На отметку «отлично» работает водитель «Амкодора» Александр Дунец

Важное Общество

З намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ўнітарнага прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна» Міхаілам Кабайлам пад’язджаем да парка паміж мікрараёнамі вуліц Юбілейнай і 5 гарадка. Тут ідзе выкарчоўка пнёў спілаваных раней дрэў.

— Адразу бачна, што на «Амкадоры» — прафесіянал! — зазначае Міхаіл Ананьевіч. — Нездарма ўдастоены звання “Чалавек года Пастаўшчыны-2018”.

Знаёмімся з лаўрэатам. Аляксандр Дунец пра сябе гаварыў сціпла. Фатаграфавацца адзін не хацеў, а прапаноўваў разам з майстрам Мікалаем Кісялёвым, вадзіцелем міні-пагрузчыка Алегам Васкрасенскім і іншымі рабочымі, якія падчышчалі рэшткі галінак, каранёў. Пераконваў: «Стараемся ўсе аднолькава».

Вадзіцель Аляксандр Дунец

У працоўнай кніжцы Аляксандра адзін запіс — пасля заканчэння Відзаўскага прафтэхвучылішча ўладкаваўся ў ЖКГ слесарам па рамонце тэхнікі. Затым працаваў трактарыстам, машыністам бульдозера, а з 2008 года — вадзіцель пагрузчыка. Яго «Амкадору» 11 гадоў, але ў гаспадарскіх руках Аляксандра шматфункцыянальная тэхніка надзейна служыць на розных участках, незаменная пры расчыстцы снегу, перавозцы сыпкіх і будаўнічых матэрыялаў, на ўборачных работах.

«Высокакваліфікаваны, адказны, дысцыплінаваны работнік, добра ведае замацаваную тэхніку, утрымлівае яе ў спраўным стане, — чытаю радкі з характарыстыкі Аляксандра. — За мінулым год перавёз 4,32 тысячы ку­бічных метраў шчапы. План перавыканаў на 120%, эканомія паліва — 17%. Заўсёды ўраўнаважаны, пазітыўны. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калег. Неаднойчы прызнаваўся лепшым па прафесіі сярод работ­нікаў ЖКГ, узнагароджваўся Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта, упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама».

Развіталіся з работнікамі, якія добраўпарадкоўвалі парк. Яшчэ некаторы час я назірала за работай тэхнікі. “Амкадор” віртуёзна манеўраваў паміж соснамі і бярозамі, збіраў вя­лізныя пні, доўгае карэнне і загружаў у прычэп аўтамабіля. Тэрыторыя паступова набывала прыгожы выгляд. У будучым тут будзе прыемна гуляць дзецям, адпачываць дарослым.

 Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.