7 марта в актовом зале завода «Белит» отметили дату создания предприятия

Общество

Па працы – зарплата і заахвочванне

7 сакавіка работнікі завода “Беліт” сабраліся ў актавай зале. Нагодай для гэтага паслужыла дата стварэння прадпрыемства і свята жанчын. 

Дырэктар Андрэй Аўдзей: «Калектывам кірую ўсяго тры месяцы. Галоўнае, што зразумеў за гэты час, — абсалютная большасць з вас мае жаданне працаваць. Сумесна, упэўнены, мы зробім не адзін крок наперад. Сёння хачу падзякаваць за старанне і па выніках работы за мінулы год адзначыць тых, хто гэта заслужыў сумленным выкананнем ускладзеных абавязкаў.

Званне “Ганаровы ветэран працы завода “Беліт” (звыш 25 гадоў працоўнага стажу) прысвоена рэзчыкам матэрыялаў Ларысе Нямыцкай і Людміле Касцень, кантралёру Ліліі Бароўка. Ім уручаны адпаведныя пасведчанні і грашовая прэмія.  Да ліку ветэранаў завода (20 гадоў стажу) залічаны кантралёры Тамара Малькевіч, Ірына Півавар, рэзчык матэрыялаў Марыя Булаёнак, уборшчык памяшканняў Таіса Кішко і вартаўнік Юзэфа Курдзёнак. Адзінаццаць чалавек удастоены звання “Чалавек года УП “Завод Беліт”, дзесяць прызнаны найлепшымі рэзчыкамі матэрыялаў, фотаздымкі дванаццаці будуць занесены на Дошку гонару завода, пятнаццаці аб’яўлена падзяка дырэктара. Усім ім уручаны сертыфікаты.

Кантралёр Марына Ліпская (у цэнтры) з рэзчыкамі Людмілай Курыловіч, Русланам Спірыдовічам, Алесяй Цітовіч і Ларысай Нямыцкай

— Нядаўна перагледзелі меры стымулявання працы, — расказваў дырэктар. — Ведаю, як складана, напрыклад, рэзаць кашулі. Таму прадугледзелі дадатковыя меры заахвочвання. Напрыклад, той, хто нарэжа тону, атрымае дадаткова да асноўнай зарплаты (а яна дасягае тысячы рублёў) сертыфікат на 500 рублёў. На жаль, пакуль няма магчымасці выплачваць прэміі ў грашовым выражэнні. Але, думаю, і ў магазіне набыць неабходную рэч таксама нядрэнна. Тым больш цяпер, калі гандлёвая кропка пашырыла асартымент.


З прыходам новага кіраўніка на заводзе сталі практыкаваць спаборніцтва паміж зменамі. І яно таксама стымулюе.


Дырэктар шмат пахвальных слоў гаварыў у адрас майстроў Наталлі Крыніцкай і Юрыя Крывенькага (змены, якімі яны кіруюць, дабіваюцца найлепшых вынікаў). Увогуле, кожнаму ўзнагароджанаму кіраўнік даваў трапную характарыстыку, па чым адчувалася, што ён добра ведае людзей. Свой рабочы дзень Андрэй Мікалаевіч пачынае з абходу цэхаў. Цікавіцца справамі, любое пытанне яму можна задаць прама на рабочым месцы, не чакаючы прыёмнага дня. Калі ў каго дзень нараджэння, абавязкова павіншуе асабіста. Разам з тым больш жорсткімі сталі патрабаванні да парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, гультаёў.

Майстры змен Юрый Крывенькі і Наталля Крыніцкая з кантралёрам Ірынай Півавар (злева)

— Унас ёсць вакантныя месцы, — працягваў А. М. Аўдзей. — Мы гатовы прыняць і варапаеўцаў, якія ў сувязі з банкруцтвам дрэваапрацоўчага камбіната ў хуткім часе застануцца без работы, арганізаваць падвоз. Аднак пакуль што ніхто не прыйшоў з просьбай працаўладкаваць. Зарплату дарма не плацім, яе трэба зарабіць. І хто гэтага хоча, у таго атрымліваецца. Сённяшнія ўзнагароджанні таму сведчанне.

На завяршэнне з канцэртнай праграмай выступіў вакальна-інструментальны ансамбль “Скіфы” пад кіраўніцтвам Віктара Верацельнікава.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.