«Не держите зла! Держите шарик!» В поставских яслях-саду №1 завершилась Неделя толерантности

Общество

Акцыяй пад такім лозунгам завяршыўся тыдзень талерантнасці, які праходзіў з 11 па 15 лютага ў пастаўскіх яслях-садзе №1 («Крынічка»), што ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай.

Ужо другі год педкалектыў садка працуе над творчым праектам па пераадоленні парушэнняў маўлення ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўмовах інтэграванай групы. (Такіх груп у «Крынічцы» тры, у кожнай з іх сацыялізуюцца па чатыры асаблівыя малышы.) Праект накіраваны на пошук новых эфектыўных форм узаемадзеяння з бацькамі такіх дзетак. Адной з іх і стаў названы вышэй тыдзень талерантнасці.

— З панядзелка па пятніцу мы распланавалі мерапрыемствы па фарміраванні талерантнай самасвядомасці педагогаў, бацькоў і дзяцей, — расказвала аўтар ідэі тыдня і яго галоўны арганізатар — настаўнік-дэфектолаг Юлія Валабуева. — Сярод іх былі семінар для педагогаў з прадастаўленнем магчымасці адчуць сябе на месцы чалавека з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, сумесная творчасць бацькоў і дзяцей, якім прапаноўвалася намаляваць, як яны бачаць і разумеюць талерантнасць. Таксама ў бацькоўскіх кутках груп сада мы размясцілі інфармацыю пра тое, як выхаваць талерантную асобу дзіцяці ў сям’і.

Акрамя таго, тыдзень суправаджаўся невялікімі акцыямі пад назвай #эстафета_дабра. У панядзелак на сценах усіх лесвічных пляцовак дашкольнай установы з’явіліся аб’явы з заклікам зрабіць добры ўчынак: сказаць камусьці «люблю» або камплімент, падзякаваць блізкім, абняць сяброў і г.д. Кожны наведвальнік мог выбраць тое, што яму бліжэй, ну а далей усё залежала толькі ад яго самога. Калі ў пачатку тыдня дзеці і дарослыя неахвотна разбіралі такія аб’явы, то ў пятніцу іх амаль не засталося.

Заключным акордам тыдня стала акцыя па раздачы выхаванцам садка і іх бацькам рознакаляровых паветраных шарыкаў з эмблемай эстафеты дабра. Яе галоўнымі героямі выступілі Маша і Мядз­ведзь, ролі якіх выканалі Юлія Валабуева і выхавальнік Наталля Балобан. Кожнай сям’і казачныя персанажы ўручалі два шарыкі, адзін з якіх трэба было перадаць знаёмаму або выпадкова сустрэтаму на вуліцы чалавеку.

— Такім чынам мы хочам, каб наша эстафета дабра выйшла за межы дзіцячага сада і пра яе даведалася як мага больш пастаўчан, — патлумачыла Юлія Мікалаеўна. — Магчыма, гэта натхніць кагосьці яшчэ на добрыя ўчынкі, а саму эстафету падхопяць іншыя ўстановы горада.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.