Большой кубок привезли воропаевские школьники с областного турнира по финансовой грамотности

Образование

Выдатныя эканамісты і даследчыкі

Галоўны прыз — Вялікі кубак — прывезлі варапаеўскія школьнікі з абласнога турніру па фінансавай пісьменнасці «Эканамічныя веды — аснова паспяховага бізнесу», які прайшоў у Віцебску.

У абласны цэнтр з’ехаліся фіналісты спаборніцтва, якія паспяхова пераадолелі два адборачныя дыстанцыйныя туры, арганізаваныя па інтэрнэце. З 74 зарэгістраваных каманд у фінал трапілі толькі навучэнцы Варапаеўскай СШ, полацкай гімназіі №2, Удзелаўскай дзіцячага сада—сярэдняй школы Глыбоцкага раёна, гімназій №2 і №9 Віцебска, СШ №1 Шуміліна, СШ №2 Сянно, Бешанковіцкай гімназіі-інтэрната і СШ №2 абласнога цэнтра. Іх чакалі яшчэ пяць конкурсных этапаў: «Медыябрэнд», «Бізнес-лато», «Топ-менеджар», «Грашовая крыжаванка» і «Што? Дзе? Калі?», падчас якіх давялося разлічваць валавы ўнутраны прадукт, адказваць на шматлікія пытанні, звязаныя з эканомікай, і расшыфроўваць эканамічныя тэрміны. Ацэньвала юных эрудытаў кампетэнтнае журы. У яго склад у ліку іншых спецыялістаў увайшоў першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Касцюкоў.

Вучні Варапаеўскай СШ Канстанцін Адамовіч, Мікіта Залецкі, Аляксандра Вырвіч, Аляксандр Галяш і Андрэй Малатоўнік з настаўнікам Аляксандрам Гарным

З усімі заданнямі варапаеўцы справіліся выдатна. Па суме балаў, набраных за першыя чатыры конкурсы, яны аказаліся лідарамі і выйшлі ў суперфінал, дзе сапернікам стала каманда СШ №2 Віцебска — пераможца ў «Што? Дзе? Калі?». У апош­нім раўндзе спаборніцтва нашы землякі не пакінулі жыхарам абласнога цэнтра ніводнага шансу на вікторыю, абыграўшы іх з лікам 3:0. Не было роўных вучням Варапаеўскай школы — а яе гонар адстойвалі 11-класнікі Андрэй Малатоўнік, Аляксандра Вырвіч, Канстанцін Адамовіч, 10-класнікі Мікіта Залецкі і Аляксандр Галяш — і ў дадатковым конкурсе «Медыякрос», дзе трэба было адгадаць 14 беларускіх і сусветных гандлёвых брэндаў. Наша дружына, якую рыхтаваў настаўнік геаграфіі Аляксандр Гарны, не дапусціла ніводнай памылкі і атрымала ў падарунак прыгожа аформленую кнігу пра гісторыю Беларусбанка. А прызам кожнаму ўдзельніку за перамогу ў турніры сталі навушнікі фірмы Sony.

* * *

Гучна заявілі пра сябе варапаеўскія і пастаўскія школьнікі і на рэспубліканскім конкурсе (канферэнцыі) даследчых работ навучэнцаў «Геаграфія ХХІ стагоддзя: погляд юнага даследчыка» ў Мінску. Тут выхаванец Аляксандра Гарнага — згаданы вышэй Андрэй Малатоўнік — атрымаў дыплом другой ступені за работу «Вызначэнне адноснага ўзроўню дэмаграфічнай пагрозы Пастаўскага раёна ў сістэме адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці», якую пісаў разам з цяпер ужо выпускніцай школы Дар’яй Конышавай. Дыпломам трэцяй ступені адзначана работа 10-класніцы Пастаўскай гімназіі Алісы Януш «Распрацоўка праекта аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання прыродна-гістарычнага комплексу «Крыжоўкі», напісаная пад кіраў­ніцтвам настаўніка Ігара Пракаповіча. Дзякуючы прадстаўнікам нашага раёна, каманда Віцебскай вобласці, у якую ўвайшла таксама школьніца з Глыбокага (у яе, як і ў Алісы, дыплом трэцяй ступені), заняла першае месца ў рэспубліцы.

Алена Шапавалава
Фота прадастаўлена Аляксандрам Гарным



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.