В Поставскую ЦРБ с гололедными травмами обратился 41 человек, еще 2 — с обморожениями. Как обезопасить себя от зимних травм?

Важное Здравоохранение

Зімой разам з цудоўнай магчымасцю пакатацца на санках, лыжах, пагуляць у снежкі існуе і вялікая рызыка атрымаць траўму. Мароз і галалёдзіца гэту рызыку значна павялічваюць. Пачынаючы з лістапада мінулага года па студзень сёлетняга ў бальніцу з галалёднымі траўмамі звярнуўся 41 чалавек, яшчэ 2 — з абмаражэннямі. Як засцергчыся ад небяспекі, правільна аказаць першую дапамогу, чытачам раёнкі расказвае ўрач-хірург Пастаўскай ЦРБ Сяргей Дацэнка.

 Правільная «экіпіроўка»

Перавагу аддавайце абутку з рабрыстай падэшвай, якая добра чапляецца за паверхню дарогі, не слізгае. Важна, каб ён шчыльна прылягаў да нагі, быў камфортны пры хадзьбе і на нізкіх абцасах. Апранацца неабходна ў цёплую зручную вопратку. Яна абавязкова павінна быць вашага памеру, не абмяжоўваць рухаў. Не забывайцеся пра пальчаткі або рукавіцы. Мала хто ведае, але без іх пераахаладжэнне надыходзіць хутчэй, чым у тым выпадку, калі чалавек знаходзіцца на марозе без галаўнога ўбору. Гэта абумоўлена тым, што цеплааддача з кісцяў рук значна вышэйшая.

Падаем па правілах

Галоўнае пры падзенні — згрупавацца і падаць на бок, ні ў якім разе не падстаўляючы руку пад тулава, галаву ці канечнасці, перакочвацца, каб спрыяць раўнамернаму размеркаванню сілавой нагрузкі. На практыцы атрымліваецца так, што чалавек спрабуе змякчыць падзенне і міжвольна выстаўляе руку. Гэта як у рускай казцы «Дачка-сямігодка»: правільны адказ на пытанне «Што мякчэй за ўсё на свеце?» — рука, бо на што чалавек не ляжа, а ўсё адно руку пад галаву кладзе. У нашым выпадку гэта аксіёма не толькі не дзейнічае, але і шкодная для здароўя. Лёгка правільна ўпасці можна толькі на словах. Насамрэч, гэта па сілах толькі чалавеку, спецыяльна падрыхтаванаму.

Пералом прамянёвай косткі сустракаецца настолькі часта (мае першае месца сярод траўм), што ў хірургаў ёсць спецыяльнае паняцце «пералом прамяня ў тыповым месцы». З асабістага вопыту. Аднойчы падчас майго дзяжурства за суткі было 10 зваротаў з названым дыягназам. Другая па «папулярнасці» траўма — пералом шчыкалаткі пры падварочванні ступні наверх, чаму вельмі спрыяе абутак на высокіх абцасах.

Траўму лепш пераацаніць

Ступень вулічнай траўмы лепш пераацаніць, чым недаацаніць. Інакш кажучы, лепш успрымайце вывіх як пералом, чым наадварот. Калі назіраюцца моцныя болі, сінякі, дэфармацыя канечнасці і іншыя прыкметы цяжкай траўмы, неабходна выклікаць хуткую дапамогу і даставіць пацярпелага ў прыёмнае аддзяленне бальніцы альбо звярнуцца да хірурга паліклінікі. Хірургі ў Пастаўскай ЦРБ дзяжураць кругласутачна. Гэта значыць, што дапамога будзе аказана ў любы час.

Не нашкодзь

Калі чалавек упаў, у нас прынята падбегчы і дапамагчы яму ўстаць. Так рабіць нельга, бо ёсць вялікая рызыка пералом без змяшчэння зрабіць змешчаным, нанесці больш істотныя траўмы, чым ужо ёсць. Асабліва небяспечна аказваць імпульсіў­ную дапамогу пры траўме пазваночніка.

Удакладніце, што баліць у пацярпелага, і толькі потым дапамажыце падняцца альбо пасадзіце на бліжэйшую лаўку. Зразумела, калі няма супрацьпаказанняў. Чалавека нельга тузаць, трэсці, упраўляць вывіхі — усю неабходную дапамогу акажуць урачы пасля рэнтгенаўскага абследавання і асабістага агляду.

Аказваем першую дапамогу

У тым выпадку, калі пацярпелы знаходзіцца далёка ад райцэнтра і ёсць імавернасць, што «хуткая» прыедзе не адразу, акажыце першую дапамогу. Калі гэта траўма канечнасці, то яе неабходна мабілізаваць (абезруховіць). Гэта робіцца для таго, каб кавалкі касцей не рухаліся, не пашкоджвалі мяккія тканкі, сасуды і нервы.

Па правілах мабілізацыі неабходна «выключыць» два суседнія суставы. Напрыклад, калі зламана перадплечча, трэба абезруховіць суставы ў локці і запясці. Зрабіць гэта можна пры дапамозе часопіса і бінта (шаліка, іншых падручных сродкаў). Пашкоджана плячо — «нейтралізуем» локцевы, прамянёвы і плечавы суставы: прывязваем, чым ёсць, руку да тулава ў класічным становішчы — рука сагнутая ў локці пад вуглом 90°C, вялікі палец уверх. У гэтай пазіцыі мышцы найбольш расслабленыя, што дазваляе пазбегнуць ускладненняў.

Пры траўме нагі фіксуем яе пад вуглом 170°C (крыху сагнутая), пад калена падкладваем якую-небудзь скамячаную рэч, прыбінтоўваем, напрыклад, да дошкі ад плота. Пры падазрэнні на траўму пазваночніка або таза палажыце чалавека на спіну на знятыя з завес дзверы ці іншую жорсткую паверхню. Калі нічога такога не знайшлося, пацярпелага можна перамяшчаць на коўдры, але абавязкова тварам уніз.

Засцерагаемся ад абмаражэння і пераахаладжэння

Абмаражэнне — гэта пашкоджанне тканак, выкліканае ўздзеяннем нізкіх тэмператур. Часцей за ўсё падвяргаюцца абмаражэнню вушы, нос, пальцы рук і ног. Пераахала­джэнне — моцнае ахаладжэнне арганізма. Аказанне першай дапамогі падчас абмаражэння зводзіцца да аднаўлення кровазвароту ў пашко­джаных тканках паступовым саграваннем. Ухутайце пашкоджаныя ўчасткі цела сухім і цёплым адзеннем (шалікам, рукавіцамі). Ні ў якім разе не расцірайце пашкоджаныя месцы снегам, асабліва, калі ён утрымлівае часцінкі лёду. Такі снег падрапае скуру, а падобныя «працэдуры» выклікаюць яшчэ і нагнаенне.

Таксама недапушчальна саграваць канечнасці каля радыятара ацяплення альбо цёплай вадой. Калі вы ўсё ж вырашылі зрабіць ванначку, тэмпература вады не павінна перавышаць 36,6°C. Абумоўлена гэта тым, што сасуды павінны адтайваць паступова, інакш яны проста «зварацца» і ніколі больш не будуць функцыянаваць. Кажучы медыцынскай мовай, наступіць некроз тканак, гэта значыць амярцвенне.

Не ўжывайце алкаголь. На марозе арганізм захоўвае цяпло, звужаючы перыферычныя сасуды, што забяспечвае прыток крыві да ўнутраных органаў і засцерагае ад агульнага пераахаладжэння. Алкаголь расшырае сасуды скуры, чым павялічвае цеплааддачу арганізма. Але сасуды гэтак жа хутка звужаюцца, як і расшыраюцца, што прыводзіць да вельмі хуткага замярзання.

Запісала Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.