Ваеннаабавязаныя запасу – пад ружжо!

Важное Общество Правовое поле

Серада. 9 раніцы. Ля будынка ФАКа сапраўдны «фестываль»: з-за машын не праехаць, з-за людзей — не прайсці. Не, тут не спаборніцтвы з вялікай колькасцю ўдзельнікаў — у будынку спартыўнай установы разгорнуты пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных запасу. Адсюль праз паўтары гадзіны яны цэнтралізавана адправяцца на ваенныя зборы ў адну з воінскіх часцей вобласці.

Ну а пакуль мужчыны рознага ўзросту (сярэдні складае 30-40 гадоў) выстраі­лі­ся ў чаргу перад аддзяленнем яўкі. Тут у іх правяраюць наяўнасць ваенных білетаў, павестак, мабілізацыйных прадпісанняў, улікова-паслужных карт. Вадзіцелі, стралкі — так у асноўным гучыць іх прызначэнне. Потым будучых салдат  суправаджаюць у аддзяленне фарміравання і адпраўкі каманд альбо ў аддзяленне рэзерву, дзе афармляюцца належныя дакументы. Калі сюды трапіў, то цалкам падпарадкоўваешся правілам ваеннага часу —  нельга нават выйсці пакурыць. Дысцыпліна. Яно і зразумела, бо яны ўжо фактычна на службе.

 Пастаўчаніна Ігара Сташулёнка папярэдне накіравалі ў рэзерв. Ён выглядае бадзёра і ахвотна дзеліцца думкамі наконт таго, што адбываецца:

— Зразумела, раптоўна сарвацца з месца досыць складана. Гэта абумоўлена тым, што ў кожнага з нас ёсць свае абавязкі і прыярытэты: сям’я, дзеці, работа. Але мы нарадзіліся і выраслі ў гэтай краіне, таму маем перад Беларуссю пэўныя абавязкі і заўсёды павінны быць гатовымі да яе абароны.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і Андрэй Навумчык. Кажучы мовай спартсменаў, ён трапіў у аснову. Мужчына мае ваенна-ўліковую спецыяльнасць майстра-наладчыка артылерыйскага абсталявання. Тэрміновую службу праходзіў 15 гадоў таму. На зборы прызываецца ўпершыню.

Хвіліны чакання — і работнік ваенкамата абвяшчае, што ўсе прайшлі аддзяленне яўкі.

—- Пастроіцца ў адну шарэнгу! — камандуе камісар раёна Мікалай Кулік.

Мужчыны ўстаюць з лавак, выцягваюцца ў струнку. Мікалай Мікалаевіч расказвае ім пра зборы, агучвае правілы паводзін і адказнасць перад законам, якая прадугледжана за іх парушэнне. Перадае слова для прывітання намесніку старшыні райвыканкама Юрыю Кісялёву.

— У нашай краіне праводзіцца маштабная комплексная праверка баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных Сіл. Не выключэнне і наш раён, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — Гэта справа адказная, інакш кажучы, справа гонару кожнага мужчыны. Я ўпэўнены, што вы выканаеце ўскладзеную на вас місію годна. Кожную хвіліну памятайце пра дысцыпліну. У тым ліку і таму, што ў вашых руках будуць баявая тэхніка і зброя. Жадаю, каб зборы прайшлі без здарэнняў, а вы вярнуліся дадому ў добрым настроі, каб вамі ганарыліся сям’я і сябры.

Не забываць пра тое, што «партызаны» (так называюць у народзе ваеннаабавязаных запасу) з’яўляюцца прадстаўнікамі як асобных працоўных калектываў, так і Пастаўшчыны ўвогуле,а таксама пра тэхніку бяспекі  прызываў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў.

Інфармацыю пра адказнасць за любыя ўхіленні ад ваенных збораў агучыў пракурор раёна Ігар Валынец. Ён нагадаў, што з пункту гледжання закону яны расцэньваюцца (у залежнасці ад ступені ўчыненага) як адміністрацыйнае альбо крымінальнае парушэнне. Азнаёміў з іншымі догмамі.

— Па сутнасці, з гэтай хвіліны вы набываеце статус ваеннаслужачага. А гэта значыць, што на вас ускладваюцца павышаная адказнасць, падпарадкаванне воінскаму статуту. Што гэта такое, вы выдатна ведаеце, паколькі праходзілі тэрміновую службу, — гаварыў Ігар Сямёнавіч. — Жадаю паспяховага праходжання ваенных збораў, узгадаць і ўдасканаліць тыя навыкі, якія маеце.

Пераклічка. Кожны, чыё прозвішча называецца, падхоплівае з падлогі свае рэчы і накіроўваецца ў аўтобус з надпісам «Заказны». На яго прыступках сумкі і рукзакі на прадмет забароненага правярае міліцыянер…

Не больш чым за суткі запасні­коў залічаць у спісы той часці, дзе ў бліжэйшы час яны павінны прайсці зборы. Завершыцца комплексная праверка штабнымі трэніроўкамі і вучэннямі рознага ўзроўню з баявой стральбой на армейскіх палігонах.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.