«Домашний торт не может быть маленьким!» Вкусные произведения искусства Анны Альховик

Важное Общество

Кулінарыя як мастацтва

З Ганнай Альховік знаёмая ўжо шмат гадоў. І не перастаю здзіўляцца багаццем яе захапленняў: можа звязаць дзівосную цацку, пашыць прыгожую рэч, вырабіць незвычайнай формы фігуркі са скручаных у спіралькі доўгіх палосак паперы (такое майстэрства называецца квілінг — аўт.). Вольны час праводзіць актыўна, з сям’ёй, наведвае канцэрты, выставы, прэзентацыі, любіць прыроду, захапляецца ёй у любую пару года.

Ганна з чырвоным дыпломам скончыла Віцебскае вучылішча кулінарыі. Прапаноўвалі застацца, але вырашыла быць бліжэй да бацькоў. Вярнулася дамоў, уладкавалася ў дзіцячы садок, дзе працуе і сёння. А вось веды, атрыманыя ў вучылішчы, спатрэбіліся: сур’ёзна занялася кулі­нарыяй, бо адчувала, што ў выпечцы, як і ў любой справе, неабходна практыка — на тэорыі не адчуеш дробязей.

Першы поспех прыйшоў не адразу. «Калі нарадзілася дачушка, складана было знайсці час для творчасці, — расказвала. — А цяпер дзяўчынка падрасла, дапамагае мне, ацэньвае работы. На Каляды вырашыла парадаваць яе казачным і ядомым домікам, які вырабіла з пернікаў. Гэту ідэю падгледзела ў еўрапейскіх кандытараў».

Звычайна выпякала па святах, для родных, сяброў ці калі збіралася ў госці. З часам стала атрымлівацца ўсё лепш. Да Ганны пачалі звяртацца з просьбай спячы торт на заказ. Тады і вырашыла аформіць рамесніцтва. Цяпер выпякае юбілейныя, дзіцячыя, вясельныя, у выглядзе цацак або канструктараў, тарты-лічбы, 3D. Практыкуе далікатныя мусавыя, якія валодаюць цудоўнымі смакавымі якасцямі. Пастаянна знаёміцца з навінкамі, да ўсяго падыходзіць творча. «Канечне, затрачваецца шмат часу. Выпечка — справа не аднаго дня, — гаворыць Ганна. — Загадзя рыхтую масцічныя элементы. (Масціка — гэта эластычная кандытарская маса на аснове цукровай пудры, якая па сваіх уласцівасцях нагадвае пластылін.) Потым выпякаю каржы, а зборка торта і яго аздабленне — самы працяглы этап. І кожны — адказны».

Жанчына аддае перавагу крэмаваму аздабленню, масціку выкарыстоўвае як дадатковыя элементы. Карыстаецца вафельнай пячаткай, якая паўнавартасна перадае малюнак па жаданні дзіцяці. Усё большую папулярнасць набывае ізамальт — замяняльнік цукру. Афармленне дамашніх тартоў па індывідуальным заказе заўсёды абмяркоўваецца. І тады ў рабоце Ганна стараецца сумясціць жадаемае і рэальнае. «Дамашні торт не можа быць маленькім, трэба памятаць пра гэта, — дзеліцца сакрэтам. — Ён складаецца з натуральных і свежых інгрэдыентаў. Летам раблю бязважкія фруктовыя, а зімой — каларыйныя, насычаныя шакаладам і арэхамі. Прадукты, якіх у нас няма, заказваю ў інтэрнэт-краме. Люблю рабіць вясельныя тарты. Дэбют адбыўся мінулай восенню — чатырохпавярховы торт вагой пяць кілаграмаў з масцічнымі архідэямі».

Безумоўна, былі ў практыцы і памылкі, але яны толькі стымулююць да самаўдасканалення. Шмат інфармацыі чэрпае з віртуальных крыніц, плануе прайсці курсы павышэння кваліфікацыі. «Калі чалавек поўнасцю заняты, яго можна лічыць шчаслівым, — гаворыць кандытар. — Безумоўна, хочацца развівацца тэхнічна. Імкнуся асвоіць новы для мяне від печыва — макарон (французскі дэсерт — аўт.) і дамашні зефір…

Натхненне не пакідае Ганну. З кожным выкананым заказам — новы прыліў сіл і энергіі, пачуццё радасці і задавальнення. Пастаянна ўзнікаюць арыгінальныя задумкі. Муж Юрый да «смачнага» захаплення жонкі ставіцца лаяльна, ва ўсім імкнецца падтрымаць. Нядаўна падарыў планетарны міксер, які змешвае прадукты любой ступені клейкасці. Работы Ганны ведаюць многія, яе тарты паехалі ў розныя куткі Беларусі, а гэта ганарова і адказна. Значыць, трэба адпавядаць, трымацца на ўзроўні. Яна і трымаецца, зазначаючы: «Калі якасна і добрасумленна выконваеш сваю працу, то не сустрэнеш ніякіх падводных камянёў. Мне ніколі не хацелася ўсё кінуць. Толькі наперад!»

Святлана Шафаровіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.