Лауреатами звания «человек года Поставщины» по итогам работы за 2018 год стали 12 человек

Главное Местная власть Общество

Сяргей Чэпік уручае пераходны вымпел дырэктару ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» Альфрэду Мальцу

У суботу ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход, прысвечаны 100-годдзю з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і падвядзенню вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу раёна за 2018 год. Таксама на свяце па традыцыі ўшанавалі тых, каму сёлета прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

Квітней, наш край!

У зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, транспарту, сферы абслугоўвання, устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у рабоце за мінулы год. Сярод запрошаных былі і ганаровыя госці — ветэраны працы, якія ў свой час шмат зрабілі для працвітання роднага краю. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў сходу звярнуўся кіраўнік раёна Сяргей Чэпік. Ён адзначыў, што сёння мы з гордасцю ўспамінаем поспехі старэйшых пакаленняў і разумеем, што абавязаны захаваць і прымножыць сфарміраваныя імі каштоўнасці і традыцыі.

— Нам ёсць чым ганарыцца, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — Працаўнікі раёна заўсёды востра адчувалі пульс часу, абаранялі Радзіму, развівалі прамысловаць, паднімалі сельскую гаспадарку. Ва ўсе часы нязменным заставалася адно — адносіны людзей да сваёй малой ра­дзімы, якая для пастаўчан не проста месца жыхарства. Гэта агульны дом, які аб’ядноўвае людзей розных лёсаў, характараў і пакаленняў у адно цэлае.

Узгадаўшы гісторыю Пастаўшчыны перыяду БССР, старшыня райвыканкама заўважыў: на працягу ХХ стагоддзя ў раёне вырасла шмат таленавітых арганізатараў вытворчасці, вядомых грамадскіх дзеячаў, славутых вучоных, пісьменнікаў, прадстаўнікоў культуры і мастацтва. Сярод іх героі Грамадзянскай вайны і Савецкага Саюза Антон Уладзіміравіч Станкевіч, Фёдар Грыгор’евіч Маркаў і Ганна Іванаўна Маслоўская, Герой Сацыялістычнай Працы Васілій Мікалаевіч Асяненка, дзяржаўныя і гаспадарчыя дзеячы Валянціна Аляксееўна Клачкова, Барыс Іпалітавіч Гаўрыльчык, Васілій Ва­сільевіч Чэпік, Міхаіл Міхайлавіч Хвастоў, Іван Пятровіч Шакола, пісьменнікі і вучоныя Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка, Аркадзій Іосіфавіч Нафрановіч, Іосіф Віктаравіч Залуцкі, Мікалай Уладзіміравіч Казаровец і многія-многія іншыя. У розныя гады аўтарытэт нашага краю ўмацоўвалі Ванда Фердынантаўна Януковіч, Эдуард Пятровіч Казура, Пётр Міхайлавіч Розынка, Баляслаў Півусавіч Шылько, Ала Эдмундаўна Кейзік, Алег Адольфавіч Валодзька і іншыя кіраўнікі розных рангаў. Амаль усе яны прысутнічалі ў зале.

Падзякаваўшы ветэранам за нястомную працу, актыўную грамадзянскую пазі­цыю і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, С. В. Чэпік падвёў вынікі 2018 года, які стаў для Пастаўшчыны дастаткова паспяховым з пункту гледжання ўстойлівага функцыянавання практычна ўсіх галін вытворчасці і сацыяльнай сферы. Летась прамысловыя арганізацыі раёна вырабілі прадукцыі ў фактычных цэнах на 165 млн рублёў. Створана 15 новых арганізацый малога бізнесу. Валавая прадукцыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў склала 64,8 млн рублёў. Экспарт тавараў, без уліку нафты і нафтапрадуктаў, — больш за 47 млн долараў ЗША, або 108% да ўзроўню 2017 года. У раёне забяспечана стабільная сітуацыя на спажывецкім рынку, выканана праграма па ўводзе жылля ў эксплуатацыю. Яго пабудавана 7726 квадратных метраў пры планавым заданні 7000 метраў квадратных. Праводзілася мэтанакіраваная работа па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне забеспячэння занятасці насельніцтва, сацыяльнай падтрымкі пажылых грамадзян, інвалідаў і мнагадзетных сем’яў. Таксама атрыманы значныя дасягненні ў адукацыі, медыцыне, культуры і спорце.

Не менш напружаным абяцае быць і 2019 год. Зусім хутка мы будзем урачыста адзначаць 610-годдзе заснавання Пастаў і 75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А гэта накладвае на ўсіх працаўнікоў краю павышаную адказнасць за выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў.

— Упэўнены, пастаўчанам па сілах справіцца з пастаўленымі задачамі і новымі працоўнымі дасягненнямі праслаўляць сваю малую радзіму, з гонарам несці эстафету старэйшых пакаленняў, — сказаў С. В. Чэпік і пажадаў усім прысутным у зале здароўя, шчасця і дабрабыту, а раёну — развіцця і працвітання.

  • Выступаюць Іна Афанасьева і шоу-балет "Ф'южн"

Словам, песняй і рублём

Урачысты сход прадоўжыла цырымонія ўзнагароджання найлепшых працаўнікоў раёна. Адкрылі яе лаўрэаты ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Кожнага з іх пад апладысменты прысутных па чарзе запрасілі на сцэну, каб уручыць дыпломы за важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і грашовыя прэміі. Затым прыйшла чарга пераможцаў раённага спабор­ніцтва. Калектывы, якія па выніках работы за мінулы год занялі прызавыя месцы ў розных намінацыях (іх спіс мы змяшчалі ў папярэднім нумары «Пастаўскага краю»), атрымалі пераходныя сцягі і пераходныя вымпелы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, Падзякі старшыні райвыканкама, дыпломы і грашовыя прэміі.

Таксама на свяце падвялі вынікі першага этапа агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах. Яго пераможцы — а гэта УП ЖКГ, Варапаеўская дыстанцыя пуці, СШ №2 і раённы краязнаўчы музей — узнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта.

Граматы і Падзякі райкама БРСМ і падарункавыя наборы ад ААТ «Пастаўскі малочны завод» атрымалі ўдзельнікі завочнага конкурсу «Лепшае сельскае падвор’е», аб’яўленага восенню мінулага года сярод маладых сем’яў, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці. Першае месца ў ім заняла сям’я Паўла і Вольгі Кеўліч з Камайскага сельсавета, на другім месцы Антон і Лілія Татун з Валкоўскага, на трэцім — Уладзіслаў і Кацярына Шаршнёвы з Навасёлкаўскага сельсаветаў.

Граматамі і Падзякамі Віцебскага абласнога аператыўнага штаба, які каардынуе і кантралюе дзейнасць студэнцкіх атрадаў, адзначаны пераможцы абласнога этапа конкурсу «Працоўны семестр-2018». Імі сталі вытворчы атрад «Мала­дзёжны», які працаваў у ААТ «Паставымэбля», і яго камісар Данііл Куцуха, Пастаўскі тэрытарыяльны штаб студэнцкіх атрадаў, штаб працоўных спраў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, сельскагаспадарчы атрад «Зорка» і экалагічны «Энтузіясты», якія дапамагалі ААТ «Хацілы-агра» і лясгасу.

Калі ўсе ўзнагроды былі раздадзены, на сцэну ў суправаджэнні шоу-балета «Ф’южн» выйшла заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, каб яшчэ раз павіншаваць працаўнікоў раёна са святам і падарыць ім сваё мастацтва і талент. Выступленне любімай многімі спявачкі, несумненна, яшчэ доўга будзе радаваць сэрца кожнага ўдзельніка злёту перадавікоў.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.