Поставское отделение круглосуточного пребывания для граждан пожилого возраста и инвалидов ТЦСОН отметило свое 15-летие.

Важное Общество

У апошні панядзелак лютага пастаяльцы гэтага аддзялення апранулі свае святочныя строі і рыхтаваліся да сустрэчы гасцей. З нагоды юбілею да іх з падарункамі завіталі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч, дырэктар ТЦСАН Дзіяна Пякарская, народны ансамбль народнай песні «Вітанне» пад кіраўніцтвам Ірыны Рагіня, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і аддзялення інвалідаў. Бабулі ў светлых хустках выглядалі памаладзелымі, пасвятлелі твары мужчын, ва ўсіх быў святочны настрой. Пад песні пра родную вёсачку, бацькоўскі дом туманіліся вочы пажылых. Маладосць, хоць і ў цяжкай працы, клопатныя і шчаслівыя гады сямейнага жыцця яны не забудуць ніколі. У кожнага з 19 пражываючых (10 мужчын і 9 жанчын) свой лёс. Але так склалася, што ўсе яны сталі адной сям’ёй, якая жыве па сваіх правілах.

Тут ёсць усё для таго, каб насельнікі адчувалі сябе добра: утульныя пакоі на 2-4 чалавек, зручныя ложкі, цёплыя і лёгкія коўдры, дывановыя пакрыцці. Але галоўнае — увага абслуговага персаналу, які ўмее слухаць, бачыць, суперажываць, абараняць. Працаваць з людзьмі ­адзінокімі, пажылымі, хворымі няпроста. Тыя, у каго не хапае цярпення і міласэрнасці, тут надоўга не затрымліваюцца. А вось повар Ганна Кухальская смачныя стравы гатуе адзінаццаты год. Меню разнастайнае, харчаванне чатырохразовае. У аддзяленні заўсёды рады спонсарскай дапамозе. Напрыклад, бульбай пастаянна забяспечвае кіраўніцтва ААТ «Хацілы-агра».

За здароўем пажылых людзей сочыць медыцынская сястра. Падтрымліваць фізічны стан дапамагаюць разнастайныя масажоры і іншыя сродкі інды­відуальнай рэабілітацыі, дзей­нічае фітабар.

Каб пастаяльцы аддзялення не сумавалі, іх прыцягваюць да заняткаў у розных гуртках. Актывізуецца жыццё з прыходам вясны. Хто мае сілы і жаданне, дапамагаюць у вырошчванні агародніны, доглядзе кветак на клумбах. Ад­дзяленне рэгулярна наведвае псіхолаг ТЦСАН. Для псіхалагічнай рэабілітацыі створана музейная экспазіцыя «Беларуская хатка», дзе інтэр’ер складаюць прадметы быту, якімі пажылыя людзі карысталіся ў маладосці.

Кожны тыдзень прыходзяць сёстры міласэрнасці, якія працуюць пры пастаўскім касцёле. Гутараць на рэлігійныя тэмы, чытаюць духоўную літаратуру, разам спяваюць песні. Напярэдадні або ў рэлігійныя святы прыяз­джаюць айцец Валерый і ксёндз Андрэй, валанцёры. Прадстаўнікі раённых арганізацый РГА «Белая Русь» і таварыства Чырвонага Крыжа прыносяць падарункі, выхаванцы дзіцячага садка і навучэнцы 4-й і 5-й школ ладзяць канцэрты, прысвечаныя каляндарным датам.

Доўгажыхарка аддзялення Ядвіга Іванаўна Собаль

Многія з пражываючых любяць спяваць. Не ўтрымаліся і на свяце, падпявалі артыстам. А потым 96-гадовая Вікторыя Віктараўна Балобан, 90-гадовая Генуэфа Іосіфаўна Апанасёнак і самі выканалі прыпеўкі. Бенядзікт Альбертавіч Аўсюк праспяваў песню, а потым расказаў некалькі гумарэсак на беларускай мове, якія яшчэ больш паднялі настрой.

А які юбілей без торта! Задзьмуць свечкі на ім папрасілі 87-гадовую Ядвігу Іванаўну Собаль, якая даўжэй за іншых (8 гадоў) тут пражывае.

— Вядома, дзяржаўны дом — не родная хата, — гаварыла загадчыца аддзялення Юлія Чалей. — Замяніць увагу блізкіх людзей цяжка. Тым не менш мы робім усё для таго, каб бабулям і дзядулям у нас было камфортна і ўтульна.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.