапілася за пісьмо ад пасынка з Германіі і паказала яго, каб запэўніць, што хлопец не ў партызанах. Адпусцілі. А маглі расстраляць, як расстрэльвалі дзясяткі, сотні іншых бязвінных людзей. Як расстралялі дзяўчыну з Загачча, якая выехала з дома на дарогу вярхом на кані і была заўважана акупантамі. З першых выстралаў яе і каня ранілі, затым дабілі.

Асобны эпізод успамінаў, які заслугоўвае асаблівай увагі, — дзейнасць валкалацкага ксян­дза Фларыяна Дроніча. Канешне, Ядвіга на той ліхалетні час з-за свайго малалецтва не магла ўсведамляць усяго таго, што рабілася тайна. А дарослыя здагадваліся. Дык вось, пры валкалацкім касцёле меліся шпіталь і прытулак. Яны ўтрымліваліся за кошт ахвяраванняў вернікаў, якія паступалі ў выглядзе прадуктаў харчавання. Звярнуліся па дапамогу і партызаны. Тут для іх пяклі хлеб, збіралі прадукты. Ксёндз разумеў, якой небяспецы падвяргае сябе, дапамагаючы партызанам, і чым гэта можа скончыцца. Аднак прасіў іх: «Калі мяне схопяць немцы, не распачынайце стральбу. У вас маці, жонкі, дзеці. Вы павінны жыць. А я прыму тое, што наканавана». І прыняў — па чыімсьці даносе фашысты арыштавалі ксяндза, адправілі ў турму ў Глыбокае, а там расстралялі за сувязь з партызанамі.

Ядвіга Міхайлаўна расказвае мне пра гэта, і ў яе вачах праступаюць слёзы: «Лічу, што ксёндз Фларыян аддаў сваё жыццё за ўсіх нас». А калі ўзгадвае пра Перамогу, яе твар асвятляецца радасцю: «Прыгожы сонечны дзень. Я гушкаюся на самаробных арэлях, калі да хаты вярхом на кані пад’язджае незнаёмая маладая жанчына. «Выходзьце ўсе з дома! Вайна скончылася! Перамога!» І тут жа заклікае ўключыцца ў рамонт шасэ, што вядзе ў Валкалаты, бо дарога была перакапана так, што нельга праехаць ні на калёсах, ні на машыне».

Праз нейкі час сталі вяртацца дадому франтавікі. Пасля вызвалення Беларусі яе бацька і старэйшы брат былі прызваны ў дзеючую армію. Маці прыпасла паўкілаграма масла на пачастунак ім. Але брат пасля вайны застаўся на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчы, а на бацьку прыйшла пахавальная. «Атрымаўшы яе, наша другая мама аднесла масла ў валкалацкую бальніцу, дзе на яго аснове прыгатавалі мазь ад каросты, — расказвала Ядвіга Міхайлаўна. — Калі б не тая мазь, можа, памерлі б і я, і сястра. Запушчаная кароста літаральна раз’ядала нам цела. А маззю залячылі».

Вельмі цяжкімі былі пасляваенныя гады. Дзяўчынка жыла то на хутары са старэйшым жанатым братам, які быў вельмі жорсткі па характары, то ў цёткі ў Паставах. Пачынаючы з дзевяцігадовага ўзросту, няньчыла чужых дзяцей, наймалася мыць бялізну, прыбіраць у дамах, абы толькі не галадаваць. Калі падрасла, знаёмая жанчына ўладкавала прыбіральшчыцай у Дом афіцэраў. Праз нейкі час стала там кантралёрам. Адпрацаваўшы дзесяць гадоў, перайшла ў кінатэатр, таксама кантралёрам. Да гэтага часу захоўвае шматлікія граматы. Выхавала годнага сына. Іван атрымаў вышэйшую адукацыю, мае прэстыжную работу, жыве з сям’ёй у Мінску і часта наведваецца да маці, дапамагае ёй.

«Толькі тыя, хто не перажыў жахаў вайны і пасляваенных цяжкасцей і не хоча пра іх ведаць, можа скардзіцца на сённяшняе жыццё, — заключыла мая субяседніца. — Зараз людзі маюць усё. І трэба даражыць мірам і спакоем у нашай краіне».

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.