Комбайнер ОАО «Новоселки-Лучай» Виталий Смолко — лучший среди старших комбайнеров молодежных экипажей

Главное Сельское хозяйство

Давер апраўдвае

Па выніках раённага спаборніцтва на мінулагоднім жніве камбайнеру адкрытага акцыянернага таварыства «Навасёлкі-Лучай» Віталію Смолку прысуджана першае месца сярод старшых камбайнераў маладзёжных экіпажаў. На КЗС-1218 «Палессе» за сезон ён намалаціў 953 тоны збожжа.

А вось на ўрачыстасць з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ехаў без асаблівай ахвоты. Падымаўся на сцэну, атрымліваў Ганаровую грамату і віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама Генадзія Лютынскага, а думкі былі пра самую важную і адказную падзею, якая чакала яго на наступны дзень, — вяселле.

З Алёнай Махнач два гады разам вучыліся ў Дунілавіцкай сярэдняй школе, куды Віталій прыйшоў у дзясяты клас з Лукашоўскай. Пра свае пачуцці сказалі адно аднаму на раённым балі, прысвечаным апошняму званку, пасля якога кожны пайшоў сваёй жыццёвай дарогай. Дзяўчына паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт, Віталія прызвалі на тэрміновую службу ў армію. Праходзіў яе ў 103-й віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Каханая пры першай магчымасці бегала да яго на спатканні. Сяброўства расцягнулася на доўгія сем гадоў.

Механізатар Віталій Смолка (злева)

У мінулым годзе, калі Алёна закончыла інтэрнатуру і па размеркаванні прыехала на работу ў Навадруцкую бальніцу сястрынскага догляду, прынялі рашэнне пажаніцца. Цяпер маладая сям’я жыве ў Парыжы. Не ў французскім, але гэта ніколькі не ўплывае на пачуцці закаханых. Чаму выбралі Парыж? Таму што так зручна для Алёны. Зімовымі дарогамі Віталію прасцей пераадольваць 30 кіламетраў да работы ў Навасёлках, чым адпраўляць у такі шлях маладую жонку. У выхадныя дні наведваюцца то да Алёніных бацькоў у Дунілавічы, то да Віталевых у Цешалава.

Кваліфікацыі вадзіцеля, слесара, трактарыста-машыніста Віталій атрымаў у Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Тут жа сёлета завочна заканчвае вучобу на другой ступені па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» (кваліфікацыя «Тэхнік-механік»).

Жніво любіў з дзяцінства, і да камбайна цягнула. Дзевяць сезонаў быў памочнікам у бацькі Аляксандра Віктаравіча. Самастойна кіраўніцтва гаспадаркі даверыла працаваць у 2017-м. І хлопец апраўдаў давер — намалаціў 1253 тоны збожжа і выйшаў на першае месца сярод маладзёжных экіпажаў.

У той год вырас добры ўра­джай, — успамінаў Віталій. — На круг выходзіла ў сярэднім па 43 цэнтнеры. Працавалася ахвотна. І намалот парадаваў. Летась з-за неспрыяльных умоў надвор’я атрымалі толькі па 35,3 цэнтнера з гектара. У выніку і на маім рахунку менш тон. У першы год я абышоў бацьку, на гэты раз ён мяне — здаровы дух саперніцтва. А сярод маладзёжных экіпажаў раёна найлепшы вынік у мяне. Буду старацца не саступіць першынства.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.