4 марта — День белорусской милиции. Владимир Ахранович, Вадим Коломиец и Роман Ясинский — участковые инспекторы Поставского РОВД

Главное Правовое поле

Прыклад эфектыўнай работы

Уладзімір Ахрановіч, Вадзім Каламіец і Раман Ясінскі — участковыя інспектары аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС. Яны абслугоўваюць тэрыторыю Камайскага, Курапольскага, Ярэўскага і Юнькаўскага сельсаветаў. Адміністрацыйныя ўчасткі ў міліцыянераў сумежныя, таму і працуюць у тандэме: дапамагаюць, падмяняюць адзін аднаго.

— Калі Раман або Вадзім у водпуску ці на выхадным і нешта здараецца на іх участках, выязджаю я, — расказваў найбольш вопытны ў групе старшы ўчастковы Уладзімір Ахрановіч. — І наадварот: няма на службе мяне — падстрахоўваюць хлопцы. Любы з нас пры неабходнасці можа ўзяць адміністрацыйны пратакол таварыша і разгледзець яго ў судзе ці ў начальніка аддзела. Заўсёды аб’ядноўваемся ў пару пры раскрыцці злачынстваў, якія здараюцца на нашай тэрыторыі і маюць грамадскі рэзананс. Разам прасцей і цікавей працаваць.

Такое ўзаемадзеянне ў службе ўчастковых наладжана паміж усімі інспектарамі. Але менавіта названы вышэй тандэм дэманструе прыклад найбольш цеснага і эфектыўнага супрацоўніцтва. Па словах часова выконваючага абавязкі па паса­дзе начальніка аддзела АПП Дзмі­трыя Салагуба, яго прадстаўнікі ініцыятыўныя, маюць добрыя паказчыкі ў службовай дзейнасці па раскрыцці злачынстваў, выяўленні і канфіскацыі ў насельніцтва самагону і прадукцыі, якая ўтрымлівае спірт, накіраванні ў лячэбна-пра­цоўны прафілакторый аматараў спіртнога.

Участковыя інспектары аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вадзім Каламіец, Уладзімір Ахрановіч і Раман Ясінскі абмяркоўваюць план сумесных дзеянняў

Кожны з хлопцаў вызначаецца высокай выканальніцкай дысцыплінай: адміністрацыйныя матэрыялы разглядае, не чакаючы апошняга дня ўстаноўленага законам тэрміну. А Уладзімір Ахрановіч, які па выніках работы за 2018 год прызнаны найлепшым участковым інспектарам райаддзела, і Вадзім Каламіец да таго ж самі арганізуюць работу з грамадзянамі, якія пражываюць на іх участках і прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя правапарушэнні: без лішніх напамінаў дастаўляюць іх на прафілактычныя камісіі, пры тым што ў РАУС ёсць чалавек, які гэтым займаецца.

Міліцыянеры падтрымліваюць пастаянную сувязь з прадстаўнікамі сельскай улады, старэйшынамі вёсак, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый на сваіх адміністрацыйных участках. Аператыўна рэагуюць на выпадкі нявыхаду на работу мясцовага насельніцтва. Пастаянна наведваюць па месцы жыхарства асоб з судзімасцю, сямейных скандалістаў і іншых падуліковых, праводзяць з імі выхаваўчыя гутаркі. Пільна сочаць за падтрыманнем грамадскага парадку ў вёсках і аграгарадках. Адным словам, робяць усё, каб жыхары невялікіх населеных пунктаў адчувалі сябе абароненымі ад злачынных замахаў і розных асацыяльных элементаў, ведалі, што ў любым выпадку іх правы і законныя інтарэсы будуць захаваны.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.