80-й март Геннадия Земчёнка. Бывший главный агроном района отметил юбилей

Сельское хозяйство

У мінулую пятніцу пастаўчанін Генадзій Зямчонак ледзьве паспяваў адказваць на тэлефонныя званкі. Родныя, былыя калегі, знаёмыя адрасавалі яму самыя шчырыя пажаданні з нагоды важкага юбілею — 80-годдзя з дня нараджэння.

Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Філімонаў: «Антонавіч — наш настаўнік. Многія з нас, маладыя і зялёныя, пачыналі свой працоўны шлях у сельскай гаспадарцы пад вашым кіраўніцтвам. Вы ўмелі тактоўна падказаць, накіраваць. Ад вас пераймалі прафесіяналізм, вучыліся адносінам з падначаленымі. Дзякуй за цярпенне і мудрасць. Рады, што вы па-ранейшаму цікавіцеся справамі хлебаробаў, прымаеце актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Жадаем на доўгія гады нязменных бадзёрасці, аптымізму, невычэрпнай энергіі, моцнага здароўя».

Святкаванне юбілею расцягнулася на некалькі дзён. Імяніннік асабліва радаваўся сустрэчы з былымі галоўнымі аграномамі ААТ “Хацілы-агра” і “Кураполле-агра” Вячаславам Бучам і Мікалаем Мацюшчанкам, з якімі ў свой час шчыравалі ў раслінаводстве, пад кіраўніцтвам якіх хлебаробы дабіваліся высокіх ураджаяў зерневых і зернебабовых, шмат зрабілі для развіцця раслінаводства раёна. Успамінам, здавалася, не будзе канца.

Г. А. Зямчонак нарадзіўся ў вёсцы Вештарты Навасёлкаўскага сельсавета. Выбраў для сябе сельскагаспадарчую прафесію — закончыў Смальянскі сельгастэхнікум. Яшчэ падчас вучобы дырэкцыя разгледзела ў ім задаткі арганізатара. Калі атрымаў дыплом, назначылі сакратаром камітэта камсамола навучальнай установы. Затым была работа інструктарам арганізацыйнага ад­дзела Аршанскага райкама партыі, сакратаром парткама сельгастэхнікума па падрыхтоўцы кіруючых кадраў для калгасаў і саўгасаў.

У 1972 годзе Генадзій Зямчонак вярнуўся на Пастаўшчыну. Пэўны час працаваў галоўным аграномам калгаса імя Калініна (цяпер ААТ “Ярэва-агра”), затым быў залічаны ў штат Віцебскага абласнога камітэта народнага кантролю інспектарам па Пастаўскім раёне. З 1979 года да выхаду на заслужаны адпачынак узначальваў агранамічную службу ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама.

Вопытны спецыяліст, гаспадар зямлі, добры арганізатар шчыра, самааддана кіраваў раслінаводчай галіной. Калегі сцвярджаюць, што Генадзій Антонавіч — аграном па прызванні.

Зямля — яго стыхія. І цяпер мае ўчастак, дзе вырошчвае агародніну. Любіць эксперыментаваць. Нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца навокал, з задавальненнем наведвае розныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў раёне. Мае годны працяг — сына і дачку, унукаў.

Генадзію Антонавічу пашчасціла нарадзіцца вясной, якая стала адной з яго любімых пораў года. Ад імя “Пастаўскага краю” жадаем шаноўнаму юбіляру яшчэ шмат вёснаў і летаў.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.