В Перевозниках Поставского района появились новые жители — 40 благородных оленей. +ВИДЕО

Главное Экология

У мінулы чацвер у нашым раёне з’явіліся новыя насельнікі — сорак высакародных аленяў. За тым, як грацыёзныя прыгажуны прыбылі на новае месца жыхарства, паназіралі і карэспандэнты раённай газеты.

На новыя «кватэры» высакародныя алені дабіраліся некалькі гадзін, пераадолеўшы 180 кіламетраў. Прывезлі іх у спецыяльным прычэпе-кантэйнеры з паляўнічай гаспадаркі «Чырвоны бор» (Верхнядзвінскі раён). Быстраногія лясныя насельнікі — падарунак Наваполацкага ГАА «Інтэрсэрвіс» Пастаўскай раённай арганізацыйнай струк­туры РДГА «БТПР». Дарэчы, наш раён апошні ў вобласці, дзе пачалі разводзіць гэтых жывёл.

Не ведаю, ці то алені стаміліся ў дарозе, ці то былі напужаныя шматгалоссем, у якое злівалася гаворка тых, хто іх сустракаў (нас было каля 20-ці чалавек), але выходзіць са сваёй перавозкі яны не спяшаліся. Прыйшлося іх крыху падштурхнуць: БТПРаўцы пра­соў­валі ў акенцы драўляныя пруткі, білі далонямі па прычэпе і ўсё паўтаралі: «Ну, выходзьце! Не бойцеся!» Хвілін праз дзесяць мэта была дасягнута — з прычэпа куляй выскачыў першы алень. Яму нават не спатрэбіўся драўляны памост, прыстаўлены да кузава машыны, каб апынуцца на зямлі.

Другі, трэці, чацвёрты, пяты «срэбраны капыток» ужо скачуць па тэрыторыі вальера. Хутка ў машыне засталіся толькі тры самыя ўпартыя асобіны, але і яны ў рэшце рэшт змянілі яе на вольныя прасторы і ў хуткім часе дагналі сваіх сародзічаў, якія ўжо паспелі адбегчы ўглыб тэрыторыі і збіцца ў групы.

У раёне алені з’явіліся дзякуючы дзяржаўнай праграме «Беларускі лес» на 2016—2020 гады, згодна з якой прадугледжана рассяленне высакародных аленяў у паляўнічых угоддзях арганізацыйных структур РДГА «БТПР» з мэтай павелічэння іх папуляцыі.

— Дзякую дырэктару «Інтэрсэрвіса» Мікалаю Вараб’ю за такі шчодры падарунак, раённай уладзе — за падтрымку праекта, а таксама арганізацыям, якія дапамагалі пабудаваць вальер. Гэта лясгас, ДЭУ-33, «Сцяг Перамогі-агра». Усім паляўнічым, — пералічваў дабрадзеяў дырэктар раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Дзімітрый Крук. — Абяцаю, што ўсе асобіны будуць знаходзіцца пад пільнай увагай нашай структуры.

Сярод навасёлаў тры дарослыя самцы, астатнія — самкі і сяголеткі (так называюць жывёл, якім яшчэ няма года). Жыць яны будуць у прасторным вальеры, які раскінуўся на плошчы 13 гектараў, паблі­зу вёскі Перавознікі. На яго будаванне і абсталяванне спатрэбіўся прыб­лізна месяц. Створаны ўсе ўмовы для бяспечнага і камфортнага пражывання жывёл: тэрыторыя абгароджана высокай сеткай, выкапана сажалка, устаноўлены тры кармушкі, ёсць дрэвы і кустарнікі, у якіх алені змогуць схавацца ад лішніх вачэй. Ежу яны будуць здабываць самі. Аднак гэта не выключае абавязковай падкормкі, пра якую паклапоцяцца людзі. Яны разнастаяць рацыён аленяў сенам, сенажом і збожжам. У вальеры лясныя жыхары прабудуць паўгода, потым іх выпусцяць на вольны хлеб у дзікую прыроду.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава

Видео Натальи Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.