Мелодии родного края. В доме ремёсел открылась выставка местных художников-самоучек Виктора Писарчика и Янины Лимановской

Культура

Мелодыі роднага краю

Такую мілагучную назву мела імпрэза, якая адбылася ў сярэдзіне сакавіка ў Доме рамёстваў «Стары млын» і была прысвечана Году малой радзімы.

Выстава-прысвячэнне сабрала шмат прыхільнікаў прыгожага, якія прыйшлі палюбавацца карцінамі мясцовых мастакоў-самавучак Віктара Пісарчыка і Яніны Ліманоўскай. Абое любілі маляваць з дзяцінства, але гэта захапленне ні ў аднаго, ні ў другой не перарасло ў прафесію. Віктар Эдвардавіч працаваў вадзіцелем у райцэнтры, а Яніна Баляславаўна — настаўніцай біялогіі ў Варапаеўскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Новы імпульс займацца жывапісам атрымалі на пенсіі, калі з’явілася больш вольнага часу для любімага занятку.

— Знешне не падобныя карці­ны нездарма аб’яднаны ў адну выставу: кожная з іх пяе гімн Бацькаўшчыне, азорана ўзнёслым святлом таленавітых лю­дзей, якія прапускаюць прыгажосць мясцін і падзей праз сваю тонкую, як скрыпка, душу і выказваюць асабістыя пачуцці і ўражанні ў мастацкіх працах, — прэзентавала экспазіцыю дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух. —  Работы Віктара Эдвардавіча і Яніны Баляславаўны шчыра і па-майстэрску даносяць непаўторнасць кожнага моманту жыцця, услаўляюць прыгажосць Пастаўшчыны.

Большасць работ Віктара Пісарчыка — пейзажная лірыка. На іх з дапамогай яркай па­літры фарбаў адлюстравана хараство прыроды. Гэта і лясныя сцяжынкі, і вадаёмы, і палі ў розную пару года. Яго работы нечым нагадваюць творчасць майстра «пейзажнага настрою» Левітана, а карціны «марской» тэматыкі — мастака-марыніста Айвазоўскага. Прывабліваюць сваёй прыгажосцю і карціны — жывапіс і батык — Яніны Ліманоўскай. На яе палотнах —  краявіды родных  мясцін, архітэктура. Але больш за ўсё  бударажаць уяўленне разнастайныя кветкі. Тут і ружы, і півоні, і цюльпаны. А букет лугавых кветак ажно захацелася паднесці да твару, каб адчуць спякотны водар лета.

Каб наведвальнікі выставы змаглі як мага глыбей прасякнуцца творчасцю мастакоў, даведацца іх біяграфіі і тое, адкуль чэрпаюць натхненне, што любяць пісаць, вядучая сустрэчы прапанавала творцам расказаць пра сябе. Зрабілі яны гэта вельмі шчыра, па-простаму, з заўважным хваляваннем. Яно і не дзіўна, бо для В. Пісарчыка гэта выстава — першая ў жыцці. У адрозненне ад яго Я. Ліманоўская ўжо выстаўляла свае работы на суд шырокай публікі, але і яна з хваляваннем чакала ацэнкі сваёй творчасці гледачамі. І асабліва — выкладчыкамі дзіцячай школы мастацтваў, якія калісьці дапамагалі ёй рабіць першыя сур’ёзныя крокі ў выяўленчым мастацтве.

Хвалюючым і пранікнёным упрыгажэннем імпрэзы сталі выступленні нашых вядомых землякоў — паэта Ігара Пракаповіча і кампазітара Людмілы Логінавай, вядомых, дзякуючы свайму таленту і творчасці. Ігар Міхайлавіч падзяліўся ўражаннямі ад выставы, паразважаў пра творчасць і след, які пакідае чалавек пасля сябе на зямлі, прадэкламаваў свае вершы, прысвечаныя Ра­дзіме. Людміла Леанідаўна выканала некалькі песень, музыку  якіх яна напісала на словы  Ігара Пракаповіча.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.