Учащиеся Поставской детской школы искусств имени А. Тизенгауза побывали с концертом в СШ №4

Культура Образование

У мінулы чацвер навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза пабывалі з канцэртам у СШ №4.

Канцэрт ладзіўся для вучняў пачатковых класаў, а ў якасці артыстаў выступілі іх аднакласнікі, якія навучаюцца ігры на розных інструментах: фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне, цымбалах, домры і балалайцы. Мэтай мерапрыемства было прадэманстраваць майстэрства юных музыкантаў і такім чынам заахвоціць іншых дзяцей да заняткаў музыкай.

Такія агітацыйныя канцэрты школа мастацтваў арганізуе штогод для ўсіх агульнаадукацыйных школ горада. Праходзяць яны, звычайна, у пачатку вясны. Але на гэты раз маленькія артысты і іх педагогі завіталі ў СШ №4 раней, каб адкрыць сваім выступленнем абноўленую пасля рамонту актавую залу ўстановы. Дарэчы, да яе афармлення прыклалі руку выкладчыкі яшчэ адной школы мастацтваў — імя А. Ромера, якія распісалі сцены памяшкання.

На працягу 30 хвілін у ім гучалі папулярныя творы розных жанраў: п’есы тан­цавальнага і песеннага характару, мелодыі з мультфільмаў. З дапамогай настаўнікаў дзеці падрыхтавалі 14 канцэртных нумароў, якія суправаджаліся расказам педагогаў пра прадстаўленыя музычныя інструменты.

— Пачаткоўцы ўважліва глядзелі канцэрт, — расказвала пазней намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ірына Казак. — Яно і не дзіўна: ігралі іх аднаклас­нікі, якія вельмі стараліся. Для юных музыкантаў гэта была магчымасць праявіць сябе, выступіць перад сябрамі, што здараецца нячаста. Увогуле, канцэрт атрымаўся яркім і цікавым, вучні ў зале падтанцоўвалі, апла­дзіравалі. Са свайго боку мы, педагогі, заўсёды рады жывой музыцы, паколькі ў наш час дзеці яе амаль не чуюць, а ўрокі музыкі ўключаны ў праграму толькі пачатковых класаў.

Алена Шапавалава
Фота Ірыны Казак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.