С творчеством по жизни… Владимир Мычко дружит с музыкой с детства

Важное Культура

Уладзімір Мычко на цымбалах грае з маленства. Бацька змайстраваў іх для старэйшага сына, а малодшы, Валодзя, зайграў польку на слых, чым вельмі здзівіў родных. У канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя з Мядзельшчыны сям’я пераехала ў Дунілавічы да сына, які працаваў у кузні. У 1956 годзе, калі Валодзя вучыўся ў Пастаўскім СПТВ на курсах трактарыстаў, хлопцы, якія жылі разам на кватэры, склаліся і купілі гармонік. Як самаму ўдаламу музыканту яму пасля заканчэння вучобы гэты інструмент і дастаўся, але ўсё ж больш падабаліся цымбалы.

Фота Сяргея Вшыўкава

Звыш за 30 гадоў У. М. Мычко адпрацаваў трактарыстам і камбайнерам у калгасе, а душа прасіла музыкі. У 60—70-я быў вялікі попыт на яе. Уладзімір разам з Іосіфам Бараноўскім суправаджаў народнымі мелодыямі вяселлі, юбілеі, вясковыя вечарыны. З Гена­дзем Турчыновічам з вёскі Даравое ў яго склаўся ўстойлівы дуэт. Музыкант актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці Дуні­лавіцкага СДК. У рэпертуары — народныя танцы (падэспань, кракавяк, полькі, лявоніха) і папулярныя песні («Вёсачка», «Калі б я меў златыя горы», «Касіў Ясь канюшыну», «Развітанне славянкі» і інш.). Быў кіраўніком, а цяпер — удзельнік ансамбля народных інструментаў. Разам з дырэктарам Інай Русецкай, акампаніятарам Людмілай Здраеўскай, актыўнымі ўдзельніцамі калектыву Людмілай Лашук і Ларысай Рабавай выконвае мясцовыя мелодыі. Ансамбль грае так зладжана, што ў мінулым годзе стаў лаўрэатам абласнога відэаконкурсу інструментальнай музыкі сярод фальклорных калектываў. Уладзімір Міхайлавіч — лаўрэат і дыпламант Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Ахвотна грае на падвор’і Дунілавіцкага СДК, на пляцоўцы раённага свята-конкурсу «Пастаўшчына гасцінная». Іна Русецкая адзначае, што Уладзімір Міхайлавіч, нягледзячы на стан здароўя, сталы ўзрост (яму 85), перанесеную на сэрцы аперацыю, заўсёды ў добрым настроі, жартуе, сыпле прымаўкамі, ніколі не адмаўляе ў дапамозе падчас мерапрыемстваў. Даў згоду і на сустрэчу з работнікамі Беларускага тэлебачання для праграмы «Маршрут пабудаваны».


У вольны час займаецца вырабам цымбалаў. Інструменты народнага майстра знаходзяцца ў адным з мінскіх музеяў, гучаць у Шаркаўшчынскім раёне, на гарадоцкай зямлі


Сярод 4 унукаў і 3 праўнукаў музыканта, на жаль, не знайшлося прадаўжальнікаў музычнай дынастыі, але затое ў яго ёсць вучні. Адна з іх, Ульяна Зямчонак, жыве ў Мінску і грае ў аматарскім аркестры. Не засталіся абыякавымі да мастацтва і многія іншыя. Пра выканальніцкую манеру Уладзіміра Міхайлавіча расказала ў сваёй кнізе «Народная інструментальная культура беларускага Паазер’я» мастацтвазнаўца Альбіна Скарабагатчанка. Прэзентацыя гэтага цікавага выдання, дзе змешчана шмат матэрыялаў пра традыцыйную музыку і музыкаў Пастаўшчыны, адбылася на адным з нашых фестываляў.

У сталым узросце жыццё падаравала Уладзіміру Міхайлавічу сустрэчу з мілай і разважлівай жанчынай. Утульна і па-душэўнаму цёпла ў іх гасцінным доме. Хай доўга жыве тая самабытная народная творчасць, носьбітамі якой з’яўляюцца такія апантаныя, шчырыя сэрцам людзі, як Уладзімір Міхайлавіч Мычко.

Людміла Чатовіч, супрацоўнік ЦКНіТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.